Сярэднянёманская нізіна

Сярэднянёманская нізі́на[2][3] — нізіна на захадзе Беларусі, на тэрыторыі Гродзенскага, Шчучынскага і Воранаўскага раёнаў Гродзенскай вобласці, у сярэднім цячэнні ракі Нёман. Часткова заходзіць на тэрыторыю Польшчы і Літвы[2][3].

Сярэднянёманская нізіна
Каардынаты: 53°46′ пн. ш. 24°12′ у. д.HGЯO
Размяшчэнне Беларусь (Гродзенская вобласць), Літва, Польшча
Вышыня над узроўнем мора 110—140 м
Працягласць з поўначы на поўдзень 45 км
Працягласць з захаду на ўсход 60—75 км
Плошча каля 1700[1] км²
Рэкі Нёман, Котра, Пыранка, Нявіша, Гожка, Чорная Ганча
Азёры Белае, Рыбніца, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава
physical
Сярэднянёманская нізіна
Сярэднянёманская нізіна
physical
Сярэднянёманская нізіна
Сярэднянёманская нізіна
Сярэднянёманская нізіна (2001)
Сярэднянёманская нізіна (1977)

Геаграфія і геалогія правіць

Нізіна з’яўляецца фізіка-геаграфічным раёнам акругі Панямонне Заходне-Беларускай правінцыі. У тэктанічных адносінах прымеркавана да Мазурска-Беларускага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Мяжуе з Верхнянёманскай нізінай і Лідскай раўнінай на ўсходзе, Навагрудскім узвышшам на паўднёвым усходзе, Ваўкавыскім узвышшам і Слонімскай узвышанай раўнінай на поўдні, Гродзенскім узвышшам на захадзе.

Плошча тэрыторыі Сярэднянёманскай нізіны на тэрыторыі Беларусі складае каля 1700 км². Цягнецца нізіна ў напрамку з усходу на захад на 60—75 км, з поўначы на поўдзень — да 45 км. Пераважаюць вышыні ад 110 да 140 м над узроўнем мора. Найбольш нізкая адзнака 80 м — урэз ракі Нёман (самая нізкая ў Беларусі)[3]. Крышталічны фундамент залягае на 100—300 м ніжэй узроўню мора, месцамі перакрыты юрскімі магутнасцю да 40 м, познемелавымі (больш за 100 м), палеагенавымі (да 20 м) і антрапагеннымі (60—140 м) адкладамі. Антрапагенныя адклады разнастайныя і складзены з утварэнняў беларускага, бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага, паазерскага зледзяненняў і адкладаў міжледавіковых перыядаў[3]. На паверхні пераважаюць флювіягляцыяльныя і лімнагляцыяльныя пяскі, жвіры, зрэдку жвірова-галечны матэрыял, галацэнавыя азёрныя і балотныя адклады[3].

Карысныя выкапні: гліны, будаўнічыя пяскі, торф.

Рэльеф правіць

Рэльеф тэрыторыі нізіны значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі ў пасляледавіковы час. Тут існавалі вялікія прыледавіковыя азёры. Пад час паазерскага зледзянення было Скідзельскае прыледавіковае возера, пасля спуску якога Нёман атрымаў сцёк у Балтыйскае мора. Пры раставанні паазерскага ледавіка ўтварылася вялікае Сярэднянёманскае возера. Пры адступленні ледавіка ўзровень возера паніжаўся са 123 м да 115 м. У больш позні галацэнавы час сфарміравалася даліна ракі Нёман, якая ў межах Сярэднянёманскай нізіны мае эразійны ўрэз да 25—28 м.

Сучасны рэльеф Сярэднянёманскай нізіны — зандравая раўніна з двума ўзроўнямі (больш высокі 130—140 м прымыкае да Лідскай раўніны). Паверхня плоская, плоскаўзгорыстая, ускладнена тэрмакарставымі западзінамі, эолавымі формамі, невялікімі зарастаючымі азёрамі. Характэрны адзінкавыя дзюны і дзюнавыя грады вышынёй 5—6, часм да 10 м[3].

Гідралогія правіць

Асноўная рака Сярэднянёманскай нізіны — Нёман. Таксама працякаюць рэкі Котра, Пыранка, Нявіша, Гожка, Чорная Ганча. Найбольшыя азёры Белае, Рыбніца, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава.

Прырода правіць

Глебы Сярэднянёманскай нізіны пераважна дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя пясчаныя і супясчаныя, часта забалочаныя, тарфяна-балотныя, у далінах рэк — поймавыя. Лясістасць мясцовасці каля 40 %. Расліннасць належыць да Нёманска-Перадпалескай геабатанічнай акругі[3]. Каля 60 % лясоў хваёвыя, сярод якіх пераважаюць верасовыя і імшыстыя бары. На бярозавыя лясы прыпадае 13—15 %, на яловыя 10 %, на чорнаальховыя 7—9 % агульнай плошчы лясоў[3]. Захаваліся лясныя масівы: Гродзенская пушча, Катранская пушча, Ліпічанская пушча. Тэрыторыя нізіны значна забалочаная. Балоты пераважна нізінныя. Сярод найбольш значных: Святое, Гарачы Бор, Каменны Мост, Масткі-Нівішча[3]. Лугі займаюць каля 10 % плошчы тэрыторыі і знаходзяцца пераважна ў пойме Нёмана і яго прытокаў. У травастоі пераважаюць злакава-разнатраўная расліннасць (цімафееўка лугавая, аўсяніца лугавая, метлюжок, лісахвост і інш.), пашыраны бабовыя (канюшына белая, канюшына чырвоная, чына лугавая), асокі і шматлікае разнатраўе[3].

Зноскі правіць

  1. На тэрыторыі Беларусі
  2. а б БелЭн 2002.
  3. а б в г д е ё ж з і ЭПБ 1986.

Літаратура правіць

  • Сінякова В. Р. Сярэднянёманская нізі́на // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 361. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Сінякова В. Р. Сярэднянёманская нізі́на // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — С. 68. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
  • Геаграфія Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — 383c.: іл. — ISBN 5-85700-056-4.
  • Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. Т. 1 : Земля и недра / [редколлегия: Т. В. Белова и др.] — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 459 с.: цв. ил. — ISBN 978-985-11-0472-6, — ISBN 978-985-11-0472-3 (т. 1).
  • Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн. : БелЭн, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
  • Геоморфология Беларуси: Учебное пособие для студентов геогра­фических и геологических специальностей / Якушко О. Ф., Марьина Л. В., Емельянов Ю. Н. — Мн.: БГУ, 1999. — 173 с. — 400 экз. (руск.)

Спасылкі правіць