Сябрына (Вільня)
«Сябрына» — клуб у Вільні, яднае аматараў беларускай культуры.
Заснаваны ў 1987 годзе пры Літоўскім рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў. Аб’ядноўвае больш за 200 чалавек розных нацыянальнасцей. Асноўная мэта — зберагчы на літоўскай зямлі беларускія звычаі, беларускую мову, народныя песні, адрадзіць беларускія святы, народныя гульні. Праводзіць сустрэчы з беларускімі вучонымі і дзеячамі культуры, гісторыкамі, мастацтвазнаўцамі, філолагамі, пісьменнікамі. Арганізоўвае вечарыны, прысвечаныя гістарычным і культурным датам Беларусі, сустрэчы-вечарыны на святы, канцэрты, выстаўкі маладых беларускіх мастакоў — т. зв. «беларускі куток» на штогадовым літоўскім свяце-кірмашы «Казюкас». Для дзяцей горада праводзіць навагоднія і іншыя святы на беларускай мове. Па ініцыятыве клуба «Сябрына» на літоўскім радыё арганізавана і вядзецца на беларускай мове перадача «Беларускае слова на хвалях Літвы», у газеце «Lietuva» («Літва») выходзіць старонка клуба — «Пагоня». 3 1990 на літоўскім тэлебачанні заснавана перадача «Запрашае „Сябрына“», якая выходзіць у эфір 2 разы на тыдзень. Падтрымлівае цесныя сувязі з Беларускім фондам культуры, згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтрам імя Ф. Скарыны. Пры клубе дзейнічае аднайменны хор беларускай народнай песні.
Літаратура
правіць- «Сябры́на» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 333. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Спасылкі
правіць- https://siabryna.lt/ Сайт клуба