Сяргей Вячаслававіч Чалы
Сярге́й Вячасла́вавіч Ча́лы (нар. 27 кастрычніка 1970, Мінск, БССР, СССР) — беларускі эканаміст-аналітык, трэйдар і журналіст-аналітык у галіне эканомікі; аўтар і вядучы папулярнай праграмы «Эканоміка на пальцах» на партале TUT.BY.
Сяргей Вячаслававіч Чалы | |
---|---|
Дата нараджэння | 27 кастрычніка 1970 (53 гады) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | журналіст, эканаміст, грамадскі дзеяч, аналітык, прадпрымальнік |
Навуковая сфера | эканамічная аналітыка |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Член у | |
Сайт | news.tut.by/tag/1185-eko… |
Цытаты ў Вікіцытатніку | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Выхаванне і сям’я
правіцьПа паходжанні — украінец, але лічыць сябе патрыётам Беларусі і прыналежным да беларускай грамадзянскай нацыі: «Я прыхільнік такой ідэалогіі, якая не дзеліць грамадзян дзяржавы на сваіх і чужых, сапраўдных беларусаў і несапраўдных, правільных і няправільных»[2].
Не жанаты[3].[удакладніць]
Адукацыя
правіцьУ 1977—1987 гадах вучыўся і скончыў сярэднюю палітэхнічную школу (гімназію) № 6 у Мінску[3].
У 1987—1992 гг. вучыўся і скончыў фізічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «Фізік-тэарэтык»[4]. Вучыўся ў аспірантуры, але не скончыў[3].
У 1997—1998 гадах прайшоў перападрыхтоўку ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Прайшоў адукацыйны курс макраэканамічнага праграмавання, які арганізоўваўся Міжнародным валютным фондам (МВФ)[2].
Займаецца таксама самаадукацыяй у галіне эканамічнай тэорыі, антрапалогіі і сістэмнага аналізу[2].
Працоўная і грамадская дзейнасць
правіцьУ пачатку 1990-х гг. адзін год быў прыхільнікам арганізацыі Славянскі сабор «Белая Русь», бо адмоўна тады адносіўся да беларускага этнічнага нацыяналізму, які ў пачатку 1990-х гг. фармаваў сваю дактрыну на этнічных каранях (умоўна кажучы, на прынцыпах «крыві і глебы»)[2]. З фармаваннем пазней у Беларусі ідэалогіі беларускай грамадзянскай нацыі, стаў з той пары прыхільнікам падобнай дактрыны[2].
У 1993 годзе быў запрошаны ў якасці аналітыка ў перадвыбарчы штаб кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Сваё ўключэнне ў прадвыбарчы штаб Чалы пазней патлумачыў цікавасцю і жаданнем знайсці практычнае прымяненне сваім ведам, набыць досвед у палітычных тэхналогіях, што было ў тыя часы новым у Беларусі[2]. Сяргею Чаламу тады ж прапаноўвалі стаць аналітыкам у прадвыбарчым штабе кандыдата ў прэзідэнты Станіслава Шушкевіча за грошы, але ён згадзіўся быць аналітыкам у штабе Лукашэнкі і бясплатна, бо палічыў, што Лукашэнка мае самыя высокія шанцы выйграць прэзідэнцкія выбары і што менавіта ў эканамічнай камандзе Лукашэнкі зможа рэалізаваць сябе ў справе правядзення важных і патрэбных эканамічных рэформ у Беларусі[2].
У 1994—1998 гадах працаваў у Аператыўна-аналітычным цэнтры пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзе займаўся працай з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Аднак пасля правядзення ў Беларусі рэферэндума ў 1996 г. ужо вырашыў для сябе кідаць працу ў Адміністрацыі прэзідэнта і фактычна з таго часу палітыкай больш не займаўся[5]. Паводле ўласных слоў, менавіта за час сваёй працы ў аналітычным цэнтры адміністрацыі прэзідэнта Сяргею давялося кантактаваць са спецыялістамі МВФ і прайсці навучальны курс фонда па макраэканамічным праграмаванні, што стала вельмі карысным, каб разумець узаемасувязі ў эканоміцы больш, чым з тэорыі айчынных падручнікаў ці досведу айчынных выкладчыкаў[2]. Сяргей Чалы патлумачыў гэта вялікай кампетэнтнасцю і досведам супрацоўнікаў фонда, якія на практыцы ўдзельнічаюць у распрацоўцы і ажыццяўленні стабілізацыйных і антыкрызісных праграм па ўсім свеце[2].
У 1998 г. пайшоў у прыватны бізнес, працаваў у 1998—2002 гг. кіраўніком актываў у інвестыцыйнай кампаніі «Aigenis» (г. Мінск, Беларусь)[6].
У 2001 г. Сяргей Чалы пазнаёміўся з Аляксандрам Мілінкевічам, які ў той час быў кіраўніком прадвыбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Сямёна Домаша; пазней Чалы стаў неафіцыйным кансультантам па эканамічных пытаннях у Мілінкевіча, калі апошні высунуў сябе кандыдатам у дэпутаты Беларусі[2].
