Таварыш — ваенная пасада, а затым званне ў арміі Вялікага княства Літоўскага.

Існавала толькі ў кавалерыі. Першапачаткова таварыш быў кіраўніком ніжэйшай баявой адзінкі кап'я, якое складалася з таварыша і некалькіх дробных шляхціцаў - пачтовых.

Нават пасля ўтварэння рэгулярнай арміі ВКЛ у XVIII ст. прынцып камплектавання кавалерыі застаўся ранейшым, таму гэтае званне праіснавала да канца існавання беларуска-літоўскай дзяржавы. Пасля ваеннай рэформы ў Рэчы Паспалітай 1775 г. званне "таварыш" захавалася ў палках Пярэдняй варты і брыгадах Нацыянальнай кавалерыі. Хаця аналагаў гэтаму званню ў пяхоце і артылерыі Вялікага княства не існавала, тым не менш таварышы Пярэдняй варты стаялі вышэй падафіцэраў пяхоты і артылерыі і насілі афіцэрскія пагоны, а таварышы Нацыянальнай кавалерыі па статусу прыроўніваліся да "харунжых" у пяхоце, артылерыі і палках Пярэдняй варты.

Знакам адрознення таварыша ў палках Пярэдняй варты выступаў эпалет без зорачак і стужак, а ў брыгадах Нацыянальнай кавалерыі - эпалет з адной зорачкай.

Ва Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь эквівалентам гэтаму званню можа выступаць прапаршчык.

Літаратура правіць

  • Чаропка Станіслаў. Станаўленне сістэмы знакаў адрознення ў арміі ВКЛ // Актуальные проблемы в изучении и преподавании общественно-гуманитарных дисциплин: сб. статей. - Витебск, 2012.