Тадэвуш Рэйтан герба Рэйтан (польск.: Tadeusz Rejtan, Tadeusz Reytan; (арыгінальнае, Reyten) 1740 — 8 жніўня 1780) — удзельнік Барскай канфедэрацыі (няма доказаў), дэпутат Сойма Рэчы Паспалітай ад Новагародскага ваяводства ВКЛ. Стаў пятым каленам ліцьвінскай галіны абшарнікаў прускага паходжання, асеўшых у ВКЛ у XVII ст. Нацыянальны герой Польшчы, які лічыцца героем і ў значнай частцы беларускага грамадства[3].

Тадэвуш Рэйтан
Tadeusz Reyten (Rejtan)
Герб «Рэйтан»
Герб «Рэйтан»
Нараджэнне 1740 , 20.07.1742 адбылося давяршэнне працэдуры хросту
Грушаўка(?)
Смерць 8 жніўня 1780(1780-08-08)[1] (37 гадоў)
Месца пахавання
Род Рэйтаны[d]
Бацька Дамінік Рэйтан[d]
Маці Тэрэза з Валадковічаў[d]
Адукацыя
Дзейнасць палітычная дзейнасць[d][2]
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Дакладная дата нараджэння невядомая, але, хутчэй за ўсё, канец кастрычніка — самы пачатак лістапада 1740 года[4]. Сын заможнага ліцьвінскага землеўладальніка — Дамініка Рэйтана, герба «Рэйтан», новагародскага падкаморага. Брат Міхала — пісара земскага навагрудскага, слуцкага павятовага маршалка. Аўтар маніфестаў.

Абранне паслом

правіць
 
Становішча Рэчы Паспалітай у 1773 годзе: тры манарха паказваюць на карце РП часткі краіны, на якія яны прэтэндуюць, дыпламат Панін — на анёла, прадвесніка волі манархаў

У жніўні 1772 г. кіраўнікі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, аслабіўшы Рэч Паспалітую, дамовіліся аб першым падзеле яе тэрыторыі паміж сабою. 18 верасня таго ж года гэтыя дзяржавы давялі да ўлад Рэчы Паспалітай аб ужо адбыўшымся факце падзелу яе тэрыторыі і запатрабавалі склікання надзвычайнага сойма, каб фармальна пацвердзіць законнасць сваіх захопаў. Ад складовай часткі Рэчы Паспалітай, тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), на карысць Расійскай імперыі адрывалася, у прыватнасці, усходняя частка беларускіх зямель з Полацкам, Невелем,Віцебскам, Себежам, Мсціславам, Магілёвам і Гомелем агульным памерам прыблізна ў 82 тыс. кв. км, насельніцтвам больш як 1 300 000 чалавек. Кароль Станіслаў Аўгуст, апынуўшыся ў дыпламатычнай ізаляцыі, калі краіна была фактычна акупавана іншаземнымі войскамі, вымушаны быў выдаць універсал аб скліканні павятовых соймікаў. Яны павінны былі абраць паслоў ад Польшчы і ВКЛ на вальны сойм у Варшаве, які прызначаўся на 19 красавіка 1773 г.

Новагародскае ваяводства на той час складалася з трох паветаў — Наваградскага, Слонімскага (у 1773 годзе слонімская шляхта сарвала соймік і паслоў не абрала) і Ваўкавыскага. Ад кожнага з іх мясцовы соймік абіраў двух паслоў на вальны сойм. 22 сакавіка 1773 г. пасламі на сойм у Варшаву былі абраныя наваградцы Тадэвуш Рэйтан (1742—1780) і Самуэль Корсак (17451794). Згодна з традыцыяй для такіх паслоў на агульнадзяржаўны сойм ад імя павятовага сойміка выпрацоўвалася і прымалася спецыяльная інструкцыя. Паслы павінны былі ўсімі сіламі адстойваць на сойме наказ шляхты, ні ў чым не адступаючы ад яго. Інструкцыя, якую атрымалі паслы, вылучалася катэгарычнасцю сваіх наказаў. Рэйтан і Корсак павінны былі настойваць на поўнай эвакуацыі расійскіх войскаў з тэрыторыі Княства. Яны атрымалі наказ перашкаджаць працы сойма, пакуль не будуць абраныя спецыяльныя прадстаўнікі да іншых еўрапейскіх дзяржаў з мэтай атрымання пэўных гарантый па захаванні цэласці Рэчы Паспалітай.

