Сядзібна-паркавы ансамбль (Высокае)
Сядзібна-паркавы ансамбль Макрыцкіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры неакласіцызму. Комплекс створаны на мяжы XIX—XX стст. у в. Высокае (Аршанскі раён). Знаходзіцца на заходняй ускраіне вёскі, недалёка ад старой дарогі Орша — Санкт-Пецярбург[1].
Сядзібна-паркавы ансамбль | |
Сядзібна-паркавы ансамбль Макшыцкіх | |
---|---|
![]() Сядзібны дом | |
54°38′40,1″ пн. ш. 30°25′50,15″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Вёска | Высокае |
Архітэктурны стыль | неакласіцызм |
Дата заснавання | канец XIX— пачатак XX стст |
Будынкі | |
сядзібны дом • флігель • парк | |
Статус |
![]() |
![]() |
Гісторыя
правіцьУ другой палове XIX ст. фальварк належаў Ільі (Эльяшу) Мазарапіа. Пры ім мелася фабрыка пісчай і ўпаковачнай паперы (заснавана ў 1862 г., 7 рабочых), жалезаплавільны завод (7 рабочых)[1].
Значная частка Высокага і наваколляў з’яўлялася спадчынным уладаннем графаў Ронікераў[2]. У 1882 г. маёнткам валодала графіня Марыя Канстанцінаўна Ранікер (7300 дз.: 560 дз. — ворнай. 3556 дз. — пад лесам). Пры маёнтку былі вапнавы завод, вінакурня, млын, 3 карчмы. Гаспадарку вяла ўладальніца[1].
У пачатку XX ст. належала Макрыцкім. Сядзіба пабудавана на мяжы XIX—XX стст. у стылі эклектыкі. У палацава-паркавы комплекс уваходзілі дом, 2 флігелі (мураваны і драўляны), гаспадарчыя пабудовы, парк[1].
25 чэрвеня — 25 ліпеня 1928 г. тут адбыўся I з’езд Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, на якім былі вызначаны галоўныя задачы: забарона фракцыйнай дзейнасці, заваяванне большасці пралетарыяту, узмацненне барацьбы за правы працоўных (8-гадзінны рабочы дзень, павышэнне заработнай платы), барацьба за самавызначэнне Заходняй Беларусі аж да аддзялення ад Польшчы. Абраны ЦК КПЗБ, у які ўвайшлі: А. Альшэўскі, М. Блінчыкаў, С. Будзінскі, С. Гарбуз, Г. Дуа, А. Канчэўскі, П. Корчык (І. Лагіновіч), С. Мілер, М. Перавалоцкі, А. Розеншайн, А. Славінскі.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў будынку была школа. 3 1964 г. парк з’яўляецца помнікам прыроды, статус пацверджаны рашэннем Аршанскага райвыканкама № 1101 ад 11.12.2009 г. 3 1968 г., з будаўніцтвам новай школы ў в. Высокае, у будынку быў размешчаны інтэрнат для вучняў з аддаленых вёсак. Потым жылі сем’і настаўнікаў. Часам праводзілі вяселлі, выкарыстоўваючы вялікія залы палаца[1].
У 1990-я гг. драўляная прыбудова згарэла. Сядзібны дом Макрыцкіх узяты пад ахову пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 169 ад 19.05.2010 г. і № 1351 ад 21.09.2010 г[1].
У наш час сядзібны дом знаходзіцца ў закінутым стане і патрабуе неадкладных мер па захаванні. Флігель у добрым стане, знаходзіцца ў прыватным уладанні[1].
Архітэктура
правіцьМае сіметрычна-восевую схему, падкрэсленую ўязной алеяй[3].
На папярочнай планіровачнай восі (у цэнтры) знаходзіцца двухпавярховы мураваны будынак гасподы, да якога прылягала аднапавярховае драўлянае крыло (не захавалася). У цэнтры паўночнага фасада гасподы пяцігранны эркер[3] са стральчатымі вокнамі ў прафіляваных ліштвах. Цокальны паверх мае лучковыя падвальныя вокны. Першы паверх дэкарыраваны рустам, вокны — руставанымі ліштвамі. Другі паверх упрыгожаны руставанымі вуглавымі лапаткамі, вокны — прафіляванымі ліштвамі з трохкутнымі франтончыкамі і падаконнымі філёнгамі[1]. Сцены завершаны карнізам. Планіроўка анфіладная[3].
Перад домам прамавугольны двор, на якім з паўднёвага боку размешчаная мураваная афіцына з мансардавым паверхам[3]. Пабудаваная ў 1912 г.[3] у стылістычным адзінстве з сядзібным домам. Сцены дэкарыраваны рустам, меандрам[1]. Па цэнтры галоўнага фасада двухпавярховы пяцігранны эркер[1][3]. Флігель жылы, знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, аднак пасля рамонту страціў стылістычнае адзінства з сядзібным домам[1].
З паўночнага боку панадворку знаходзілася драўляная афіцына (не захавалася[1]), накрытая вальмавым дахам, уваход на галоўным фасадзе вылучаны ганкам[3] са слупамі, стылізаванымі пад калоны[1].
Парк
правіцьУ паўночнай частцы сядзібы вакол невялікага возера і ручая пейзажны парк. Парк, закладзены Макрыцкімі, мае рысы пераходнага ад пейзажнага да натуралістычнага. Захавалася шмат экзатычных раслін, сажалка, дарожкі. Плошча 4,7 га. Узрост насаджэнняў — больш за 100 гадоў. Пераважаюць вольха чорная, ліпа драбналістая, клён вастралісты, таполя белая. Растуць таксама лістоўніца сібірская, піхта, бяроза бародаўчатая, хвоя веймутава. Дуб, ясень, клён высаджаны ў асноўным па алеях парку і па яго межах. 3 кустоў — акацыя жоўтая, рабіна, бузіна, бружмель, ляшчына, брызгліна бародаўчатая, спірэя.
У сядзібе размешчаная школа-інтэрнат.
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м Півавар М. В. Высокае // Сядзібы Віцебшчыны. — Мн.: БелЭн, 2020. — 256 с. — ISBN 978-985-11-1202-5.
- ↑ 20.) Wysokie, pow. orszański, dziedzictwo Ronikierów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn (польск.). — Warszawa, 1895. — S. 133.
- ↑ а б в г д е ё Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Півавар М. В. Высокае // Сядзібы Віцебшчыны. — Мн.: БелЭн, 2020. — 256 с. — ISBN 978-985-11-1202-5.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сядзібна-паркавы ансамбль (Высокае)
- Сядзібна-паркавы ансамбль (Высокае) на сайце Radzima.org
- Сядзібна-паркавы ансамбль (Высокае) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Сядзібна-паркавы ансамбль (Высокае) на сайце «Архіварта»