Сядзіба Кеневічаў (Дарашэвічы)

Сядзіба Кеневічаў — колішняя сядзіба ў в. Дарашэвічы (каля пасёлка Славінск) Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Сядзібны парк з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.

Славутасць
Сядзіба Кеневічаў
Палацы Кеневічаў. 1914
Палацы Кеневічаў. 1914
52°06′25″ пн. ш. 28°15′34″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль класіцызм
Заснавальнік Фелікс Кеневіч
Будаўніцтва 18251840-я
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000563шыфр 313Г000563
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Адносіцца да ліку найстарэйшых маёнткаў у Беларусі, так адно з фамільных пахаванняў, мяркуючы па надмагільнай пліце, датуецца 1535 годам[1]. Калісьці сядзіба з’яўлялася маёмасцю езуітаў, а потым роду Масальскіх. З канца XVIII ст. ад Алены Масальскай маёнтак набыў падкаморы новагародскі Антон Нестар Кеневіч (пам. каля 1822). У руках яго нашчадкаў уладанне знаходзілася да Рыжскага пагаднення 1921 года. Сын Антона Нестара Фелікс Кеневіч (1802—1863), кіраўнік паўстання 1831 года ў Мазырскім павеце і пасол на сойм таго ж года, каля 1825 г. на высокім беразе ракі пачаў будаўніцтва сядзібы, якое не паспеў скончыць з-за неабходнасці эмігрыраваць пасля паражэння паўстання. Праз дзесяць гадоў мазырскі харунжы Геранім Кеневіч (1796—1884), які ўратаваў маёнтак ад канфіскацыі, выкупіў яго ў брата. З завяршэннем будаўніцтва сядзібы ён адначасова залажыў цудоўны парк і пабудаваў у ім фамільную капліцу-пахавальню. Апошнім уладальнікам сядзібы быў Геранім Кеневіч (1830—1911), маршалак мазырскай шляхты. У пачатку XX ст. уладанне ахоплівала два вялізных маёнтка: Дарашэвічы, дзе жыў Антон Геранімавіч Кеневіч (1877—1960), і Брынёў — сядзіба Гераніма Кеневіча (1866—1925). Пасля смерці іх бацькі маёнтак у 60 000 дзесяцін застаўся адзіным і ім валодалі абодва браты[2].

Восенню 1917 г. сядзіба была разрабавана і спустошана, у 1918 г. амаль зруйнавана[2].

Ён выкарыстоўваўся як сядзіба дома адпачынку. Прыкладна з 1928 г. яго тэрыторыю займала Прыпяцкая рачная флатылія, для якой было пабудавана шмат будынкаў рознага прызначэння. У гады Другой сусветнай вайны тут праходзіла лінія абароны. У парку знаходзіцца брацкая магіла дэсанта маракоў Прыпяцкай рачной флатыліі і партызан, загінулых у бітве з варожымі войскамі[1]. Сядзіба знішчана ў час вайны[2].

Архітэктура правіць

Архітэктар сядзібна-паркавага ансамбля невядомы. Узорам для помніка, верагодна, паслужыў палац Друцкіх-Любецкіх у Луніне Лунінецкага раёна. Сядзібны дом, выкананы ў стылі позняга класіцызму, быў аднапавярховым простакутным у плане драўляным будынкам на высокім падмурку. Сярэдняя трохвосевая частка была павялічана на паверх. Трохчасткавая сіметрычна-восевая кампазіцыя галоўнага і паркавага фасадаў складалася з цэнтральнага порціка і невялікіх бакавых рызалітаў. Класічны чатырохкалонны тасканскі порцік галоўнага фасада выкананы з цэглы і атынкаваны. Калоны неслі гладкі антаблемент і трохкутны франтон, акантаваны прафіляваным карнізам з сухарыкамі, пад які свабодна ўязджаў конны экіпаж. Над уваходам размяшчаўся балкон з драўлянай балюстрадай. Шырокія бакавыя рызаліты завяршаліся трохкутнымі франтонамі і мелі па аднаму патройнаму акну, фланкіраванаму пілястрамі. Чатыры калоны тыльнага ці паркавага порціка стаялі паўкругам. З тэрасы гэтага порціка раскрываўся прыгожы краявід на Прыпяць. Шэры колер фасадаў, ашаляваных дошкамі з імітацыяй рустоўкі, удала спалучаўся з чырвоным дахам і белымі парталамі дзвярэй і ліштваў вокнаў з трохкутнымі сандрыкамі. Чатырохсхільны гонтавы дах меў складаную форму: двухсхільны над галоўным порцікам і купальны над паркавым[2].

