Тамара Вартанаўна Міянсарава
Тамара Вартанаўна Міянса́рава[1] (9 чэрвеня 1913 — 1 кастрычніка 1990) — беларуская піяністка, заслужаная артыстка БССР (1966). Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў (1947).
Тамара Вартанаўна Міянсарава | |
---|---|
Дата нараджэння | 9 чэрвеня 1913 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 кастрычніка 1990 (77 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Краіна | |
Муж | Міхаіл Іванавіч Дзянісаў |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | музыкант |
Інструменты | фартэпіяна |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьНарадзілася ў Маскве. З дзяцінства займалася музыкай, была акампаніятарам танцавальнай студыі[2]. Вучылася ў Стаўрапольскім музычным тэхнікуме і адначасова працавала ў балетнай студыі, драматычным тэатры[2]. Пасля атрымання дыплома аб сярэдняй музычнай адукацыі ў 1931 годзе Тамару Міянсараву накіравалі ў горад Іванава, дзе яна працавала канцэртмайстрам на радыё[2]. У 1932 годзе яе запрасілі на пасаду галоўнага канцэртмайстра ў Ерэванскі тэатр оперы і балета, дзе і працавала да 1944 года[2]. Адначасова вучылася на фартэпіянным факультэце Ерэванскай кансерваторыі па класе прафесара А. Бабасавай. Кансерваторыю скончыла ў 1937 годзе. У 1944 годзе разам з мужам М. І. Дзянісавым прыехала ў Мінск[3]. У 1944—1948 гадах працавала канцэртмайстрам у Беларускім тэатры оперы і балета, у 1948—1985 гадах — канцэртмайстрам-акампаніятарам Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні (сучасная Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь).
Памерла 1 кастрычніка 1990 года. Пахавана ў Мінску на Усходніх могілках [3].
Творчасць
правіцьТ. В. Міянсарава прымала ўдзел у пастаноўцы опер «Алеся» Я. Цікоцкага, «Кастусь Каліноўскі» Д. Лукаса, «Марынка» і «Машэка» Р. Пукста, «Андрэй Касценя» М. Аладава, «Страшны двор» С. Манюшкі. Выступала на канцэртах з такімі вакалістамі, як Л. Аляксеева, Т. Ніжнікава, Н. Ткачэнка, Т. Шышко, М. Дзянісаў, В. Глушакоў, з інструменталістамі А. Астрамецкім, Л. Гарэлікам, М. Шмелькіным і інш. Давала канцэрты ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Рызе, Вільнюсе, гарадах Закаўказзя і Беларусі. Зрабіла шмат запісаў на тэлебачанні і радыё, грампласцінак. