Сяргей Пятровіч Папкоў (нар. 1940)

Сяргей Пятровіч Папкоў (13 лютага 1940, г. Новая Ляля, Свярдлоўская вобласць) — беларускі палітык, і грамадскі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання. Член Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне».

Сяргей Папкоў
сцяг
дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання
1990 — 9 студзеня 1996
 
Партыя
Адукацыя
Дзейнасць палітык
Месца працы
Нараджэнне 13 лютага 1940(1940-02-13) (80 гадоў)

БіяграфіяПравіць

Бацькі ў пачатку 1930-х гадоў мінулага стагоддзя былі рэпрэсаваны бальшавікамі і высланыя ў Расію. Маці, Марыя Якаўлеўна, разам са сваімі бацькамі была выслана з Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці ў Комі-Пярмяцкую акругу. Бацька, Пётр Сафонавіч, быў высланы з Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў гэтыя ж ссыльныя мясцовасці. Быў вялікі падарунак лёсу ў тым, што ў 1947 годзе бацька атрымаў вольную і, не губляючы часу, вярнуўся разам з сям’ёй на сваю радзіму. Дзякуючы гэтаму Сяргей Папкоў з першага па дзясяты класы жыў у беларускім асяродку і вучыўся ў беларускай школе. Гэта стала грунтам для выбару жыццёвай і палітычнай пазіцыі ўжо ў сталыя гады.

Скончыў у 1964 годзе Днепрапятроўскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці сістэмы кіравання беспілотных лятальных апаратаў. У Мінску жыве з 1966 года. Асноўная працоўная дзейнасць праходзіла ў Навукова-даследчым інстытуце па вылічальнай тэхніцы (1966—1971 гг.) і ў Навукова-вытворчым аб’яднанні «Інтэграл» (1972—1993 гг.) на інжынерных пасадах. Кірунак дзейнасці — распрацоўшчык вылічальных машынаў і сістэм[1].

Палітычнай дзейнасцю займаецца з 1987 года. У Беларускім Народным Фронце «Адраджэнне» з 1990 года. Займаецца сістэмным аналізам палітычных, сацыяльных і эканамічных працэсаў. Удзельнічаў у распрацоўцы эканамічнай праграмы Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне».

З 1990 па 9 студзеня 1996 года — дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, ад Кастрычніцкай выбарчай акругі № 21 г. Мінска. Удзельнічаў у распрацоўцы Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, у галадоўцы дэпутатаў апазіцыі 11-12 красавіка 1995 года супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму аб змене дзяржаўнай сімволікі, скасавання статусу беларускай мовы як адзіна дзяржаўнай, праве прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет і эканамічнай інтэграцыі з Расіяй.

Намеснік старшыні Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» і Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ.

Зноскі

  1. ПАПКОЎ СЯРГЕЙ ПЯТРОВІЧ, Сайт партыі КХП-БНФ