Сялянка (опера)

твор Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, «опера ў двух актах»
(Пасля перасылкі з Сялянка, опера)

«Сяля́нка» (польск.: Sielanka) — твор Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, паводле аўтарскага вызначэння, «опера ў двух актах». Спектакль меў вялікае значэнне ў далучэнні гледачоў да сцэнічнага мастацтва і абуджэнні ў іх нацыянальнай самасвядомасці, зрабіў уплыў на станаўленне беларускага прафесійнага тэатра.

Сялянка
польск.: Sielanka
Кампазітар
Лібрэтыст Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Мова лібрэта беларуская і польская
Год стварэння 1844
Першая пастаноўка 9 лютага 1852
Месца першай пастаноўкі Мінскі гарадскі тэатр

Гісторыя правіць

Напісана ў 1842—1844 гадах, цэнзарскі дазвол пазначаны 5 мая 1844 года. Упершыню апублікавана асобным выданнем у 1846 годзе ў Вільні. Прэм’ера спектакля адбылася 9 лютага 1852 года ў гарадскім тэатры Мінска. Рэжысёр і выканаўца цэнтральнай ролі Навума Прыгаворкі — Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Музыка Станіслава Манюшкі, Канстанціна Кжыжаноўскага і інш. Ролі выконвалі: Кжыжаноўскі, Ляўданскі, Лопат, Кабылінскі, Прушынскі, дочкі Дуніна-Марцінкевіча Каміла і Мальвіна, яго сын Міраслаў. Выступаў хор, аркестр. Пасля першага паказу спектакль быў забаронены, але яго працягвалі іграць фактычна ў нелегальных умовах на прыватных кватэрах, у інш. прыстасаваных памяшканнях у Мінску, Бабруйску, Слуцку, Глуску і інш. (вядомы паказы да 1856).

Апісанне правіць

Паліфанічны, сінтэтычнага плана твор, у якім спалучаны драматычнае, музычна-вакальнае і танцавальнае мастацтвы. Вызначаецца і жанравай разнастайнасцю: арганічна суіснуюць пранікнёная лірыка, падкрэсленая камедыйнасць, вострая сатыра.

«Сялянка» напісана на змешанай беларускай (размовы сялян, часткова паненкі Юліі і камісара Банавантуры Выкрутача) і польскай (словы паноў) мовах. Пазней польскамоўны тэкст на сучасную беларускую мову пераклалі Я. Купала (вершы) і Я. Лёсік (проза).

Пастаноўкі ў сучаснай Беларусі правіць

29 снежня 1993 года адбылася прэм’ера «Сялянкі» (пад назвай «Ідылія») у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Рэжысёр М. Пінігін, мастак З. Марголін, кампазітар У. Кур’ян (з выкарыстаннем музыкі Манюшкі і М. Агінскага), мастак па касцюмах Л. Ганчарова, балетмайстар Г. Шылянкова; кансультанты В. Скорабагатаў, Я. Янушкевіч, У. Дзянісаў. У ролях: Караль Лятальскі — В. Рэдзька; Ян Дабровіч — Г. Маляўскі; Юлія — З. Белахвосцік; Банавантура Выкрутач — Ю. Авяр’янаў; Уршуля — Л. Давідовіч, В. Няфёдава; Шырэцкі — А. Луцэвіч, Ян Губач — В. Манаеў; Навум Прыгаворка — Г. Аўсяннікаў, А. Памазан; Сялянка — А. Іваннікава, Я. Кульбачная, Т. Пузіноўская, А. Сідарава, Г. Няфёдава; сяляне — А. Гарцуеў, І. Дзянісаў, А. Лабуш, B. Паўлюць; гайдукі — Г. Давыдзька, М. Кірычэнка, С. Краўчанка; астролагі — Ф. Варанецкі, У. Рагаўцоў. Спектакль вырашаны як маштабнае палатно, ідылічна-камедыйным сцэнам нададзена высокае патрыятычнае гучанне. «Сялянка» ўвасоблена і Пяршайскім народным тэатрам.

У 2005 г. «Ідылія» была пастаўлена на сцэне Тэатра драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, у 2013 г. пастаноўка была адноўлена (рэжысёр Сяргей Палешчанкоў)[1].

Зноскі

  1. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 лютага 2023. Праверана 6 лютага 2023.

Літаратура правіць

 
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Сялянка (опера)