Жорсткая сіметрыя і класічная гарманічная кампазіцыя палаца парушылася, калі да заходняга боку дома далучылася невялікая ашклёная веранда, праз якую ажыццяўляўся непасрэдны ўваход да кабінета і канцылярыі. З часам палац аказаўся цесным, і апошні ўладальнік Дарашэвіч Геранім Кіеневіч у 1890 г. з усходняга боку старога палаца прыбудаваў драўлянае пяцівосевае жылое крыло. З поўначы палац набыў ашклёны ўваходны ганак, супрацьлеглы бок дапоўніўся двухпавярховым ганкам з чатырма тонкімі калонамі, якія аб’ядналіся балюстрадай і стваралі ўнізе тэрасу, а наверсе балкон. Дэкаратыўнымі балюстрадамі аздабляліся і вокны новых памяшканняў. У выніку прыбудовак павялічылася жылая плошча дома, але была страчана цэласнасць і гармонія першапачатковага будынка[2].

Інтэр’ер правіць

Уваходныя вялізныя дзверы ўпрыгожвалі галовы львоў, выкананыя з каванай бронзы. Унутры дом меў двухрадную анфіладную планіроўку. Франтальны рад прызначаўся пад жыллё, а паркавы — пад парадныя апартаменты. Вестыбюль быў падзелены на тры невялікія памяшканні: сярэдняе адводзілася пад аднамаршавую лесвіцу, якая ўзнімалася на другі паверх, правае без канкрэтнага прызначэння, а ідэнтычнае левае з’яўлялася рэпрэзентацыйным холам. Адсюль дзверы вялі ў вялізную залу на ўсю шырыню будынка, якая трыма вокнамі выходзіла на абодва бакі дома. Аформленая па нізе драўлянымі панелямі, а зверху абітая шпалерамі з раслінным арнаментам чырвонага колеру зала атрымала назву «чырвонай». Яе ўпрыгожваў наборны паркет з малюнкам вялікай зоркі, абкружанай кветкавымі гірляндамі. З разеткі сафіта звісала хрустальна-бронзавая люстра, бакавое асвятленне забяспечвалі бра ў тым жа стылі. Зала ацяплялася вуглавой белакафлянай печчу і камінам з белага мармуру. Тут стаяла мэбля з чырвонага і арэхавага дрэва з пазалотай у стылях ампір і бедэрмеер. Цікавымі элементамі інтэр’ера з’яўляліся беламармуровыя калоны з бронзавымі пазалочанымі кандэлябрамі ў выглядзе дзіцяці, якое несла шэсць падсвечнікаў. Па баках далейшых анфіладных дзвярэй віселі два люстры ў багатых разных пазалочаных рамах. Дэкор салона дапаўнялі фамільныя партрэты пэндзля Дамеля, Сестранцэвіча, Ю. Дзяконскай і іншых мастакоў, а таксама мармуровыя скульптуры Венеры і Анцінеюса. З «чырвоным» салонам суседнічала вялізная сталовая, вылучаная знадворку рызалітам. Далей па правы бок мясціліся тры жылыя пакоі[2].

Сярэдзіну дома за вестыбюлем займаў іншы вялікі салон — «блакітны», які выходзіў двума вокнамі і ашклёнымі дзвярамі на тэрасу пад паўкруглым порцікам. Салон быў аклеены серабрыстымі шпалерамі, меў цудоўны паркет, вялізную хрустальную люстру і дзве вуглавыя кафляныя печы. Абсталяванне салона складалася з люстраў на кансолях, масіўных сталоў і вырабленых у Менску мяккіх крэслаў у стылі Людовіка Філіпа[en], абітых бледна-блакітным плюшам. У салоне віселі фамільныя партрэты, пейзажы ў галандскім стылі, копіі карцін Караваджа і Мурылья, карціны рэлігійнага зместу. Частка твораў мастацтва ўпрыгожвала малы салон, які знаходзіўся ў паўднёва-ўсходнім вуглу дома. Справа ад блакітнага салона размяшчалася вялізная на тры акны спальня, затым — кабінет у паўднёва-заходнім куце дома, які замыкаў анфіладу паркавага рада памяшканняў[2].

Новае прыбудаванае крыло мела на першым паверсе невялікія сенцы і прасторную простакутную залу, прызначаную для бібліятэкі (5 000 тамоў) і архіва, адзін салон і шэраг жылых пакояў, гасціных і лазню[2].

Флігелі правіць

З усходняга боку ад круглага газона, які размяшчаўся паміж брамай і порцікам сядзібнага дома, стаяў працяглы аднапавярховы драўляны флігель, крыты чатырохсхільным дахам. У ім мясцілася кухня, кладовая і жыллё дваровых. З заходняга боку ў 1900 г. быў пабудаваны другі аднапавярховы флігель у адным стылі з домам. Першапачатковы простакутны план флігеля змяніўся, калі праз некалькі гадоў да яго сярэдняй часткі ад тыла далучылася кароткае крыло, а да паўднёвага боку ашклёная веранда. На галоўным фасадзе флігель меў двухкалонны ганак з трохкутным франтонам, а на крайніх восях адзначаныя пілястрамі псеўдарызаліты.

Альтанкі і капліца правіць

За шатамі дрэў, размешчаных у невялікай частцы парку, што ляжала з усходняга боку дома, хавалася невялікае заросшае возера са штучнай выспай і пастаўленай на ёй альтанкай. Галоўным акцэнтам парка была працяглая елкавая алея. Амаль на канцы пасадак, над самой Прыпяццю, стаяў драўляны аднапавярховы павільён «Бельведэр», накрыты востраканечным дахам, абапёртым на белыя калоны. Адсюль адкрываўся цудоўны выгляд на раку і сасновы лес на пагорку. Невялікую тэрыторыю займалі фамільныя могілкі з капліцай, узведзенай у сярэдзіне XIX ст. у рэтраспектыўна-гатычным стылі[2].

Парк правіць

Парк закладзены пры Гераніме Кеневічы[2] на высокай тэрасе Прыпяці. Мае ў плане форму прамавугольніка плошчай больш 6 га. З паўночнага і паўночна-заходняга боку яго атачалі вялікія пладовыя сады. Разам з паркам, аранжарэйнай гаспадаркай, пад’язнымі і ахоўнымі алеямі яны ўтваралі вялікі, на некалькі дзясяткаў гектараў садова-паркавы комплекс, сфарміраваны ў першай палове XIX ст.[1]

Планіровачную структуру сядзібы вызначалі тры велічныя ўязныя алеі, якія перасякалі сады. Парадная частка мела сіметрычна-восевае рашэнне, характэрнае для першых пейзажных паркаў з выразна выяўленай кампазіцыйнай воссю. Па асноўнай восі праходзіла цэнтральная таполевая алея працягласцю 600 м. Уезд быў фіксаваны пілонамі з жалезнай брамай, абапал якой стаялі будынкі стайні выязных коней і карэтнай[1]. Двухпавярховы палац размяшчаўся ў глыбіні парку за партэрам акруглай формы[1].

За палацамі, на беразе Прыпяці, быў кветнік, які ствараў пярэдні план маляўнічай панарамы поймы Прыпяці. Вось перспектывы падкрэслівалася дрэвамі таполі чорнай пірамідальнай (Populus nigra var. piramidalis). Высокі стромкі бераг тэрасы быў абаронены ад разбурэння адмысловым мацаваннем з калоў, званым «шчоткай»[1].

Паркавы масіў знаходзіўся на паўднёвы захад ад параднай часткі. Ён абмяжоўваўся вялікім ярам, схілы якога надзейна замацоўвалі шматлікія дрэвы і кусты. Адзіночныя старыя дубы і цяпер абараняюць паркавыя насаджэнні. У аснову кампазіцыі парча пакладзены прынцып раскрыцця далёкіх перспектыў з тэрасы на пойму, з сувязі з чым ён выцягнуўся ўздоўж яе больш як на 400 м. Становішча палаца і малых архітэктурных формаў вызначаў кірунак прагулачны' маршрутаў. Асноўны з іх ішоў уздоўж грэбня тэрасы да паўднёва-ўсходняга мыса, дзе была двухпавярховая альтанка (бельведэр), пабудаваная ў кітайскім стылі на 12 калонах з выгнутым дахам і флюгерам, апавітая дзявочым вінаградам. Яна служыла месцам адпачынку і адзіноты ў найбольш маляўнічай і зручнай частцы парку для агляду поймы Прыпяці[1].

 
Капліца-пахавальня Кеневічаў. 1914

Другім архітэктурным аб’ектам з’яўляўся касцёл, які знаходзіўся ў процілеглым, паўднёва-заходнім, вуглу парку, побач з фамільнымі пахаваннямі. Ён адмяжоўваўся вузкім каналам, па якім са спіртзавода вярталася ў яр, а затым у Прыпяць вада. Сюды ад палаца праз парк вяла вузкая яловая алея. Яна перарывалася на паляне, а затым працягвалася ў выглядзе конска-каштанавай алеі[1].

Трэці прагулачны маршрут праходзіў па цэнтральнай зоне, па гарбатым мастку праз яр і выводзіў за межы парку, да дома кіраўніка[1].

Драўняныя кветнікі і групы, невялікія паляны з салітэрамі пакладзены ў аснову кампазіцыі цэнтра парку. У канцы XIX —пачатку XX ст. у парк прыцягваецца шмат экзотаў (піхта сібірская, піхта бальзамічная, ліпа буйналістая, бэз кітайскі і персідскі і інш.). Тут вырошчваліся ўнікальныя платан кленалісты (адзінае вядомае дрэва ў Беларусі) і каштан пасяўны. Вялікае распаўсюджанне атрымалі белая акацыя, клён ясенялісты. Паспяхова размножваючыся парасткавым шляхам, акацыя расце ў выглядзе вялікіх курцін і адзінкавых асобнікаў. Нароўні з асноўным відам сустракаюцца адзіночныя асобнікі бледна-ружовай формы і акацыі пышнай з характэрным жалезістым апушэннем суквеццяў і ружаватымі кветкамі. З хвойных растуць елка звычайная і хвоя веймутава. Вышыня стогадовага асобніка хвоі веймутавай складае 29 м. Разнастайны і відавы склад кустоў — 32 віды. Яны выкарыстоўваліся ў якасці салітэраў, падлеску, для падбіўкі біягруп. Шырока распаўсюджана спірэя дубраўкалістая. Від дзічэе, разрастаецца вегетатыўным шляхам, займаючы паляны. Большасць кустоў (бружмель, пузыраплоднік, жаўтазель, ракітнік, карагана, біручына, снежнаягаднік) патрапілі пад полаг разрослых дрэў. Ва ўмовах зацянення расліны прыгнечаны, страчваюць дэкаратыўнасць і паступова адміраюць[1].

Дэндралагічны склад парку складаўся паступова. Значныя пасадкі зроблены ў 1919—1930 гг. Сярод іх найбольш паспяховым ростам адрозніваюцца дуб чырвоны і таполя чорная пірамідальная. У 45 гадоў вышыня таполі была 20 м, а 56-гадовы асобнік дуба меў вышыню 21 м і дыяметр ствала 62 см. Дрэвы дуба пладаносяць і даюць самасеў. У прыбярэжнай частцы па схіле тэрасы натуральна растуць вярба белая і ломкая, алешына чорная, чаромха, каліна, крушына, маліна. Багатае і травяністае покрыва. Пад полагам насаджэнняў пераважае дуброўнае разнатраўе, а на палянах — злакі. З ліку параўнальна рэдкіх раслін адзначаны добрыя курціны купены шматкветнай, кусты павойніку прамога. З трох бакоў да парку вялі алеі, закладзеныя ў 1862 г. У абсадцы выкарыстоўваліся найбольш даўгавечныя іншаземныя (лістоўніца еўрапейская), а таксама мясцовыя віды (ліпа, клён, ясень, таполя чорны і белая). Цэласнасць алей даўно парушана, але яшчэ здалёк уражвае велічнасць захаваных дрэў. У адной з алей маецца арыгінальная садовая разнавіднасць ясеня пенсільванскага з узыходнымі галінамі. Яго гадавыя парасткі скарочаны, праз што крона ўтварыла на верхавінах галін своеасаблівы парасонік. Усяго ў парку адзначана 63 найменні дрэвавых раслін[1].

Парк перажыў складаную гісторыю, неаднаразова гарэў і высякаўся. У гады Вялікай Айчыннай вайны, калі тут праходзіла лінія абароны, спелы дрэвастой, асабліва іглічных парод, быў амаль цалкам высечаны (у парку стаяла піларама)[1].

Пасля вайны паркавыя дрэвы служылі матэрыялам для аднаўлення спаленых у гады вайны дамоў мясцовых сялян. Да нашых дзён парк дайшоў у вельмі перайначаным выглядзе. Найбольш маляўнічая яго частка — тэрыторыя ўздоўж краю тэрасы з разрэджаным дрэвастоем ліпы ва ўзросце каля 100 гадоў, з добрым злакава-разнатраўным наглебавым покрывам. Разрослыя па схіле тэрасы дрэвы закрываюць перспектыву на Прыпяць, але добра замацоўваюць яго. На астатняй, больш паніжанай, тэрыторыі парк прымае выгляд лесапаркавага масіва. У дрэвастоі дамінуе белая акацыя, а ў раёне былой параднай часткі багатае распаўсюджванне атрымаў клён ясенялісты, высаджаны ў 1939 г. Адзінкавыя старыя дрэвы мясцовых відаў даюць багаты самасеў, асабліва клён вастралісты. Самасеў і атожылкі пакрылі ўсе паляны. Падрост клёну, граба, ліпы дазваляе сфарміраваць у перспектыве дрэвастой высокай якасці мясцовай рэпрадукцыі. Але нягледзячы на страты і разбурэнні, парк адрозніваецца маляўнічасцю пейзажаў[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м Федорук А. Т. Дорошевичи // Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск: Ураджай, 1989. — 247 с. — 10 300 экз. — ISBN 5-7860-0086-9.
  2. а б в г д е ё ж з і Дарашэвіцкая сядзіба // Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003. — 351 с. — ISBN 985-01-0415-5.

Літаратура правіць

  • Дарашэвіцкая сядзіба // Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003. — 351 с. — ISBN 985-01-0415-5.
  • Федорук А. Т. Дорошевичи // Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск: Ураджай, 1989. — 247 с. — 10 300 экз. — ISBN 5-7860-0086-9.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.
  • Kieniewicz, S. Dereszewicze. 1863 / S. Kieniewicz. — Wroclaw-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lodź : Ossolineum, 1986. — 192 s.
  • Kieniewicz, A. Nad Prypecią dawno temu… Wspomnienia zamierzchłej przeszłości / A. Kieniewicz. – Wrocław etc. : Ossolineum, 1989. — 558 s.

Спасылкі правіць