Сінкевіцкая аперацыя

Баявая аперацыя беларускіх партызан

Сінкевіцкая аперацыя — баі партызанскіх атрадаў імя М. Ц. Шыша (уваходзіў у партызанскую брыгаду імя В. М. Молатава), «Пятровіча» (уваходзіў у склад партызанскай брыгады імя С. М. Кірава) з нямецкімі акупацыйнымі войскамі ў вёсцы Сінкевічы Ленінскага раёна і на чыгуначнай станцыі Сінкевічы 30 кастрычніка 1942 года.

Сінкевіцкая аперацыя
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна
Дата 30 кастрычніка 1942
Месца Сінкевічы
Вынік Перамога партызан
Праціўнікі
Сцяг Нацысцкай Германіі Гарнізон Сцяг СССР партызанскі атрад імя М. Ц. Шыша
Сцяг СССР партызанскі атрад «Пятровіча»
Камандуючыя
невядома Сцяг СССР А. П. Савіцкі
Сцяг СССР М. І. Герасімаў
Сілы бакоў
больш за 100 чалавек каля 200 чалавек
Страты
74 забітых, 14 параненых, 6 узяты ў палон 3 забітых, 4 параненых

Перадумовы правіць

З мэтай зрыву руху цягнікоў па чыгунцы БрэстГомель штаб Пінскага партызанскага злучэння распрацаваў план аперацый па адначасовым разгроме нямецкага гарнізона ў вёсцы і на чыгуначнай станцыі Сінкевічы і падрыву 70-мятровага чыгуначнага маста цераз раку Лань. Аперацыяй кіравалі камандзіры атрадаў «Пятровіча» А. П. Савіцкі і імя Шыша М. І. Герасімаў. Партызанская разведка ўстанавіла колькасць і ўзбраенне гарнізона праціўніка ў вёсцы, аховы станцыі і моста (больш за 100 салдат, узброеных станковымі і 5 ручнымі кулямётамі, аўтаматамі і вінтоўкамі). Для ўдзелу ў аперацыі было выдзелена каля 200 партызан, узброеных 11 ручнымі кулямётамі, 12 аўтаматамі, вінтоўкамі. Каб не дапусціць падыходу падмацавання з бліжэйшых гарнізонаў праціўніка, групы прыкрыцця вывелі са строю тэлефонна-тэлеграфную лінію сувязі, грунтавыя дарогі, чыгунку. Астатнія групы павінны былі нанесці адначасовы ўдар па гарнізоне ў вёсцы, ахове моста і ўзарваць яго.

Ход аперацыі правіць

На досвітку 30 кастрычніка 1942 года ўдарныя групы напалі на паліцэйскі ўчастак, будынак камендатуры і ахову лесапільнага завода, якія знаходзіліся ў вёсцы Сінкевічы, падпалілі іх і хутка падавілі супраціўленне гітлераўцаў. Знішчыўшы праціўніка на станцыі, партызаны падпалілі састаў з боепрыпасамі. Узрывамі бомбаў і снарадаў падпаленага эшалона быў знішчаны будынак станцыі, уся станцыйная гаспадарка і чыгуначнае палатно. Ахова моста спрабавала адысці па балоце ў бок ракі Прыпяць, але трапіла пад агонь партызан і была знішчана. Партызаны авалодалі чыгуначным мостам, замініравалі яго і падарвалі. Групы прыкрыцця адбілі падраздзяленні праціўніка, якія спяшаліся на дапамогу гарнізону са станцыі Лахва і вёскі Сітніца.

Вынікі правіць

У ходзе гадзіннага бою былі падарваны чыгуначны мост цераз раку Лань, два іншыя чыгуначныя масты (даўжынёй 10 і 14 м), 4 на грунтовых дарогах, знішчана 3 км тэлефонна-тэлеграфнай ліні сувязі, спалены эшалон з боепрыпасамі, лесапільны і малочны заводы, будынкі станцыі і акупацыйных улад. У выніку аперацыі рух на чыгунцы быў спынены на доўгі час. Страты праціўніка: 74 забітыя, 14 параненых і 6 узятыя ў палон. Партызаны страцілі 3 забітымі і 4 параненымі.

Памяць правіць

У памяць аб баявых дзеяннях партызан у 1963 годзе на будынку станцыі Сінкевічы ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Літаратура правіць

  • М. І. Філімоненкаў. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.:І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.