Сідар Васілевіч Копаць
Сідар Васілевіч Копаць, Копаць Васілевіч (2-я палова XV ст. — май 1531) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Пісар вялікі літоўскі (?—1531). Адначасова маршалак гаспадарскі (1520—1531). Тым жа часам намеснік жыжморскі (1510—1514), перавальскі (1516—1531), медніцкі (1526—1531), дзяржаўца дарсунішскі (1520-я — 1531).[1]
Сідар Васілевіч Копаць | |
---|---|
![]() Крое III, герб уласны роду Копцяў | |
Смерць | май 1531 |
Род | Копці |
Бацька | Васіль Іванавіч Копаць[d] |
Жонка | Марыя Канстанцінаўна Крошынская[d] |
Дзеці | Васіль Копаць[d], Фядота з Копцяў[d] і Раіна з Копцяў[d] |
Дзейнасць | дзяржаўны служачы |
БіяграфіяПравіць
З роду смаленскіх баяр Копцяў, сын пісара гаспадарскага Васіля Копця. Пад імем Сідар згадваецца толькі ў дакументах ужо 1560—1570-х гадоў. Вядомы з 1501 года калі прасіў вялікага князя Аляксандра пацвердзіць свае смаленскія маёнткі праз крадзеж дакументаў на іх. Прыкладна з 1506 года служыў у Канцылярыі. Пры двары пана Копця Васілевіча цанілі як дасведчанага канцылярыста і рэдка адпускалі па справах не датычных дзейнасці Канцылярыі. Толькі аднойчы ў 1511 годзе ён накіраваны гаспадаром як пасол да Паноў-Рады.[2]
На Попіс 1528 года ставіў 38 «коней», то бок валодаў агулам 304 службамі сялян. Сам пан Копаць Васілевіч быў адным з кіраўнікоў складання гэтага Попісу, апошняй з найбольш значных яго прац у Канцылярыі.[3]
Свой галоўны маёнтак Вейсяі атрымаў у 1516 годзе ад гаспадара абменам на Гошчава Слонімскага павета. Ажаніўся позна з маладой княжной Мар’яй, дачкой князя Канстанціна Крошынскага, якая перажыла мужа на 40 гадоў, пасагам былі 30 службаў «двара» Дубна Гарадзенскага павета. Таксама пану Копцю Васілевічу належалі сёлы Аполле і Русілы Берасцейскага павета і сяло Дзебрава Лідскага павета.[1]
Пахаваны ў саборнай царкве Прачыстай Багародзіцы Пячэрскай ў Кіеве.[4]
Сям’яПравіць
У шлюбе з княжной Мар’яй з Крошынскіх мелі прынамсі сямёра дзяцей, на час смерці бацькі трое сыноў былі непаўналетнія.[5]
- Цімафей (пам. неўзабаве па 1531),
- Фёдар,
- Васіль,
- Іван (да 1531 — 28.2.1563, Гародня), у шлюбе з князёўнай Марынай Львоўнай з Палубінскіх меў дачку Марыну (у шлюбе з Касперам Дэмбінскім) і сына Івана (1.3.1563, Вейсяі — да 10.7.1569), адразу па смерці мужа (да 13.5.1563) ўдава ўзяла другі шлюб са Станіславам Нарушэвічам, вымушаная шукаць абароны да сваякоў[6];
- Ганна, у шлюбе з Іванам Богушавічам Багавіцінавічам,
- Фядора, у першым шлюбе з Есіфам Халецкім, у другім — з Бенедыктам Юрагам,
- Раіна, у шлюбе з князем Іванам Васілевічам Палубінскім.
Зноскі
- ↑ а б Груша, Спірыдонаў, Вайтовіч, 2003, с. 36
- ↑ Груша, Спірыдонаў, Вайтовіч, 2003, с. 36-37
- ↑ Груша, Спірыдонаў, Вайтовіч, 2003, с. 37
- ↑ Сліж, 2021, с. 152
- ↑ Сліж, 2021, с. 154
- ↑ Сліж, 2021, с. 154-155
ЛітаратураПравіць
- Груша А. І., Спірыдонаў М. Ф., Вайтовіч М. А. Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 523. Кніга Публічных спраў 1 / рэдкал.: Г. Я. Галенчанка (адк. рэд.) і інш. — Мінск: Беларуская навука, 2003. — 444 с.
- Сліж Н. Маёмасныя справы Мар’і Канстанцінаўны Крошынскай у святле яе тастаменту // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. Вып. 14. — 2021. — С. 151—163.