Сяргей Антонавіч Чыжык
Сяргей Антонавіч Чыжык (нар. 28 мая 1959, вёска Асмолава, Нясвіжскі раён, Мінская вобласць) — беларускі вучоны ў галіне фізікі і механікі паверхняў на мікра- і нанаўзроўні, нанадыягностыкі. Доктар тэхнічных навук (1998), прафесар (2007), акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014, нанатэхналогіі; чл.-кар. з 2009).
Сяргей Антонавіч Чыжык | |
---|---|
| |
Дата нараджэння | 28 мая 1959 (65 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | фізік, выкладчык універсітэта, навуковец |
Навуковая сфера | фізіка і механіка паверхняў, нанатэхналогіі |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар тэхнічных навук |
Навуковае званне | прафесар, акадэмік НАНБ |
Альма-матар | |
Прэміі | |
Узнагароды |
|
Біяграфія
правіцьСкончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1980). З 1980 г. у Інстытуце механікі металапалімерных сістэм імя У. А. Белага НАН Беларусі, з 1999 г. загадчык лабараторыі, з 2002 — загадчык аддзела. З 2002 — загадчык лабараторыі, з 2005 — загадчык аддзялення, з 2007 — намеснік дырэктара Інстытута цепла-і масабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі. З 2008 намеснік галоўнага вучонага сакратара, у 2009—2012 гг. галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З лютага 2012 года намеснік Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 2014[1] Першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі. Адначасова загадчык лабараторыі Інстытута цепла-і масаабмену імя. А. В. Лыкава НАН Беларусі. Член рэдкалегіі часопісаў «Даклады НАН Беларусі», «Механіка машын, механізмаў і матэрыялаў», «Інжынер-механік».
Навуковая дзейнасць
правіцьНавуковыя даследаванні ў галіне трыбамеханікі прэцызійнага кантакту, фізікі і механікі паверхняў на мікра-і нанаўзроўні, нанаструктурнага матэрыялазнаўства, нанадыягностыкі матэрыялаў метадам атамна-сілавой мікраскапіі. Ім атрыманы асноватворныя заканамернасці фарміравання і функцыянавання прэцызійнага фрыкцыйнага кантакту, распрацаваны статыстычныя мадэлі кантакту шматузроўневых шурпатых паверхняў ва ўмовах эфектыўнага дзеяння паверхневых сіл, якія былі выкарыстаныя пры праектаванні рабочых паверхняў у сістэмах магнітнага запісу, мікрапінцэтах і мікра-электрамеханічных сістэмах. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле распрацаваны метады, створаны тэарэтычныя мадэлі і ўнікальнае абсталяванне для комплекснага аналізу паверхняў на нанаўзроўні. Распрацаваны новыя працэдуры ў атамна-сілавой мікраскапіі: латэральна-сілавая спектраскапія, асцыліруючая трыбаметрыя, нанавалачэнне і нанасвідраванне. Распрацаваны тэхналогіі мембранна-капілярнага транспарту, для стварэння зондаў-нанаманіпулятараў на базе вугляродных нанатрубак, кантраляванага фарміравання на вастрыі зонда адзінкавых нанааб’ектаў (часціцы, дроту, ніткі з нанатрубак), з наступнай ацэнкай іх фізіка-механічных уласцівасцяў. Развіваюцца новыя напрамкі — нанатамаграфія прыпаверхневага пласту і клеткавая нанамеханіка. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле выканана распрацоўка і ўпершыню з 1994 г. наладжана вытворчасць айчынных атамна-сілавых мікраскопаў серый «Нанотоп» і «Нанотестер», якія выкарыстоўваюцца ў дзесятках навуковых і завадскіх лабараторый Рэспублікі Беларусь, а таксама пастаўляюцца за мяжу.
Аўтар больш за 280 навуковых прац, у т. ч. 2 манаграфіі і 7 патэнтаў.
Погляды
правіцьПаставіў свой подпіс пад лістом НАН Беларусі, у якім гаворыцца, што
«У сваёй дзейнасці Тадэвуш Касцюшка адстойваў інтарэсы Польшчы і ЗША, а не Беларусі. Таму называць яго нацыянальным героем Беларусі абсалютна неправамерна. Ён з’яўляецца нацыянальным героем Польшчы і ЗША. Сцверджанне аб тым, што ён вёў барацьбу за інтарэсы і незалежнасць беларускага народа, супярэчыць гістарычным фактам» (руск.)[2].
Пазней заўважыў, што не зусім правільна напісана, што Касцюшка не нацыянальны герой Беларусі, адзначыў, што Тадэвуш Касцюшка — гэта знакаміты палітычны дзеяч Польшчы, ЗША і Беларусі, а таксама не выключыў таго, што вуліца імя Касцюшкі можа з’явіцца калісьці ў Мінску ці ў іншых беларускіх гарадах[3].
Асноўныя працы
правіць- Механика дискретного фрикционного контакта. Мн.: Навука i тэхнiка, 1990 (в соавт.).
- Атомно-силовая микроскопия в оценке состояния синаптосомальной мембраны. Мн.: Изд. центр БГУ, 2002 (в соавт.).
Узнагароды
правіцьОрдэн Пашаны (2014)[4].
Зноскі
- ↑ Национальная академия наук Беларуси — Новости — 2 мая 2014 Архівавана 9 лістапада 2016.
- ↑ Віцэ-кіраўнік Акадэміі навук: Тадэвуша Касцюшку нельга называць нацыянальным героем Беларусі // сайт «Наша Ніва» 13 жніўня 2019
- ↑ nashaniva.by
- ↑ Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 486 ад 4 жніўня 2014 г.(недаступная спасылка)
Спасылкі
правіць- Профіль акадэміка С. А. Чыжыка на сайце НАН Беларусі
- Сяргей Антонавіч Чыжык у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)