Адкрыць галоўнае меню

Таварыства беларускай школы

Таварыства беларускай школы (ТБШ) — культурна-асветная арганізацыя ў Заходняй Беларусі. У 1996 у Рэспубліцы Беларусь дзейнасць ТБШ была адноўлена: утворана грамадскае аб'яднанне з такой жа назвай.

Галоўная ўправа ТБШ (злева направа) у першым радзе: Міхась Пяткевіч, Фелікс Стацкевіч, Сяргей Паўловіч, Мітрафан Кепель; у другі радзе: Рыгор Шырма, Піліп Кізевіч, Мікалай Марцінчык.

Утварэнне, кіруючыя органыПравіць

Таварыства беларускай школы было створана на аснове рашэння Цэнтральнай беларускай школьнай рады ў Вільні, статут зацверджаны 1 ліпеня 1921. Да яго далучылася ТБШ у Радашковічах, заснаванае Б. Тарашкевічам 7 снежня 1921. Акрамя Тарашкевіча, кіраўнікамі і актыўнымі дзеячамі ТБШ у розны час былі Р. Астроўскі, Ф. Валынец, Я. Гаўрылік, І. Грэцкі, І. Дварчанін, П. Кізевіч, П. Крынчык, А. Луцкевіч, М. Марцінчык, П. Мятла, С. Паўловіч, М. Пяткевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Станкевіч, Ф. Стацкевіч, А. Неканда-Трэпка, А. Уласаў, Я. Шнаркевіч і інш. Напачатку кіруючымі яго органамі былі Цэнтральная школьная і Наглядная рады. Паводле статута 1926 вышэйшым органам ТБШ быў з'езд, паміж з'ездамі — Галоўная ўправа, якая мела Наглядную раду, акруговыя і павятовыя ўправы. Друкаваныя органы — «Бюлетэнь ТБШ», часопіс «Летапіс ТБШ» (гл. «Беларускі летапіс»), газета «Шлях».

Мэты і задачыПравіць

ТБШ імкнулася распаўсюджваць і дапамагаць асвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускія школы і беларускую асвету наогул. Асноўная мэта дзейнасці была абвешчана ў Статуце: «пашыраць і памагаць асвеце ў беларускім нацыянальным, людскім і хрысціянскім духу». Таварыства адкрывала і ўтрымлівала народныя школы і дамы, курсы, настаўніцкія семінары, чытальні-бібліятэкі, сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, выдавала часопісы, падручнікі і іншую літаратуру, займалася канцэртнай дзейнасцю. ТБШ выступала супраць паланізацыі, сацыяльнага прыгнёту, праводзіла шырокую дзейнасць па адкрыцці беларускіх школ, павышала агульнаадукацыйны і культурны ўзровень насельніцтва, яго нацыянальную свядомасць.

ДзейнасцьПравіць

У першыя гады існавала ТБШ пазбягала палітычных метадаў і сродкаў змагання, было прыхільнае выключна асветніцтву. Наладжвала курсы для настаўнікаў, аказвала матэрыяльную і навучальна-метадычную дапамогу Віленскай, Радашковіцкай, Навагрудскай, Клецкай і іншым беларускім гімназіям і пачатковым школам, нелегальна накіроўвала моладзь на вучобу за мяжу, у т.л. ў БССР. 3 утварэннем Беларускага пасольскага клуба адстойвала нацыянальныя правы на парламенцкім узроўні. Для павышэння эфектыўнасці навучання і выхавання, абароны нацыянальнай адукацыі правяло 11-14 красавіка 1923 у Вільні з'езд педагогаў беларускіх гімназій. Удзельнічала ў падрыхтоўцы падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, арганізавала кнігавыдавецкую дзейнасць (з 1921 у Вільні працавала Выдавецтва Таварыства беларускай школы).

Пад уплывам і кіраўніцтвам Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), беларускага пасольскага клуба «Змаганне», а таксама Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ТБШ ператварылася ў масавую арганізацыю. 3 1926 атрымала магчымасць легальнай працы ў Віленскім, Навагрудскім, Палескім і Беластоцкім ваяводствах. Грамадаўскі ўздым садзейнічаў складванню прынцыпаў арганізацыйнай пабудовы, асноўных форм і метадаў работы ТБШ. 3-за непрызнання рэвалюцыйных поглядаў частка дзеячаў стварыла ў 1926 альтэрнатыўную культурна-асветную арганізацыю — Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГіК). У канцы 1927 па ўсёй Заходняй Беларусі дзейнічала 12 акруговых упраў ТБШ — у Баранавічах, Беластоку, Вілейцы, Гродне, Глыбокім, Косаве, Лідзе, Міры, Навагрудку, Свіслачы, Слоніме і Вільні (яе функцыі выконвала праўленне цэнтральнага гарадскога гуртка). I з'езд ТБШ (28-29 снежня 1927, Вільня) пастанавіў дамагацца адкрыцця дзяржаўных беларускіх пачатковых школ, беларускіх гімназій і настаўніцкіх курсаў, семінарыі, стварэння пры Віленскім і Палескім школьных папячыцельствах беларускіх аддзелаў, заснавання кафедры беларусазнаўства ў Віленскім універсітэце імя С. Баторыя і інш. Перад гурткамі была пастаўлена задача па разгортванні розных форм асветнай працы. Да сярэдзіны 1928 колькасць гурткоў дасягнула 430 (14-15 тыс. чал.), у сярэдзіне 1930 — перавысіла 500 (больш за 15 тыс. чал., паводле інш. звестак — каля 30 тыс. чал.); пераважная болышсць іх функцыянавала ў сельскай мясцовасці.

Пасля разгрому БСРГ таварыства ператварылася ў «другую лінію акопаў», у яго складзе апынулася шмат былых членаў Грамады. Легальны характар ТБШ шырока выкарыстоўвала КПЗБ. Таварыства выкрывала антыбеларускую сутнасць школьнага заканадаўства Польшчы, арганізавала масавую кампанію падачы заяў аб адкрыцці беларускіх школ. У 1924-25 было пададзена каля 16 тыс. заяў (на 412 школ), да 1928 — больш за 30 тыс. (на 1229 школ). Санацыйны рэжым зрабіў некаторыя ўступкі: у 1927/28 навуч. годзе было адкрыта 78 беларускіх і польска-беларускіх школ, дадзена права выпускнікам Віленскай беларускай гімназіі здаваць экзамены на атэстат сталасці, наладжаны метадычныя канферэнцыі і інш. Для правядзення асветнай работы сярод насельніцтва ТБШ стварала гурткі самаадукацыі, бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы, народныя дамы, арганізоўвала драматычныя і харавыя калектывы, наладжвала іх выступленні. Галоўная ўправа арганізавала ў Вільні пры Беларускім народным тэатры падрыхтоўку інструктараў па мастацкай самадзейнасці. Драматычныя гурткі і секцыі ставілі творы беларускіх, украінскіх, польскіх драматургаў, у т.л. «Паўлінку» Я. Купалы, «Антось Лата» Я. Коласа, «Модны шляхцюк» К. Каганца, «Збянтэжаны Саўка» Л. Родзевіча, «Суд» У. Галубка, «У зімовы вечар» Э. Ажэшкі і інш. У рэпертуары хароў пераважалі беларускія народныя песні.

Таварыства выказвала рашучы пратэст супраць закрыцця беларускіх гімназій і пачатковых школ, выступала за дэмакратызацыю народнай адукацыі. У 1927 надрукавана «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)» І. Дварчаніна. Летам 1927 і 1928 у Радашковічах былі арганізаваны настаўніцкія курсы. А. Паўловіч у брашуры «Аб арганізацыі беларускай працоўнай школы» (1928) і ў «Беларускім календары» на 1929 выклаў бачанне мэтаў, задач і зместу выхавання. Разам з іншымі прадстаўнікамі заходнебеларускай грамадскасці ён выступаў з рэзкім асуджэннем увядзення ў існуючыя беларускія і польска-беларускія пачатковьы школы буквара з лацінскай азбукай. У брашуры «Некалькі ўваг аб беларускім „Лемантары“ Ст. Любіч-Маеўскага» (1929, пад псеўд. Паляшук) Паўловіч прызнаў яго шкодным для нацыянальнай свядомасці дзяцей.

