Грымячаўская сядзіба
Грымячаўская сядзіба — сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Грымяча Камянецкага раёна. Пабудавана ў стылі позняга класіцызму ў маляўнічым месцы, на пагорку ў выгіне ракі Пульва. Належала княжацкаму роду Пузынаў, якія набылі маёнтак у Пуслоўскіх. Помнік сядзібна-паркавай архітэктуры сярэдзіны XIX ст.
Славутасць | |
Сядзібна-паркавы ансамбль Пузынаў | |
---|---|
52°17′03,42″ пн. ш. 23°20′43,74″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Грымяча |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Будынкі | |
сядзіба • парк • сыраварня • лядоўня • амбар | |
Вядомыя жыхары | Юзаф Эдвард Пузына |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000345 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Палацава-паркавы ансамбль знаходзіцца ў параўнальна добрым стане, вызначаецца прыгажосцю навакольнага ландшафту, але палац быў значна разрабаваны пасля высялення з яго ў 1990-я гг. летняга лагера для адпачынку дзяцей.
Архітэктура
правіцьУ ансамбль уваходзяць мураваны аднапавярховы палац, пейзажны парк, тры мураваныя гаспадарчыя пабудовы.
Палац
правіцьПалац мае сіметрычную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, у плане прамавугольны з трыма значна выступаючымі рызалітамі: цэнтральным і двума бакавымі. Цэнтральны рызаліт вылучаны чатырохкалонным порцікам дарычнага ордара з трохвугольным франтонам. Бакавыя рызаліты дэкарыраваны пілястрамі і завершаны атыкавай сценкай. Аконныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі, простымі сандрыкамі і падаконнымі нішамі. Палац накрываў высокі чатырохсхільны гладкі дах.
Вонкавыя сцены маюць арнаментаваныя разеткі і вісячыя гірлянды. Паркавы фасад па цэнтры мае тэрасу, а збоку — мансарду. Будынак узведзены на высокім падмурку, мае паўпадвальны паверх. Унутраная планіроўка палаца анфіладнага тыпу. У цэнтральным рызаліце маецца прасторны вестыбюль, за ім зала з выхадам у парк. У бакавых рызалітах знаходзіліся жылыя пакоі. 3 найбольш цікавых элементаў інтэр'ера — вінтавыя чыгунныя ўсходы на другі паверх мансарды.
Парк
правіцьПалац абкружае параўнальна невялікі парк, плошчай каля 5 га, які займае частку схілу з пагорка да р. Пульва. Сіметрычна палацу растуць дзве лістоўніцы еўрапейскія. Другую, таксама сіметрычна размешчаную пару салітэраў ствараюць дрэвы хвоі веймутавай. У выглядзе бакавых куліс прастора фланкіравана купамі дрэў мясцовых парод.
За невялікім паркавым партэрам размяшчаецца пейзажная частка парку. Яна займае пагорак, з якога адкрываюцца перспектывы на маляўнічае наваколле і раку Пульва. Паўтараючы форму пагорка, каля яго падножжа праходзіла алея з грабу. У салітэрах, невялікіх дрэвавых групах выкарыстоўваліся экзатычныя віды. Захаваліся адзінкавыя дрэвы ясеню звычайнага ніцага, елкі блакітнай, лістоўніцы, шаўкоўніцы, глогу і інш.
Літаратура
правіць- Грамячаўская сядзіба // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Грымячаўская сядзіба
- Грымячаўская сядзіба на сайце Radzima.org
- Грымячаўская сядзіба на сайце Глобус Беларусі (руск.)