Соценны брэйк (снукер)

(Пасля перасылкі з Сэнчуры-брэйк, снукер)

Соценная серыя (англ.: сеntury break), або «Сэнчуры» — снукерная серыя, роўная 100 і больш ачкам. Іншымі словамі, соценная серыя — гэта набор 100 і больш ачкоў за адзін падыход да стала без допуску памылак. Такім чынам, гулец выконвае яе, па чарзе забіваючы чырвоныя і каляровыя шары. Набор 100 балаў на працягу ўсяго фрэйма не з’яўляецца «сэнчуры», бо трэба набраць ачкі за адну серыю. Ачкі, якія налічваюцца за памылку суперніка, не ўваходзяць у брэйк гульца.

Максімальна магчымая соценная серыя — 147 ачкоў («максімальная серыя»), яна складаецца з 15 чырвоных, 15 чорных і 6 апошніх каляровых шароў (жоўтага, зялёнага, рудога, сіняга, ружовага і чорнага), забітых па чарзе. Тэарэтычна магчыма набраць больш за 147 ачкоў, калі гулец пасля памылкі суперніка пачынае серыю са «свабоднага шара».

Для таго, каб у гульца была магчымасць зрабіць соценную серыю, на стале перад падыходам павінна заставацца 10 чырвоных шароў (ці 9 у выпадку са «свабодным шарам»). Калі на стале застаецца 9 чырвоных шароў, то максімальна магчымая серыя — 99 ачкоў (9 x 8 + 27 = 99).