Таварыства беларускай асветы

Таварыства беларускай асветы (ТБА) — культурна-асветная арганізацыя ў Заходняй Беларусі ў 19321937 гг.

Створана ў Вільні на аснове Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза), зарэгістравана 22 снежня 1932 г. Арганізатары і кіраўнікі А. Луцкевіч, Р. Астроўскі, А. Трэпка, Я. Шнаркевіч, С. Кароль, Я. Бартуль, В. Манкевіч і інш. 3 1933 г. выдавала газету «Родны край».

Мэты правіць

Паводле статута мэтай ТБА з'яўлялася «праца над развіццём беларускай культуры, пашырэннем школьнай і пазашкольнай асветы беларусаў на іх роднай мове, уздымам маральнага ўзроўню і вывучэннем польскай культуры, культурных адметнасцей іншых народаў, якія жывуць на супольнай з беларусамі тэрыторыі».

Дзейнасць правіць

Таварыства беларускай асветы знаходзілася пад арганізацыйным кіраўніцтвам беларускай санацыі. Першапачаткова было заяўлена, што таварыства не будзе ставіць «вузкіх мэтаў той ці іншай партыі», а абмяжуецца адным культурніцтвам. У 1933 г. пачалі ўтварацца гурткі, адкрыты 33 бібліятэкі-чытальні, наладжваліся лекцыі, спектаклі вандроўных тэатраў, разгорнута выдавецкая дзейнасць. ТБА дамагалася адкрыцця беларускіх школ, умацавання ўцалелых Віленскай і Навагрудскай беларускіх гімназій, выступала супраць паланізацыі, хоць не адмаўляла супрацоўніцтва з польскімі культурна-асветнымі арганізацыямі, асуджала палітычныя рэпрэсіі ў БССР.

Кіраўніцтва ТБА заклікала Таварыства беларускай школы (ТБШ) да сумесных школьных акцый, але імкнулася не дапусціць заходнебеларускую моладзь да ўдзелу ў палітычнай барацьбе. Дзейнасць ТБА жорстка крытыкавалі дзеячы КПЗБ і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД). ТБА праследавалася польскімі ўладамі, адчувала фінансавыя цяжкасці. Эфектыўнай працы таварыства перашкаджалі ўзаемныя спрэчкі. А. Луцкевіч і А. Трэпка імкнуліся адстойваць незалежніцкія погляды, не ўхвалялі паланізацыю, настойвалі на збліжэнні ТБА з БХД; Р. Астроўскі выступаў за супрацоўніцтва з рэжымам санацыі, супраць паразумення з беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі. Пасля іх канчатковага разрыву ў 1934 г. дзейнасць ТБА прыйшла ў заняпад. 3-за палітычных меркаванняў таварыства адмовілася далучыцца да заключанага ў лютым 1936 г. пагаднення паміж ТБШ і Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры аб адзінстве дзеянняў у школьнай справе, назваўшы яго «акцыяй Камінтэрна».

Арганізацыя забаронена польскімі ўладамі 20 жніўня 1937 г.

Літаратура правіць

  • Вабішчэвіч, А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) / Аляксандр Вабішчэвіч // Беларускі гістарычны часопіс. — 1994. — № 2. — С.
  • Вабішчэвіч, А. Таварыства беларускай асветы / Аляксандр Вабішчэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 488. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Ладысев, В. Ф. В борьбе за демократические права и свободы: (Из исторического опыта Компартии Западной Белоруссии, 1926—1938 гг.) / В. Ф. Ладысев; Ин-т истории партии при ЦК КПБ—филиал Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Мн.: Беларусь, 1988. — 189, [2] с. — ISBN 5-338-00002-4.
  • Полуян, В. А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927-1939 гг.) / В. А. Полуян; АН БССР, Ин-т истории. — Мн.: Наука и техника, 1978. — 359 с.