Сілезія (правінцыя)
Сілезія (ням.: Schlesien), неафіцыйна таксама Пруская Сілезія (ням.: Preußisch-Schlesien) — пруская правінцыя са сталіцай у горадзе Брэслау. У 1919—1938 гады і ў 1941—1945 гады Пруская Сілезія была падзелена на дзве правінцыі — Верхнюю і Ніжнюю Сілезію. Сёння асноўная частка былой правінцыі Сілезія размешчана на тэрыторыі сучаснай Польшчы і толькі вельмі невялікая яе заходняя частка знаходзіцца ў Германіі, уваходзячы ў склад федэральнай зямлі Саксонія (раёны Баўтцэн і Гёрліц).
Сілезія Schlesien | ||||
---|---|---|---|---|
| ||||
Правінцыя Сілезія ў граніцах 1871 года |
||||
Даведкавая інфармацыя | ||||
Сталіца | Брэслау | |||
Плошча | 37 013 км² (1939) | |||
Насельніцтва | 4 868 764 чал. (1939) | |||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьДалучэнне сілезскіх зямель Гогенцолернамі
правіцьПасля таго як брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых III Гогенцолерн у 1701 годзе абвясціў сябе каралём Прусіі Фрыдрыхам I, тым самым ператварыўшы Прускае герцагства ў каралеўства, назва «Прусія» паступова распаўсюдзілася на ўсе ўладанні Гогенцолернаў як у граніцах Свяшчэннай Рымскай імперыі, так і за яе межамі, хоць фармальна яна адносілася толькі да ўладанняў прускага караля за межамі Свяшчэннай Рымскай імперыі. Пры гэтым іншыя ўладанні прускага караля, якія ўваходзілі ў Свяшчэнную Рымскую імперыю, аж да яе развалу ў 1806 годзе фармальна не з'яўляліся тэрыторыямі Каралеўства Прусія.
У 1742 годзе прускі кароль Фрыдрых II пасля Першай Сілезскай вайны па ўмовах мірнага дагавора ў Брэслау далучыў большую частку Аўстрыйскай Сілезіі, у тым ліку Кладскае графства. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Прусія таксама атрымала тэрыторыі Сявежскага княства, якое таксама з'яўляецца часткай гістарычнай Сілезіі, стварыўшы на іх невялікую правінцыю Новая Сілезія. Аднак ужо ў 1807 годзе тэрыторыя Новай Сілезіі пасля паражэння Прусіі ў вайне з Напалеонам нароўні з іншымі прускімі правінцыямі Паўднёвая Прусія і Новая Усходняя Прусія ўвайшла ў склад створанага па выніках Тыльзіцкага міру Варшаўскага герцагства.
Рэарганізацыя прускіх правінцый
правіцьУ 1815 годзе па выніках Венскага кангрэса па заканчэнні вызваленчых войнаў тэрыторыя Прусіі была значна павялічана. Для лепшай арганізацыі тэрыторыі дзяржавы ў Прусіі была праведзена адміністрацыйная рэформа, якая прадугледжвала поўную перабудову правінцыйнага падзелу і заснаванне пасады обер-прэзідэнта ў правінцыях. У час гэтай рэформы Пруская Сілезія была пашырана за кошт Верхняй Лужыцы.
У 1815 годзе на тэрыторыі правінцыі Сілезія былі створаны чатыры адміністрацыйныя акругі:
- Адміністрацыйная акруга Брэслау, цэнтр — Брэслау.
- Адміністрацыйная акруга Лігніц, цэнтр — Лігніц.
- Адміністрацыйная акруга Опельн, цэнтр — Опельн.
- Адміністрацыйная акруга Райхенбах (1815—1820), цэнтр — Райхенбах.
Ужо ў 1820 годзе акруга Райхенбах была скасавана і падзелена паміж суседнімі акругамі Брэслау і Опельн.
Верхнесілезкі плебісцыт
правіцьПасля Першай сусветнай вайны была абвешчана Другая Польская Рэспубліка, якая адразу ж высунула тэрытарыяльныя прэтэнзіі на частку ўсходніх правінцый Прусіі. Каб прыцягнуць славянскую большасць на ўсходзе Сілезіі на свой бок, у 1919 годзе з тэрыторыі правінцыі Сілезія была вылучана акруга Опельн, якая ўтварыла новую самастойную правінцыю Верхняя Сілезія. Астатняя ж частка была пераназвана ў Ніжнюю Сілезію. Гэтым крокам была прадпрынятая спроба даць верхнесілезкім славянскім народам больш аўтаноміі, каб захаваць гэту тэрыторыю ў складзе Германіі пасля рэферэндуму, прызначанага Версальскім дагаворам.
У 1920 годзе Германія, таксама паводле Версальскага дагавора, была вымушана саступіць рэгіён Глучын Чэхаславакіі. Пасля польскіх паўстанняў і верхнесілезкага рэферэндуму ў 1922 годзе Германіі ўсё ж прыйшлося перадаць Польшчы ўсходнюю частку правінцыі Верхняя Сілезія.
У Трэцім рэйху
правіцьУ Трэцім рэйху дэ-факта з 1933 года пасля абвяшчэння палітыкі «гляйхшальтунга» абедзве правінцыі Ніжняя і Верхняя Сілезія кіраваліся адной асобай — гаўляйтарам гау Сілезія. У 1938 годзе абедзве правінцыі былі аб'яднаны ўжо афіцыйна ў адзіную правінцыю Сілезія, аднак неўзабаве пасля акупацыі Чэшскай Сілезіі і польскай кампаніі вермахта ў 1939 годзе тэрыторыя прускай Сілезіі была значна пашырана за кошт анексаваных рэгіёнаў. У кастрычніку 1939 года на новых тэрыторыях у складзе правінцыі Сілезія была створана адміністрацыйная акруга Катавіц з цэнтрам у Катавіцы. У лістападзе 1939 года тэрыторыі акруг Опельн і Катавіц былі яшчэ нязначна пашыраны за кошт перадачы прыгранічных зямель з Генерал-губернатарства ў склад Прускай Сілезіі. У сувязі са значным пашырэннем агульнай плошчы правінцыі Сілезія ў студзені 1941 года яна зноў была падзелена на дзве — Ніжнюю Сілезію з акругамі Брэслау і Лігніц і Верхнюю з акругамі Опельн і Катавіц.
Дзве падзеленыя правінцыі праіснавалі аж да 1945 года. Пасля вайны рэгіён амаль цалкам апынуўся пад польскім кіраваннем. Сёння асноўная частка былой правінцыі Сілезія размешчана на тэрыторыі сучасных Ніжнесілезскага і Апольскага ваяводстваў Польшчы і толькі вельмі невялікая частка ўваходзіць у склад Германіі як частка федэральнай зямлі Саксонія (раёны Баўтцэн і Гёрліц). Чэшская Сілезія зноў з'яўляецца часткай Чэхіі.
Геаграфія і эканоміка
правіцьПаўночная частка правінцыі ўяўляла з сябе нізінную, а паўднёвая — гарыстую мясцовасць. Тэрыторыя Сілезіі амаль цалкам належала да басейна ракі Одэр, толькі на паўднёвым усходзе яе захоплівала Вісла, а на захадзе праз яе тэрыторыю працякалі рэкі, якія ўваходзяць у сістэму Эльбы: Ізер, Шпрэе і Чорны Эльстэр. Па тэрыторыі правінцыі працякалі шматлікія прытокі Одэра: Ольза, Клодніц, Малапана, Вейда, Барч, Опа, Цына, Гоцэнплоц, Глацкая Нёйса, Олау, Вейстрыц і Кацбах. Бобер і Лужыцкая Нёйса ўпадалі ў Одэр за межамі правінцыі[1].
