Сядзібна-паркавы ансамбль Аўраамавых (Хойнікі)

Сядзібна-паркавы ансамбль Аўраамавых — комплекс будынкаў у Хойніках, які знаходзіцца ў гарадскім парку культуры і адпачынку па адрасе вул. Карла Маркса, 19.

Сядзіба
Сядзібна-паркавы ансамбль Аўраамавых
51°53′01,76″ пн. ш. 29°57′49,3″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Хойнікі
Архітэктурны стыль Эклектыка
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000786шыфр 313Г000786
Map

Ён знаходзіцца ў гарадскім парку культуры і адпачынку, з'яўляецца помнікам архітэктуры і занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

Гісторыя правіць

Сядзібны комплекс пабудаваны ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў[1] абшарнікам Андрэем Абрагамавым (Абрамавым).

У комплексе змяшчаўся дзіцячы дом[2]. З 5 верасня 2010 года будынак сядзібнага дома перададзены гарадскому краязнаўчаму музею.

Архітэктура правіць

 
Сядзіба Абрамавых у 2012 годзе

Галоўным будынкам з'яўляецца двухпавярховы прамавугольны ў плане сядзібны дом, пабудаваны ў эклектычным стылі ў 1912 годзе. Ён асіметрычнай формы, доўгі, мураваны, з двухпавярховым правым аб'ёмам[3]. Галоўны ўваход вырашаны тамбурам і тэрасай. На фасадзе вылучаюцца дэталі архітэктурнага дэкору (ліштвы, карнізы, руст і іншыя)[3]. У пластыцы фасадаў выкарыстаны утрыраваныя формы класіцызму (франтоны, калонкі, сухарыкі), рэнесансу (арачныя нішы з ракавінамі), матывы сярэдневяковай замкавай архітэктуры (зубчастыя парапеты, байніцы). Планіроўка калідорная з вылучэннем параднай групы памяшканняў[3]. Міжпаверхавая лесвіца знаходзіцца ў цэнтральным квадратным у плане вестыбюлі[3].

Сярод іншых будынкаў сядзібы можна згадаць мельніцу, спіртзавод, пякарню (цяпер тэрыторыя цэха гідрапрывада)[2].

Таксама захавалася парадная чатырохпілонная[3] брама[4].

Парк правіць

Рэгулярны парк з элементамі пейзажнага стылю вакол сядзібнага дома закладзены ў 1910—1915 гадах на роўнай плоскай тэрыторыі[2]. У плане разам з садам мае форму прамавугольніка плошчай прыкладна 10 га[2]. У аснову кампазіцыі закладзены прынцып невялікіх квадратаў, якія пераважна маюць плошчу 0,1 га і ўтвораны сеткай алей, што перасякаюцца адна з адной. Алеі ўтвораны відамі і гібрыдамі таполі (адзіны выпадак у Беларусі)[2].

На газоне змяшчаўся вялікі фантан дыяметрам 8 метраў[2].

Побач з сядзібным домам у парку ўсталяваны помнік раману «Людзі на балоце» Івана Мележа.

Флора правіць

Сярод відаў, якія сустракаюцца ў парку, можна згадаць таполю белую (Populus alba), канадскую марыландскую (Populus ×canadensis), кітайскую (Populus simonii), Populus suaveolens, Populus ×woobstii, ліпу драбналістую (Tilia cordata), Larix kaempferi і лістоўніцу еўрапейскую (Larix decidua), Opulaster opulifolius, елкі, дубы, клёны, конскі каштан, бэз і іншыя[2].

Музей правіць

Музей быў адкрыты 25 лістапада 1982 года ў адпаведнасці з рашэннем раённага выканаўчага камітэта. Ініцыятарам стварэння музея і яго кіраўніком быў ветэран вайны, вялікі энтузіяст, краязнавец Аляксандр Максімавіч Зелянкоўскі.

У сядзібным доме музей размясціўся пасля правядзення рэспубліканскага Дня беларускага пісьменства ў 2010 годзе.

Зноскі

  1. Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 350. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  2. а б в г д е ё Хойники, усадьба Авраамовых//Статья А. Т. Федорука в книге «Садово-парковое искусство Белоруссии» 1989 г. (руск.)
  3. а б в г д Хойніцкі раён//Збор помнікаў гісторыі і культуры. Гомельская вобласць. с. 348
  4. Сядзібна-паркавы ансамбль Аўраамавых (Хойнікі) на сайце Глобус Беларусі (руск.)

Спасылкі правіць