З 2003 г. пачаў працаваць як незалежны эканамічны эксперт і фінансавы аналітык і стаў адным з самых вядомых, папулярных і запатрабавальных аналітыкаў Беларусі ў галіне макраэканамічнай палітыкі[7].
У 2009—2010 гг. працаваў журналістам-аналітыкам у галіне эканомікі на радыё «Euroradio» (г. Мінск, Беларусь)[8].
З’яўляецца эканамічным экспертам грамадскай ініцыятывы «Народная праграма» (з 2010 г.). Выказваўся, што не меў і не мае прэзідэнцкіх амбіцый, але з задавальненнем заняў бы пасаду кіраўніка Нацыянальнага банка Беларусі па прапанове прэзідэнта краіны з рынкавымі поглядамі[2]. З 2010 г. з’яўляецца запрошаным экспертам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS)[9].
З 17 лютага 2011 г. і па сённяшні час з’яўляецца вядучым аўтарскай аналітычнай праграмы «Эканоміка на пальцах» на партале «TUT.BY». Вядзе свой блог у Інтэрнэце.
У 2013 г. Сяргей Чалы выказаўся, што з пачатку 1990-х гг. да сённяшняга часу ніякіх змен у эканамічных і палітычных поглядах у яго не адбылося, а заўсёды заставаўся і з’яўляецца ў прыхільнікам рынкавых эканамічных поглядаў і т. зв. «класічнага лібералізму», чыя дактрына найболей выразна адлюстравана ў зборніку філасофскіх эсэ «Федэраліст» («Запіскі федэраліста»), адным з галоўных аўтараў якога быў амерыканскі дзяржаўны дзеяч Аляксандр Гамільтан (1755/1757—1804)[2]. Сяргей Чалы лічыць Аляксандра Гамільтана ўзорам для сябе і сваім кумірам, а «Запіскі федэраліста» — самым выдатным палітычным і эканамічным маніфестам «усіх часоў і народаў»[2].
Чытаў персанальныя лекцыі па эканоміцы, у тым ліку па запрашэнні рэктарату ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Браў удзел у электаральнай кампаніі 2015 г. у Беларусі — у якасці даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Таццяны Караткевіч: быў 26-м у спісе з 30 давераных асоб Таццяны Караткевіч, афіцыйна зарэгістраваных 11 верасня 2015 г. Цэнтрвыбаркамам Рэспублікі Беларусь[10][11]. Па гэтай прычыне аўтарская аналітычная праграма Сяргея Чалага «Эканоміка на пальцах» на партале «TUT.BY» з 17 верасня 2015 г. да канца выбарчай прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі часова перайшла з ан-лайнавага рэжыма ў тэкставы (каб не парушыць правілы прадвыбарнай агітацыі)[12].
З 2022 г. аўтар і вядоўца праграм Беларускага расследавальніцкага цэнтра «Навіны з Чалым» і «Чалы: Эканоміка»[13]
31 ліпеня 2024 года стала вядома, што Сяргея Чалага ўнеслі ў базу вышуку МУС Расіі[14].
Сеціўная актыўнасць
правіць- сайт аўтарскай праграмы «Эканоміка на пальцах» Архівавана 25 жніўня 2020. // tut.by
- акаунт Сяргея Чалага ў сацыяльнай сетцы (першы) // facebook.com
- акаунт Сяргея Чалага ў сацыяльнай сетцы (другі) // vk.com
- акаунт Сяргея Чалага ў сацыяльнай сетцы (трэці) // twitter.com
- акаунт Сяргея Чалага ў сацыяльнай сетцы (чацвёрты) // linkedin.com
- блог Сяргея Чалага // livejournal.com
Выказванні аб жыцці
правіць- (аб беларускай нацыі і гістарычнай суб’ектнасці): «Гісторыю краіны і народа — неабходна асэснаваць як цэласную і бесперапынную, а не адмаўляць у „праўдзівасці“ савецкага перыяду (як гэта часта робяць ідэолагі апазіцыйнага лагера) або не пачынаць гісторыю з „партызанкі“ часоў Другой сусветнай вайны (як гэта часта робяць тэарэтыкі „ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці“). Без прадстаўлення нацыі (грамадзянскай нацыі) як адзінства і гісторыі як бесперапыннай няма і не можа быць суб’ектнасці гэтай нацыі. А без суб’ектнасці мы будзем асуджаныя быць аб’ектам дзейнасці іншых гістарычных суб’ектаў — г.зн. фактычна не будзем гаспадарамі ўласнага лёсу.»[2] (2013)
- (аб грамадскай салідарнасці): «Мне не блізкая ідэалогія тых, якія называюць сябе лібертарыянцамі — з іх дарвінісцкім поглядам на грамадства як „змаганне ўсіх супраць усіх“, у якім „выжывае наймацнейшы“. Як цяпер вядома з антрапалогіі і эвалюцыйнай псіхалогіі, кааперацыя і супрацоўніцтва ігралі ў фарміраванні чалавека як віду значна большую ролю, чым канкурэнцыя — проста пагугліце тэрмін „reciprocal altruism“. <…> Дзяржава ёсць толькі інструмент і вынік калектыўных дзеянняў грамадзян па дасягненні сваіх мэт. А ўласна палітычная (у шырокім сэнсе слова) дзейнасць — ёсць ні што іншае як майстэрства ствараць кааліцыі для дасягнення гэтых самых мэт. Дарэчы, насуперак распаўсюджанаму перакананню, людзі заходняй цывілізацыі ў дасканаласці валодалі майстэрствам калектыўнага дзеяння, і наадварот, мы бачым, як часта ў нас (у краіне і ўвогуле на постсавецкай прасторы) пераважае стратэгія індывідуальнага выжывання.»[2] (2013)
- (аб сваёй мроі дабіцца цвёрдасці беларускай валюты на пасадзе кіраўніка Нацыянальнага Банку Беларусі): «Мне б хацелася, каб у Беларусі была нарэшце свая паважаная і прызнаная ў свеце валюта, калі б людзі пачалі нарэшце рахаваць у розуме цэны ў ёй, а не перакладаць увесь час у розуме ва „умоўныя адзінкі“. <…> Пакінуць свой подпіс на купюрах сапраўдных беларускіх грошай — гэта было б годнай справай усяго жыцця :).»[2] (2013)
Зноскі
- ↑ а б https://news.tut.by/tag/ex6199-sergey-chalyy.html
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п Online-конференция с Сергеем Чалым с читателями сайта «БелГазеты»
- ↑ а б в Паводле інфармацыі з сацыяльнай сеткі:акаунт Сяргея Чалага ў сацыяльнай сетцы (другі) // vk.com
- ↑ Сергей Вячеславович Чалый Архівавана 20 жніўня 2020. // tut.by
- ↑ Сергей Вячеславович Чалый Архівавана 20 жніўня 2020. // tut.by; Online-конференция с Сергеем Чалым с читателями сайта «БелГазеты»
- ↑ Сергей Вячеславович Чалый Архівавана 20 жніўня 2020. // tut.by; Сергей Вячеславович Чалый Архівавана 5 сакавіка 2016. // ekonomika.by; https://www.linkedin.com/in/sergechaly Сяргей Чалы] // linkedin.com
- ↑ Сергей Вячеславович Чалый Архівавана 20 жніўня 2020. // tut.by; Сергей Вячеславович Чалый Архівавана 5 сакавіка 2016. // ekonomika.by
- ↑ Сяргей Чалы // linkedin.com
- ↑ Сергей Чалый
- ↑ Кандидат в президенты Республики Беларусь Короткевич Татьяна Николаевна Архівавана 10 верасня 2017. // Выборы президента Республики Беларусь 11 октября 2015 г.; У давераных асобах Караткевіч — Маслоўскі, Берніковіч, Чалы Архівавана 19 верасня 2021. // Euroradio.fm, 11.09.2015
- ↑ Опубликованы списки доверенных лиц кандидатов в президенты. Среди них — Руммо, Чалый и Щеткина Архівавана 9 лістапада 2017.
- ↑ «Экономика на пальцах» будет выходить в текстовом виде до конца выборов Архівавана 1 снежня 2020.
- ↑ Каманда Беларускага расследавальніцкага цэнтру(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2023. Праверана 11 ліпеня 2023.
- ↑ Свабода, Радыё. Журналістаў Беларускага расьсьледніцкага цэнтру абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук . Радыё Свабода (31 ліпеня 2024). Праверана 31 ліпеня 2024.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сяргей Вячаслававіч Чалы
- Сергей Вячеславович Чалый Архівавана 20 жніўня 2020. // tut.by
- Сергей Вячеславович Чалый Архівавана 5 сакавіка 2016. // ekonomika.by
- Визави. Второй заход в большой доход // belgazeta.by
- Online-конференция с Сергеем Чалым с читателями сайта «БелГазеты» // belgazeta.by
- Online-конференция с Сергеем Чалым с читателями сайта «БелГазеты» // belgazeta.by (копія з кэша Google)
- Профіль Сяргея Чалага на партале livejournal.com
- Сайт грамадскай ініцыятывы «Народная праграма» Архівавана 4 жніўня 2020. // prahrama.by
- «Экономика на пальцах» будет выходить в текстовом виде до конца выборов Архівавана 1 снежня 2020. // tut.by
- Опубликованы списки доверенных лиц кандидатов в президенты. Среди них — Руммо, Чалый и Щеткина Архівавана 9 лістапада 2017. // tut.by
- Кандидат в президенты Республики Беларусь Короткевич Татьяна Николаевна Архівавана 10 верасня 2017. // vybory2015.by