Сюжэтна-тэматычная карціна
Сюжэтна-тэматычная карціна — паняцце, якое ўзнікла ў савецкім мастацтвазнаўстве і мастацкай практыцы 1930-х гг., абазначаючы спалучэнне традыцыйных жанраў жывапісу (бытавога, гістарычнага, батальнага, кампазіцыйнага партрэта, пейзажа і інш.). Гэты тэрмін азначаў стварэнне маштабных твораў на сацыяльна значныя тэмы, напрыклад, пра рэвалюцыю, Грамадзянскую вайну, пазней — пра Вялікую Айчынную вайну, сацыялістычнае будаўніцтва ў горадзе і вёсцы, барацьбу за мір і інш., дзе выразна акрэслена фабула і сюжэтнае дзеянне, звычайна ўвасобленае ў шматфігурнай кампазіцыі[1].

Сюжэтна-тэматычная карціна лічылася неад’емнай часткай і вяршыняй сацыялістычнага рэалізму, неабходным прадуктам рэалістычнага метаду, увасабленнем прынцыпу «адлюстравання жыцця ў яго рэальных формах». Яна мела ўнутраную манументальнасць, якая адрознівала яе ад традыцыйных камерных жанраў, дзе ўвага мастака была засяроджана на асобным аб’екце, напрыклад, пейзажы, нацюрморце або партрэце, але адсутнічала агульнае дзеянне, шырокая мастацкая задума і выразны ідэйны стрыжань[1].
Савецкая эстэтыка пашырала паняцце сюжэтна-тэматычнай карціны і на мінулыя эпохі, уключаючы ў гэтую катэгорыю працы Дыега Веласкеса, Эжэна Дэлакруа, Карла Брулова, Аляксандра Іванова, Ільі Рэпіна, Васіля Сурыкава, што павінна было заахвочваць сучасных мастакоў да стварэння буйнамаштабных палотнаў[1].
Сярод жанраў савецкага жывапісу сюжэтна-тэматычная карціна лічылася найбольш прэстыжнай, найбольш высока аплачванай пры дзяржаўных заказах і закупках, а таксама займала цэнтральнае месца на мастацкіх выставах. Гэты жанр стаў супержанрам, бо мог уключаць як гістарычную карціну, так і твор на сучасную тэматыку[1].
У мастацкай тэрміналогіі сюжэтна-тэматычная карціна часта азначала фігурную кампазіцыю, бо яе сутнасць была немагчымая без персанажаў і выразных сцэн. Незалежна ад таго, ці быў сюжэт заснаваны на падзеях мінулага ці сучаснасці, галоўную ролю ў кампазіцыі адыгрываў дзейны чалавек (герой або антыгерой), праз якога развівалася сюжэтнае дзеянне, сутыкненне характараў і псіхалагічныя акцэнты, якія мабілізавалі грамадскую свядомасць[1].
Сярод мастакоў, якія зрабілі значны ўклад у развіццё сюжэтна-тэматычнай карціны, можна адзначыць Б. У. Іаганcана, У. А. Сярова, А. П. і С. П. Ткачовых, В. І. Іванова, Б. С. Угарава, Я. Я. Майсеенку, Т. Т. Салахава, Г. М. Коржава і іншых[1].