Пасля забароны польскімі ўладамі ў жніўні 1928 Галоўнай управы (да жніўня 1929) пад уздзеяннем ідэйна-палітычнага размежавання адбылася палярызацьы поглядаў у кіраўніцтве ТБШ наконт характару яго дзейнасці. Дзеячы КПЗБ, клуба «Змаганне» выступалі за палітызацыю работы таварысва, прадстаўнікі нацыянальна-дэмакратычнай інтэлігенцыі настойвалі абмежавацца толькі асветнай працай, што ўспрымалася як згодніцтва. На нелегальным з'ездзе ТБШ у Вільні 19 мая 1929 былі прыняты рэзалюцыі (агульнапалітычная, пратэст супраць праследаванняў з боку польскіх улад), а таксама выключаны з таварыства за «школьную дзейнасць» праціўнікі палітызацыі (Р. Астроўскі, А. Луцкевіч, А. Неканда-Трэпка, Я. Шнаркевіч, А. Коўш і інш.). Лявацка-сектанцкі падыход КПЗБ да нацыянальнага пытання ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. адмоўна паўплываў на становішча Таварыства, яго барацьбу супраць паланізацыі беларускага насельніцтва. Польскія ўлады закрылі беларускія гімназіі ў Радашковічах (1929), Клецку (1931), Навагрудку (1934), шэраг беларускіх пачатковых школ, перашкаджалі дзейнасці ТБШ, забаранялі акруговыя і павятовыя з'езды, управы, гурткі, клубы, бібліятэкі, арыштоўвалі і судзілі кіраўнікоў, актывістаў. У 1928 — ліпені 1930 забаронена дзейнасць 6 акруговых упраў і больш за 300 гурткоў. 1-4 лютага 1933 у Вільні адбыўся суд над Галоўнай управай ТБШ. Абвінавачанне ў падрыхтоўцы «камуністычнай змовы» не было пацверджана — Ф. Стацкевіч, Р. Шырма, М. Пяткевіч былі апраўданы, М. Церах і Ю. Саковіч атрымалі па 3, Я. Скурко (Максім Танк) — 2 гады турэмнага зняволення. У 1930-33 з-за ганенняў не ўдалося правесці агульны з'езд ТБШ. Да восені 1932 колькасць гурткоў зменшылася да 150 (каля 4 тыс. чал.), засталася 1 акруговая ўправа ў Беластоку (забаронена ў сакавіку 1934).

Негатыўны ўплыў зрабілі палітычныя рэпрэсіі ў 1930-я г. ў БССР у адносінах да былых кіраўнікоў і актывістаў ТБШ С. Рак-Міхайлоўскага, П. Мятлы, І. Дварчаніна, Ф. Валынца, Я. Гаўрыліка, Б. Тарашкевіча і інш. Галоўная ўправа падвяргалася беспадстаўным абвінавачванням з боку КПЗБ. Хоць на нелегальным з'ездзе 17 чэрвеня 1934 быў выказаны заклік да ажыўлення працы, Галоўная ўправа па-ранейшаму была паралізавана дэструктыўнымі дзеяннямі камуністаў. 3-за ідэйна-палітычных разыходжанняў не было наладжана супрацоўніцтва з іншымі культурна-асветнымі арганізацыямі, у т.л. створаным у 1932 Таварыствам беларускай асветы.

Магчымасці для аднаўлення дзейнасці ТБШ з'явіліся пасля выпрацоўкі КПЗБ такгыкі адзінства дзеянняў і стварэння шырокага антыфашысцкага народнага фронту. У студзені 1936 Галоўная ўправа заклікала нізавыя струкгуры аднаўляць дзейнасць. У лютым 1936 было заключана пагадненне паміж ТБШ і БІГіК аб адзінстве дзеянняў у школьнай справе, прынята сумесная дэкларацыя аб дамаганні роднай школы, створаны агульны Школьны сакратарыят. Была выдадзена і распаўсюджана інструкцыя з юрыдычнымі даведкамі па школьным заканадаўстве з практычнымі парадамі, арганізавана падача дэкларацый пра адкрыццё беларускіх школ у Баранавіцкім, Браслаўскім, Ваўкавыскім, Вілейскім, Маладзечанскім, Слонімскім і інш. паветах. Польскія ўлады аказвалі супрацьдзеянне школьнаай акцыі: праводзіліся канфіскацыі дэкларацый, рэвізіі, затрымкі карэспандэнцыі на пошце, арышты ўпаўнаважаных, запалохванне і інш. Цеснаму ўзаемаіадзеянню ТБШ і БІГіК перашкаджалі недаверлівыя адносіны паміж дзеячамі ШЗБ і Бел. хрысціянскай дэмакратыі, Бел. нац. аб'яднання). Нягледзячы на цяжкасці, Школьны сакратарыят атрымаў каля 4,5 тыс. заяў з месцаў. 5 ліпеня 1936 адбыўся агульны сход кіраўнікрў ТБШ і яго віленскага актыву, на якім праведзены выбары, абмеркаваны пытанні аб рабоце арг-цыі і яе задачах. Амаль поўная адсутнасць беларускіх школ (у канцы 1936 снавалі 8 беларускіх і 14 польска-беларускіх пачатковых школ, адзіная беларуская гімназія ў Вільні) выклікала пашырэнне самаадукацыі, хатняга навучання. Прапагандай гэтага сродку атрымання ведаў займаўся часопіс «Беларускі летапіс». Паўловіч склаў і выдаў буквар для хатняга навучання «Першыя зярняткі» (1936, у 1937 — «Засеўкі» на лацінцы). Кіраўнікі і актывісты ТБШ 13 снежня 1936 прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях Дня беларускай культуры ў Вільні, прымеркаваных да 15-годдзя ТБШ, іншых угодкаў.