 
Т. Рэйтан

Вальны сойм

правіць
 
Ян Матэйка «Рэйтан» (1866)

На першых пасяджэннях сойма яны адкрыта выступілі супраць здрадніцтва пасла з Польшчы Адама Панінскага, маршалка прарасійскай канфедэрацыі. Яны заклікалі іншых паслоў не дапусціць абрання Панінскага соймавым маршалкам . На адным з паседжанняў Тадэвуш Рэйтан, дамагаючыся ад паслоў такога рашэння і не выпускаючы іх з залы паседжанняў, лёг крыжам перад выхадам. Ён крычаў: «Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!». Змаганне Тадэвуша Рэйтана, Самуэля Корсака і Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага на сойме працягвалася з 19 па 22 красавіка 1773 г., да таго часу, пакуль Станіслаў Аўгуст пад пагрозай расійскага пасла ўвесці войскі ў Варшаву і дашчэнту разбіць горад і яго наваколле, быў вымушаны, як і большасць паслоў, далучыцца да канфедэрацыі. Пасля гэтага ў працы сойма, які далучыўся да прарасійскай канфедэрацыі, Рэйтан, Корсак і Багушэвіч-Мінькоўскі ўдзелу ўжо не прымалі.

Смерць

правіць

Апошнія годы свайго жыцця правёў у радавым маёнтку Грушаўцы пад Ляхавічамі, дзе памёр у 1780 г. Быў пахаваны ў ляхавіцкім касцёле (паводле Ю.Нямцэвіча), загінуў у выніку няшчаснага выпадку (Г.Жавускі). У 1930 годзе камісія шукала месца спачынку Рэйтана. Але знойдзеныя ў Грушаўцы парэшткі камісія не прызнала за парэшткі Тадэвуша Рэйтана. Магіла яго да гэтага часу не знойдзеная.

Ушанаванне памяці

правіць

Асобы Тадэвуша Рэйтана, Самойлы Корсака, Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага — паслоў ад ВКЛ на надзвычайны сойм Рэчы Паспалітай ужо пад час сойму былі абкружаны ўсеагульнай пашанай. Але да першых спробаў ушанавання памяці Рэйтана дайшло толькі падчас Чатырохгадовага Сойму 1789-92 гадоў. Паслы-ліцвіны (беларусы), выконваючы загады сваіх выбаршчыкаў, нагадалі каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму не толькі пра Рэйтана, але і пра жывых Корсака і Багушэвіча. Пазней у сваіх творах асобу Тадэвуша Рэйтана ўзгадвалі Францішак Князьнін, Юльян Нямцэвіч, Адам МіцкевічПан Тадэвуш»), Генрык Жавускі, Уладзімір Караткевіч і інш.

Толькі пасля Другой Сусветнай вайны імя Рэйтана і яго паплечнікаў было забыта. Забытыя ў Беларусі, яны працягвалі ўшаноўвацца па-за яе межамі, праўда, як «палякі».

Вяртанне памяці пра Тадэвуша Рэйтана распачалося з моманту, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Флагманам у гэтай справе выступіла газета «Культура», якая ў 1993 годзе надрукавала артыкул гісторыка Уладзіміра Емяльянчыка, прысвечаны яму. Ад таго часу да 2013 г. выйшла каля 15 артыкулаў у мясцовых або рэспубліканскіх выданнях, якія закраналі асобу Рэйтана і пытанне захавання сядзібнага комплексу роду Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка.

У канцы 1990-х было створана таварыства імя Тадэвуша Рэйтана (Ляхавічы), якое правяло фестываль у Грушаўцы. Пасля чаго сваю дзейнасць спыніла.

У 2013 годзе створана Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана, якая мэтанакіравана займаецца вяртаннем імёнаў Тадэвуша Рэйтана, Самойлы Корсака, Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага (і не толькі іх), шляхам друку артыкулаў у СМІ, правядзення мастацкіх фестываляў, імпрэзаў, вечарынаў, а таксама выступае з прапановай стварэння ў сядзібе роду Рэйтанаў мемарыяльнага музея.

У 1919—1921 гг. у цэнтры Мінска існавала вуліца Рэйтана (былая Юр’еўская). У Баранавічах да 1939 года была не толькі вуліца Рэйтана, але і гімназія яго імя[5].

Па стане на 2018 год Мінскі гарвыканкам разглядае прапанову аб наданні адной з вуліц Мінска імені Тадэвуша Рэйтана[6].

Зноскі

  1. Tadeusz Reytan (Rejtan, Reyten) h. własnego // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  2. Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  3. У Баранавічах адкрыецца выстава, прысвечаная беларускаму нацыянальнаму герою Тадэвушу Рэйтану(недаступная спасылка)
  4. Юркевіч З. Новыя крыніцы да біяграфіі Тадэвуша Рэйтана і яго сям’і
  5. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 ліпеня 2018. Праверана 20 чэрвеня 2018.
  6. https://news.tut.by/culture/579472.html Архівавана 2 лютага 2018.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць