Свята-Міхайлаўская царква (Сынкавічы)

(Пасля перасылкі з Сынкавіцкая царква)

Царква Святога Архангела Міхаіла (Міхайлаўская царква) — царква ў вёсцы Сынкавічы, адзін з самых ранніх гатычных праваслаўных храмаў Беларусі.

Славутасць
Царква Святога Міхаіла
Міхайлаўская царква ў Сынкавічах
Міхайлаўская царква ў Сынкавічах
53°07′23,20″ пн. ш. 25°09′25,10″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Вёска Сынкавічы
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Гродзенская і Ваўкавыская епархія
Благачынне Зэльвенская 
Архітэктурны стыль Готыка
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 410Г000282шыфр 410Г000282
Матэрыял цэгла
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

РазмяшчэннеПравіць

Царква знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі Сынкавічы Зэльвенскага раёна Рэспублікі Беларусь, у 15 км на захад ад Слоніма.

ГісторыяПравіць

 
Свята-Міхайлаўская царква

На фасадзе выяўлены літары, выкладзеныя перапаленай цэглай, якой славяне раней пазначалі лічбы. Гэтыя надпісы можна трактаваць як 320, хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра 1320 год[1].

Існуе легенда, што Сынкавіцкую царкву заснаваў вялікі князь Вітаўт у падзяку за тое, што ў мясцовых лясах ён уратаваўся ад пагоні Ягайлы. Аднак сучасныя мастацтвазнаўцы і гісторыкі архітэктуры сыходзяцца ў меркаванні, што храм быў пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя магчыма на сродкі вялікага гетмана Літоўскага Канстанціна Астрожскага, фундатараў падобных Траецкай і Прачысценскай цэркваў у Вільні.

У 1880—1881 гадах па праекце інжынера Івана Трубнікава храм быў рэканструяваны: заменены дах, пабудаваны прытвор і купал над апсідай, разабраны купал над цэнтральнай часткай храма[2].

У 1891 годзе перад храмам ўзведзена бутава-цагляная двух’ярусная чатырохгранная званіца, адноўленая ў 2007 годзе. У 1926 годзе царква стала філіялам навіцыяту езуіцкай місіі ў Альбярціне (Слонім) і цэнтрам грэкакаталіцкай парафіі. Зноў адкрыта як праваслаўная ў 1988—1990 гадах.

У 2011 годзе на паўднёвай сцяне храма пад слаямі фарбы і тынкоўкі былі знойдзены старажытныя графіці, якія ўтрымліваюць цытату з Евангелля на старажытнагрэчаскай мове[1].

АрхітэктураПравіць

 
Свята-Міхайлаўская царква на паштовай марцы
 
Царква Святога Міхаіла

У плане ўяўляе сабой крыху перакошаны чатырохвугольнік памерам 17,5х13 м з трохнефавым чляненнем. Усе нефы маюць амаль аднолькавую шырыню — 4 м. Таўшчыня сцен дасягае 1,5 м. Высокі двухсхільны дах надае будынку стройнасць і лёгкасць. Чатыры вежы, размешчаныя па вуглах, адрозніваюцца памерамі і архітэктурнымі формамі. Дзве заходнія вежы стаяць на квадратных фундаментах, з трох бакоў іх падтрымліваюць контрфорсы. Верхняя частка вежаў — васьміграннік з трыма ярусамі байніц. Дзве ўсходнія вежы маюць цыліндрычную форму, тут таксама ёсць байніцы. У вежах знаходзяцца лесвіцы, якія некалі вялі да байніц, размешчаных у франтоне. Верхняя частка сцен, акрамя ўсходняй, ахоплена магутнай аркатурай, якая трымаецца на ступеньчатых убудаваных кранштэйнах. У прамежках паміж аркамі знаходзяцца акруглыя байніцы, над імі зроблены назіральныя адтуліны. Гэта дазваляла абаронцам храма сачыць за дзеяннямі праціўніка і весці агонь на большыя адлегласці. Байніцы былі зроблены ў першую чаргу для абароны. Акрамя таго, яны з'яўляюцца важным элементам і сродкам упрыгожвання храма. Асабліва ўмацавана заходняя сцяна царквы. У шчыце франтона зроблены байніцы. У верхняй частцы выкарыстаны «ліхтарык» — своеасаблівы і рэдкі архітэктурны элемент, які выконваў ролю назіральнага пункта.

У архітэктуры выяўляюцца рысы раманскага і гатычнага стыляў. У шчыце франтона неглыбокія, розныя па форме і памерах атынкаваныя і пабеленыя нішы. Яны здымаюць уражанне цяжкаватасці і масіўнасці, надаюць будынку яркасць і лёгкасць. На усходніх вежах і алтарных апсідах прыблізна на вышыні 3 м знаходзіцца дэкаратыўны паясок у выглядзе плоскай рэльефнай аркатуры з паўцыркульных арак раманскага тыпу, якія абапіраюцца на маленькія кранштэйны. Гэта ўпрыгажэнне арганічна спалучаецца з арачным поясам байніц. Высокі конусападобны дах над алтарнымі апсідамі адпавядае форме ўсходняга франтона. Выразнымі элементамі готыкі з'яўляюцца стрэльчатыя аркі аконных праёмаў з жалезнай агароджай, зорчатыя скляпенні правай апсіды храма і высокі двухсхільны дах.

Невялікая перакошанасць плана будынка, некаторая скрыўленасць восі апсід у адносінах да нефаў даюць падставы меркаваць, што храм узводзілі мясцовыя майстры, якія выкарыстоўвалі для разбіўкі плана простыя, не вельмі дакладныя вымяральныя інструменты.

 
Скляпенні царквы

У дакуменце 1760 года паведамлялася, што царква была закладзена ў перыяд кіравання каралевы Боны, паміж 1518 і 1556 гг. У "Акце візітацыі сынкавіцкага храма за 1760 г. " адзначана, што пасярэдзіне даху царквы знаходзіўся вежападобны купал з жалезным крыжам. Купал існаваў да канца XVIII ст. і знік, верагодна, пад час аднаго з рамонтаў. Маюцца звесткі пра тое, што ў кожнай вуглавой вежы быў склеп. У 1760 годзе ужо існаваў мураваны бабінец.

Інтэр'ерПравіць

У інтэр'еры чатыры васьмігранныя слупы падзяляюць прастору храма на нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі з нервюрамі. Цэнтральная і паўночная апсіды перакрыты крыжовымі, паўднёвая — зорчатымі скляпеннямі. Сцены атынкаваны і расчлянёны прамавугольнымі лапаткамі, аб'яднанымі з слупамі падпружнымі аркамі. Унутры вежаў вітыя ўсходы, што злучаюць залу з паддашкам, на якім размяшчаўся абарончы ярус царквы. Абраз 1-й чвэрці 19 ст. «Святыя Касма і Даміян». Пастаўлены ў 1-ярусны іканастас.

Перад храмам бутава-цагляная двух'ярусная чатырохгранная званіца, завершаная шатровым дахам.

Зноскі

  1. а б Ірына ПРЫМАК, Аляксандр ЧАРНУХА. Як рэстаўрацыя “састарыла” царкву.. — Народная газета.
  2. Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 79

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць