Сэ́тльмент[1] (англ.: settlement — паселішча) — асобы раён у горадзе, які ствараўся ў залежных краінах імперыялістычнымі дзяржавамі для пражывання іх падданых. Найбольш вядомыя адасобленыя кварталы ў цэнтры некаторых буйных гарадоў Кітая у XIX — пачатку XX стагоддзяў, якія здаваліся ў арэнду замежным дзяржавам.

Сэтльменты карысталіся правам экстэрытарыйнасці і ахоўваліся паліцыяй і ўзброенымі сіламі дзяржавы-арандатара. Нягледзячы на тое, што часта да 95-97 % жыхароў сэтльментаў складалі кітайцы, на іх тэрыторыі не дзейнічалі кітайскія законы, а кітайцы не мелі права набываць размешчаную ў сэтльменце нерухомасць.

Адны з самых буйных і вядомых сэтльментаў у Кітаі знаходзіліся ў Шанхаі: англа-амерыканскі міжнародны (тэрыторыя Шанхайскага муніцыпальнага савета, гл. Банд) і французскі сэтльменты (Шанхайскі міжнародны сэтльмент), таксама вядомы востраў Шамянь у Гуанчжоу. Гэтыя тэрыторыі сёння ператварыліся ў галоўныя турыстычныя зоны гэтых гарадоў.

Канчаткова сэтльменты перайшлі пад юрысдыкцыю Кітая ў 1943 годзе.

Зноскі