На значнай частцы Сілезіі (каля паловы ўсёй паверхні правінцыі) меліся ўрадлівыя глебы. Пасля правінцыі Саксонія Сілезія давала найбольшую колькасць пшаніцы і ячменю ў Прусіі. Акрамя таго, вялікія ўраджаі давалі пасевы ржы, бульбы і бабовых. Акрамя таго апрацоўваліся цукровы бурак, тытунь, цыкорый і хмель. У цэлым, пладаводства і вінаградарства квітнелі ў Грунбергу, Бейтэне і Мускау. Значна былі развіты таксама жывёлагадоўля (гадоўля коней, буйной рагатай жывёлы, авечак, коз і свіней) і пчалярства[1].
На тэрыторыі правінцыі размяшчаўся Верхнесілезкі каменнавугальны басейн — найбуйнейшы ў Германіі. Здабываліся таксама жалезныя, цынкавыя, срэбра-свінцовыя і медныя руды і серны калчадан. Вельмі развіты былі металургія (выплаўляліся чыгун, цынк, срэбра), апрацоўка металаў, машынабудаванне і выраб інструментаў, а таксама апрацоўчая прамысловасць (апрацоўка валакністых рэчываў). Сілезія славілася вытворчасцю лепшых пяньковых і льняных палотнаў ва ўсёй Прусіі. Таксама было развіта і баваўняная вытворчасць, пража шэрсці і вытворчасць шарсцяных тканін. Вялікае значэнне мелі таксама цукровая, мукамольная, вінакуранае і піваварная вытворчасці, а таксама папяровая і гарбарная вытворчасці. Галоўны гандлёвы цэнтр правінцыі — Брэслау. Асноўная навучальная ўстанова правінцыі — Універсітэт Брэслау[1].
Насельніцтва
правіцьСтатыстычныя даныя
правіцьНацыянальны склад правінцыі быў разнастайны. У 1895 годзе з 4 415 309 жыхароў налічвалася 973 586 палякаў, 68 797 чэхаў і 26 299 вендаў; астатняе насельніцтва — немцы. У канфесійным плане ў 1895 годзе сярод жыхароў правінцыі налічвалася 2 384 754 каталікоў, 1 974 629 пратэстантаў, 8155 прадстаўнікоў іншых хрысціянскі спавяданняў і 47 543 яўрэяў. Земляробствам, жывёлагадоўляй, лесаводствам і рыбнай лоўляй было занята 46,9 % працаздольнага насельніцтва; у горнай справе і апрацоўчай прамысловасці — 43,2 %, гандлем і транспартнай справай — 9,7 %[1].
Тэрыторыя і насельніцтва правінцыі Сілезія ў 1900 годзе:[2]
Адміністрацыйная акруга | Плошча, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Лігніц | 13.610,20 | 1.102.992 | 19 | 2 |
Акруга Брэслау | 13.483,63 | 1.697.719 | 23 | 2 |
Акруга Опельн | 13.225,36 | 1.868.146 | 19 | 5 |
Усяго па правінцыі | 40.319,19 | 4.668.857 | 61 | 9 |
Плошча і колькасць насельніцтва правінцыі Сілезія і асобных яе адміністрацыйных акруг станам на 17 мая 1939 года ў граніцах на 1 студзеня 1941 года і колькасць раёнаў на 1 студзеня 1941 года:[3]
Адміністрацыйная акруга | Плошча, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Лігніц | 14.023,41 | 1.314.710 | 17 | 4 |
Акруга Брэслау | 12.957,64 | 1.971.829 | 18 | 4 |
Акруга Опельн | 11.694,61 | 1.374.232 | 15 | 3 |
без былых польскіх тэрыторый | 8.943,97 | 1.047.808 | ||
былыя польскія тэрыторыі | 2.750,64 | 326.424 | ||
Акруга Катавіц | 8.923,64 | 2.966.852 | 12 | 6 |
без былых польскіх тэрыторый | 1.088,12 | 534.417 | ||
былыя польскія тэрыторыі | 7.835,52 | 2.432.435 | ||
Усяго па правінцыі | 47.599,30 | 7.627.623 | 62 | 17 |
без былых польскіх тэрыторый | 37.013,14 | 4.868.764 | ||
былыя польскія тэрыторыі | 10.586,16 | 2.758.859 |
Гарадское і сельскае насельніцтва
правіцьРазмеркаванне насельніцтва Сілезіі па розных тыпах населеных пунктаў у залежнасці ад іх велічыні па агульнай колькасці жыхароў станам на 17 мая 1939 года[3]:
Год | Доля насельніцтва па катэгорыях населеных пунктаў па колькасці жыхароў | ||
---|---|---|---|
меней 2.000 жыхароў | 2.000 — 100.000 жыхароў | больш 100.000 жыхароў | |
1939 | 41,2 % | 38,8 % | 20,0 % |
Обер-прэзідэнты
правіцьПасада обер-прэзідэнта ўведзены ў Прусіі паводле ўказу ад 30 красавіка 1815 года пра паляпшэнне арганізацыі правінцыйнага кіравання (ням.: Verordnung wegen verbesserter Einrichtung der Provinzial-Behörden).
