Сэрца на далоні

раман беларускага пісьменніка Івана Шамякіна

«Сэ́рца на дало́ні» — раман беларускага пісьменніка Івана Шамякіна.

Сэрца на далоні
Жанр раман
Аўтар Іван Шамякін
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1960
Дата першай публікацыі 1964
Выдавецтва Полымя

Іван Шамякін працаваў над раманам у 1960—1963 гадах. Спачатку ён быў надрукаваны ў часопісе «Полымя», а ў 1964 годзе з'явілася яго асобнае выданне.

Па матывах рамана ў 1964 годзе на Беларускім тэлебачанні выйшла інсцэніроўка «Сэрца на далоні» (рэжысёр Віктар Карпілаў).

За раман «Сэрца на далоні» Іван Шамякін атрымаў у 1967 годзе літаратурную прэмію імя Якуба Коласа.

Падставы напісанняПравіць

Другая палова 1950-х і першая палова 1960-х гадоў сталі ў Савецкім Саюзе часам перамен у грамадстве, часам выкрыцця культу асобы Іосіфа Сталіна, аднаўлення ленінскіх нормаў жыцця, якія на той час падаваліся дэмакратычнымі. Гэты час называюць «хрушчоўскай адлігай», бо ў 1956 годзе, пасля дакладу Мікіты Хрушчова «Аб кульце асобы і яго наступствах» на XX з'езде КПСС, у грамадстве «пацяплела»: адбывалася своеасаблівае «ўзвышэнне чалавека», зварот да паказу жыцця простых людзей, іх надзённых клопатаў, удзелу ў грамадскім жыцці. Многія тады пранікліся верай у магчымасць пабудовы ў краіне самага справядлівага камуністычнага грамадства, усе члены якога будуць жыць па прынцыпах маральнага кодэксу будаўніка камунізму. Пісьменнікі шмат пісалі пра тое, што быць будаўніком новага грамадства абавязаны кожны грамадзянін, што кожны чалавек варты ўвагі і павагі. Асуджэнне культу асобы павінна было прывесці да таго, каб рэпрэсіі і беззаконне не паўтарыліся ў будучым. Апісваючы тагачасны перыяд у жыцці грамадства, Іван Шамякін скіраваў увагу на найбольш вострыя праблемы: жаданне ведаць праўду пра недалёкае мінулае (ваеннае і пасляваеннае), надзеі на дэмакратызацыю сістэмы грамадскага жыцця.

Вобразы-сімвалыПравіць

Назва твору мае сімвалічнае значэнне. Сэрца на далоні — гэта сімвал пераасэнсавання жыцця, дэмакратычных змен у грамадстве, якое пазбаўляецца ад спадчыны часоў культуры асобы. Выздараўлівае не толькі хворае сэрца галоўнай гераіні Зосі Савіч, выздараўлівае і ўсё грамадства.

Вобраз Зосі Савіч з'яўляецца абагульненым вобразам усяго беларускага народа. Гэтая жанчына прайшла праз фашысцкі палон і высылку ў Сібір па ілжывым даносе, але тым не менш захавала чалавечнасць, дабрыню і веру ў людзей. Лёс гэтай жанчыны — гэта лёс народа, які выстаяў у гады вайны і часы сталінскіх рэпрэсій.

Цікавыя фактыПравіць

Правобразам доктара Савіча ў рамане «Сэрца на далоні» быў Яўген Клумаў, беларускі акушэр-гінеколаг, Герой Савецкага Саюза (1965), кандыдат медыцынскіх навук, прафесар, удзельнік Мінскага падполля[1].

Зноскі