ТБШ забаронена польскімі ўладамі 2 снежня 1936. Адноўлена ў Рэспубліцы Беларусь у 1996 годзе.

ЛітаратураПравіць

  • Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Бел. гіст.. часоп. 1994. № 2.
  • Вабішчэвіч А. Таварыства беларускай школы (1921—1936 гг.) // Бел. гіст. часоп. 1997. № 1.
  • Вабішчэвіч А. Таварыства беларускай школы: першыя гады існавання // Спадчына. 1996. № 5.
  • Ладысеў У. Выпрабаванні часам і жыццём: (Да 75-годдзя ўтварэння і дзейнасці Кампартыі Заходняй Беларусі) // Бел. гіст. часоп. 1998. № 4.
  • Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993.
  • Праўрацкі В. Станаўленне і пачатковае развіццё беларускай школы на тэрыторыі сучаснага Мядзельскага раёна // Нашы карані: Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер'я. — Паставы, 2003. — № 5. — С.25-29.

СучаснасцьПравіць

22.3.1996 было створана Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Таварыства беларускай школы», якое зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі.

Арганізацыя аб'ядноўвае грамадзян з мэтай садзейнічання фарміраванню нацыянальнай адукацыйнай сістэмы ўсіх узроўняў (ад дашкольных да вышэйшых навучальных і выхаваўчых устаноў), захаванню і развіццю беларускай культуры, традыцый і духоўнасці. Прэзідэнты ТБШ — Генадзь Пятроўскі (былы першы намеснік міністра адукацыі), з 1999 г. (старшыня з 2003 г.) — Алесь Лозка (дырэктар Беларускага навукова-метадычнага цэнтра гульні і цацкі Міністэрства адукацыі, затым дацэнт БДПУ).

У кіраўніцтве ТБШ працавалі ці працуюць: акадэмік Леанід Ціханаў, прафесары Віктар Цітоў, Мікола Савіцкі, Аляксандр Перасыпкін, Ілля Сучкоў, Аляксей Рагуля, педагогі Лявон Баршчэўскі, Бярнарда Іванова, Уладзімір Колас, Міхась Круталевіч, Васіль Ліцьвінка, Галіна Мартыновіч, Пятро Садоўскі, Тамара Мацкевіч, Алесь Сядзяка, Мікола Ермаловіч, Уладзімір Содаль, Мікалай Запрудскі, Валянцін Вячорка і інш.

Выданні ТБШПравіць

  1. Антон Грыневіч. Беларускі дзіцячы сьпеўнік з беларускіх нар. матываў і лірыкі, сабраных у 1905 – 1924 г.г. Вільня, 1925.
  2. Летапіс ТБШ, №2(25) 2011
  3. Матэматычны фальклор. Пачатковыя матэматычныя ўяўленні і навыкі сродкамі народнай педагогікі /укл. А. Лозка — Мінск, 2002. — 52 с.
  4. Скарбонка гульняў, дапаможнік для настаўнікаў/ укл. І. Губарэвіч. — Мінск, 2005. — 108 с
  5. Актыўная ацэнка: метад. дапам. / укл. Н. Ільініч. – Мінск, 2011. – 83 с.
  6. Альтэрнатывы ў адукацыі: Зборнік артыкулаў. – Мінск, 2012. – 166 с.
  7. Наша адукацыя. Матэрыялы круглага стала / рэд. В. Вячорка. – Мінск, 2014. – 120 с.
  8. Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі: дапаможнік для настаўнікаў/ М. І. Запрудскі, М. Кудзейка, Т. П. Мацкевіч і інш. Пад рэд. М. І. Запрудскага. — Мінск, 2014. — 238 с.
  9. С. Чарняўскі. Як стварыць сучасную школьную газету: метадычны дапаможнік. – Кіеў: Акадэмія ўкраінскай прэсы, Цэнтр свабоднай прэсы, Таварыства беларускай школы, 2014.– 73 с.
  10. Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў: дапаможнік для настаўнікаў. Пад рэд. М. І. Запрудскага — Мінск, 2016. — 336 с.
  11. Д. Стэрна. Як будаваць партнёрства ў навучанні, 2017.– 16 с.

СпасылкіПравіць