Гады | Обер-прэзідэнт | Партыя |
---|---|---|
1816—1820 | Фрыдрых Тэадор фон Меркель | |
1824—1825 | Морыц Гаўбальд фон Шонеберг | |
1825—1825 | Ганс Граф фон Бюлаў | |
1825—1845 | Фрыдрых Тэадор фон Меркель | |
1845—1848 | Вільгельм фон Ведэль | |
1848—1848 | Ганс Давід Людвіг Граф Ёрк фон Вартэнбург | |
1848—1848 | Юліус Піндэр | |
1848—1868 | Ёган Эдуард фон Шляйніц | |
1869—1872 | Эберхард цу Штольберг-Вернігеродэ | |
1873—1874 | Фердынанд фон Нордэнфлюхт | |
1874—1877 | Адольф фон Арнім-Бойцэнбург | |
1877—1879 | Роберт Віктар фон Путкамер | |
1879—1894 | Ота Тэадор фон Зайдэвіц | |
1894—1903 | Герман фон Гацфельд | |
1903—1909 | Роберт фон Цэдліц-Труцшлер | |
1910—1910 | Ёхан фон Дальвіц | |
1910—1919 | Ганс Лаўхлан фон Гюнтэр | |
1919—1919 | Фелікс Філіп | |
1919—1938 | паасобнае існаванне Верхняй і Ніжняй Сілезіі | |
1938—1941 | Ёзэф Вагнер | НСДАП |
Фелікс Філіп пасля падзелу правінцыі на Верхнюю і Ніжнюю Сілезію працягнуў кіраванне Ніжняй Сілезіяй да 1920 года.
Гаўляйтар партыйнага гау Сілезія Ёзэф Вагнер у 1935—1938 гг. адначасова быў таксама і обер-прэзідэнтам як у Верхняй, так і ў Ніжняй Сілезіі, а пасля іх афіцыйнага аб'яднання ўзначаліў і аб'яднаную правінцыю.
Зноскі
- ↑ а б в г Силезия прусская // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Provinz Schlesien // Gemeindeverzeichnis Deutschland 1900 (ням.)
- ↑ а б Fläche und Bevölkerung der größeren Verwaltungsbezirke (S. 8), Zahl der Gemeinden und Kreise (S. 21), Bevölkerung nach Gemeindegrößenklassen (S. 22) (ням.). Statistisches Jahrbuch für das Deutsche Reich 1939/40 (Digitalisat).
Спасылкі
правіцьСілезія (правінцыя) на Вікісховішчы |
- Deutsche Verwaltungsgeschichte: Preußische Provinz Schlesien Архівавана 7 чэрвеня 2017. (ням.)
- Territoriale Veränderungen in Deutschland: Provinz Schlesien (ням.)
- Provinz Schlesien (Herzogtum Schlesien) (ням.)