Сядзібна-паркавы комплекс Ажэшкаў (Закозель)

Сядзібна-паркавы комплекс Ажэшкаў — радавое гняздо вядомага на Беларусі роду Ажэшкаў (Арэшкаў) у в. Закозель (Драгічынскі раён). Помнік сядзібна-паркавай архітэктуры XIX ст.. У ансамбль уваходзяць гаспода (збераглася часткова), капліца-пахавальня, бровар і парк пейзажнага тыпу з сістэмай вадаёмаў.

Славутасць
Сядзібна-паркавы комплекс Ажэшкаў
Сядзібна-паркавы комплекс Ажэшкаў на малюнку Н. Орды, 1863 г.
Сядзібна-паркавы комплекс Ажэшкаў на малюнку Н. Орды, 1863 г.
52°07′53,33″ пн. ш. 25°00′23,55″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Закозель
Дата пабудовы XIX стагоддзе
Будынкі
гаспода • капліца-пахавальня • бровар • парк
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000196шыфр 112Г000196
Map

Гісторыя правіць

У XVIII ст. маёнтак Закозель належаў Юзафу Ажэшку, затым па спадчыне ім валодаў яго сын Нікадзім. У пачатку XIX ст., верагодна, Нікадзім Ажэшка ўзвёў у Закозелі арыгінальны палац, вядомы па акварэлі Напалеона Орды 1863 г. Пазней маёнтак атрымаў у спадчыну сын Нікадзіма Калікст. Сядзібу наведвала вядомая пісьменніца, актыўная ўдзельніца нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі Эліза Ажэшка, якая пражывала на той час у суседнім маёнтку Людвінова[1].

У канцы ХIХ — пачатку ХХ ст. у аблічча будынкаў былі ўнесены істотныя змяненні. Пасля 1865 г. сядзіба была прададзена Калікстам графіні Н. А. Бабрынскай, якая збудавала парадную ўязную браму і стайню. Ад яе сына Аляксея пасля Першай сусветнай вайны сядзібу ў 1922 годзе набыў Зыгмунт Вітольд Весялоўскі, які надбудаваў над домам другі паверх і дваровую тэрасу. Неўзабаве Весялоўскі прадаў сядзібу Каралю Талочку, якому яна належала з 1923 года да пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе. У гады вайны пашкоджана.

Архітэктура правіць

Гаспода правіць

Мураваная гаспода (вядомая па акварэлі Н. Орды, 1863 г.) пабудаваная ў 1820-я гады ў стылі ампір. Уяўляла сабой пастаўлены на нізкі цокаль аднапавярховы прамавугольны ў плане пяцівосевы будынак, накрыты вальмавым дахам з паўкруглымі дахавымі вокнамі. Па папярочнай восі да яго прылягалі ніжэйшыя з самастойнымі ўваходамі бакавыя крылы, аздобленыя па фронту прысценнымі каланадамі. Цэнтр сіметрычна-восевага галоўнага фасада падкрэслены чатырохкалонным порцікам са ступеньчатым прамавугольным атыкам. Высокія прамавугольныя вокны ў цэнтральным корпусе з аканіцамі. Цэнтральнае месца ў доме займала калонная зала-ратонда. Апартаменты мелі паркетную падлогу, масіўныя дзверы з маронага дубу ў бронзавай акоўцы. Выкарыстоўваецца як жылы.

Капліца правіць

 
Капліца-пахавальня Ажэшкаў

Капліца пабудавана ў сярэдзіне XIX ст. (да 1853 г.) на ўскраіне парку як фамільная пахавальня Ажэшкаў і наступных уладальнікаў. Вырашаная ў формах дойлідства рэтраспектыўнай готыкі. Паводле мясцовага падання ў высокім шпілі капліцы, дзе была невялікая камора, хаваўся адзін з кіраўнікоў паўстання 18631864 гг. Р. Траўгут. Цэнтрычнае квадратнае ў плане збудаванне накрытае востракутнымі двухсхільнымі дахамі, скрыжаванне якіх адзначанае высокім чатырохгранным шатром з гранёным шпілем і гатычным крыжам у завяршэнні. Стракатасць сілуэту і вертыкальную накіраванасць прасторавай кампазіцыі надаюць кутнія падвойныя пінаклі, паміж якімі ў гатычных парталах (чыгуннае мастацкае ліццё) размешчаныя скульптуры евангелістаў. Фасады насычана крапаваныя згрупаванымі па вуглах контрфорсамі, слаістымі стральчатымі і трохлопасцевымі нішамі. Стральчаты ўваходны партал дэкарыраваны ўверсе круглымі гербамі Ажэшкаў (мастацкае чыгуннае ліццё). Каларыстычнае багацце будынку стварала высокаякасная «адкрытая» цагляная муроўка, медная бляха дахаў, пабелка элементаў дэкору.

Зала перакрытая люстраным скляпеннем, насычаная арнаментаванымі тонкімі ляпнымі нервюрамі. У вуглавых стральчатых нішах знаходзіліся скульптурныя выявы евангелістаў (не захаваліся). Стральчатыя вокны і люкарны з пераплётамі геаметрычнага малюнку, якія запаўняліся каляровымі вітражамі. Пад капліцай — склеп-пахавальня, куды вядуць сходы ў цэнтры залы.

Парк правіць

У аснове планіроўкі пейзажна-рэгулярнага парку прамая ліпавая алея, што завершаная авальным партэрам перад домам і прадоўжаная за ім. Пейзажная частка арганізаваная на ўзгорыстай мясцовасці вакол капліцы з могілкамі і па берагах сажалак. На паўднёва-заходняй ускраіне парку пастаўлены прыдарожны мураваны слуп-абеліск (1842 г.), на паўднёвай — мураваны будынак бровара.

Бровар правіць

Двухпавярховы, прамавугольны ў плане будынак бровара вырашаны ў формах дойлідства позняга класіцызму. Будынак мае па фронту галоўнага фасада каланаду тасканскага ордара. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены карнізамі і сандрыкамі. Шэраг пазнейшых прыбудоў парушыў пачатковы выгляд будынка.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць