Адкрыць галоўнае меню

«Талака» — незалежная арганізацыя моладзі ў 19851990 гг., гісторыка-культурнае аб'яднанне. Створана восенню 1985 года як клуб аховы помнікаў. Займалася ўдзелам у рэстаўрацыйных работах і археалагічных раскопах, аховай помнікаў гісторыі і архітэктуры, змаганнем за стварэнне беларускіх класаў і школаў, правядзеннем экалагічных экспедыцый, культурна-асветніцкай дзейнасцю, адраджэннем народных традыцый і святаў. У другой палове 1980-х (да 1989) «Талака» была самай вялікай і ўплывовай нефармальнай арганізацыяй[2].

Талака
Год заснавання 1985
Размяшчэнне Рэспубліка Беларусь, Мінск
Ключавыя фігуры Сяржук Вітушка, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Алесь Суша
Колькасць членаў 50
Слоган «Дзе пачую талаку, туды ногі валаку»[1]
Дата ліквідацыі 1990

Змест

ГісторыяПравіць

  Вонкавыя відэафайлы
  Сведкі. 1980-я. Талака. БелСат (20 мая 2015)

Таварыства «Талака» створана восенню 1985 года як клуб аховы помнікаў. Ля вытокаў яе заснавання былі Сяржук Вітушка, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Алесь Суша. За аснову сваёй эмблемы «Талака» ўзяла выяву мінскай ратушы, якая ў той час яшчэ не была адноўленая. Ініцыятарам назвы «Талака» быў скульптар Гэнік Лойка[3][4]. Спокліч арганізацыі «Дзе пачую талаку, туды ногі валаку» прыдумаў Сяржук Вітушка[1].

У канцы 1980-х «Талака» зрабілася вялікай і ўплывовай нефармальнай арганізацыяй. Удзельнікі арганізацыі ўзнаўлялі і падтрымлівалі нацыянальныя традыцыі — ад культывацыі беларускага мовы, тэатру, літаратуры, выяўленчага мастацтва, фальклёру, року і да пашырэння незалежніцкай палітычнай думкі, друку і арганізацыі[5].

«Талака» зрабіла для сябе традыцыйным штогадовае правядзенне Купалля, Калядаў, Гукання Вясны. Менавіта яна стала ініцыятарам адраджэння гэтых свят. Апроч таго праводзіліся археалагічныя раскопы, у тым ліку ў Верхнім горадзе (старая частка Мінска). Удзельнікі арганізацыі бралі ўдзел у талоках — падчас рэстаўрацыі Траецкага прадмесця і будучага музея Ваньковіча ў Мінску, прыводзілі ў парадак мясціны, звязаныя з памяццю паўстанцаў 1863 года[6]. «Талака» выпускала насценную газету «Ратуша» (дзе адлюстроўвалася дзейнасць суполкі), у 19861987 наладзілі выпуск самвыдавецкага «Бурачка», у 1989 выпусцілі гумарыстычнае выданне «Брук» (прымеркаванае да 23 лютага — дня Савецкай арміі). Разам з іншымі незалежнымі суполкамі «Талака» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні масавых мерапрыемстваў: «Дзвінскае ралі'87», мітынг у абарону Верхняга гораду (1988); «Прыпяць'88»; мітынгі ў Курапатах і на Усходніх могілках, антыракетны паход (1990) і інш..

«Талака» спрычынілася да нараджэння новай хвалі нацыянальнага адраджэння 80-90-х гадоў ХХ стагоддзя. З ініцыятывы «Талакі» у беларускую прастору быў вернуты спокліч «Жыве Беларусь!», а таксама бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня»[6][1]. Першая публічная лекцыя, прысвечаная бел-чырвона-беламу сцягу, была праведзена «Талакой» ў 1987 годзе, у залі Тэатра эстрады[1].

За час існавання Талакі ў яе пасяджэннях і мерапрыемствах бралі ўдзел сотні маладых людзей, але правадзейных членаў было каля пяцідзесяці. Кіраўніцтва ў клубе было калегіяльнае. Галоўным кіруючым органам была Рада, члены ў якую абіраліся падчас Сойму большасцю галасоў. Кіраўніком арганізацыі нязменна быў Сяржук Вітушка[6].

ФотагалерэяПравіць

ЛітаратураПравіць

Вонкавыя спасылкіПравіць

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 У «Галіяфах» адкрылі выставу, прысвечаную 30-годдзю «Талакі». Наша Ніва (23 снежня 2015). Праверана 7 сакавіка 2019.
  2. Андросік Л. «Талака» (Менск). Архіў Найноўшае Гісторыі (5 ліпеня 1999). Праверана 15 лютага 2019.
  3. Сведкі. 1980-я. Талака. БелСат (10 мая 2015). Праверана 7 сакавіка 2019.
  4. Гэнік Лойка: Але глянеш на яго і бачыш анёла. Радыё Свабода (11 красавіка 2015). Праверана 7 сакавіка 2019.
  5. Алеся Сёмуха Ён літаральна зьзяў гэтым непамысным натхненьнем. Радыё Свабода (7 красавіка 2015). Праверана 7 сакавіка 2019.
  6. 6,0 6,1 6,2 Сяргей Абламейка Я ня бачу іншай кандыдатуры на тую ролю, на якую гісторыя абрала яго. Радыё Свабода (8 красавіка 2015). Праверана 7 сакавіка 2019.