Тадэвуш Карлавіч Кін-Камінскі

Тадэвуш Карлавіч Кін-Камінскі (7 мая 1922, г. Мінск7 лютага 1968) — беларускі акцёр тэатра.

Тадэвуш Карлавіч Кін-Камінскі
Дата нараджэння 7 мая 1922(1922-05-07)
Месца нараджэння
Дата смерці 7 лютага 1968(1968-02-07) (45 гадоў)
Дзеці Уладзімір Тадэвушавіч Кін-Камінскі
Адукацыя
Прафесія тэатральны акцёр
Тэатр
Член у

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў Менску. У 1939—1941 гг. вучыўся ў Рэспубліканскім тэатральным вучылішчы (курс М. Зорава). У 1947 г. па хадайніцтве Е. Міровіча, аднаго са стваральнікаў беларускага савецкага тэатра, быў прыняты ў Беларускі тэатр імя Я. Купалы. У 1948 г. скончыў студыю пры тэатры, у час навучання ў якой паказаў добрыя вынікі, выявіў свае акцёрскія здольнасці і працавітасць. З вялікім натхненнем Т. Кін-Камінскі выканаў ролю Эстэбана ва ўрыўку з п’есы «Авечая крыніца[en]» Лопэ дэ Вэгі. З поспехам артыст выступіў у выпускным спектаклі «Апошнія» М. Горкага, у якім сыграў ролю Аляксандра Каламійцава, сына галоўнага героя, п’яніцы і распусніка. Тадэвуш Кін-Камінскі быў яркім характарным акцёрам. Ён стварыў шэраг разнастайных вобразаў, якія вызначаліся мастацкай пераканаўчасцю, пошукам выразных сцэнічных фарбаў і дакладнасцю выканання.

У 1965 г. Купалаўскі тэатр упершыню ў сваёй дзейнасці звярнуўся да драматургіі Л. Лявонава. Была пастаўлена адна з самых складаных яго п’ес — «У мяцеліцу». У гэтым спектаклі Т. Кін-Камінскі сыграў сваю лепшую ролю — Парфірыя Сыраварава, белагвардзейскага афіцэра, які ў час рэвалюцыі выехаў за мяжу, прайшоў пакутлівы шлях рускага эмігранта і ў канцы жыцця прыйшоў да разумення сваёй страшэннай, жудаснай памылкі. Імкненне загладзіць віну перад Радзімай прыводзіць яго спачатку ў рады барацьбітоў за вызваленне Іспаніі, а потым і на родную зямлю. У гэтым спектаклі раскрываліся сацыяльны канфлікт, шматграннасць жыцця, складаныя грамадскія і маральныя супярэчнасці часу. Пастаноўшчык і выканаўцы здолелі ўбачыць філасофскі сэнс аўтарскага мыслення, раскрыць метафарычнасць твора, гістарычную праўду, якая даследуецца драматургам на кантрасных супастаўленнях герояў і іх псіхалогіі. Спектакль прывабліваў эмацыянальным напружаннем, шчырасцю і ўзрушанасцю акцёрскай ігры. У ім найбольш выявіўся адметны стыль ігры Т. Кін-Камінскага, лаканізм выразных сродкаў, знешняя стрыманасць пры інтэнсіўным, напружаным унутраным жыцці персанажа, адчуванне ансамбля.

Акцёр стварыў шэраг разнастайных вобразаў, якія вызначаліся вернасцю лепшым традыцыям Купалаўскага тэатра. Гледачам запомніліся яго Іпаліт («Трэцяя патэтычная» М. Пагодзіна), Цырульнік («Забыты ўсімі» Назыма Хікмета), Кяміль («Канец — справе вянец[ru]» У. Шэкспіра), Анастасіс («Востраў Афрадыты[ru]» А. Парніса[ru]), Петушкоў («Жывы труп[ru]» Л. Талстога), Пухаў («Традыцыйны збор» В. Розава). Апошняя роля Т. Кін-Камінскага ў тэатры — Адольф Быкоўскі ў спектаклі «Паўлінка» Я. Купалы, у якой ён выходзіў на сцэну 135 разоў.

Акцёр пераканаўча і жыццёва спалучаў камедыйныя прыёмы з паглыбленнем у сацыяльную і псіхалагічную сутнасць персанажаў. Створаныя ім вобразы вызначаліся свежасцю і навізной трактовак, дакладнасцю і закончанасцю характараў. Тадэвуш Кін-Камінскі зрабіў значны ўклад у справу развіцця беларускай тэатральнай культуры.

Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1947 года.

Спасылкі правіць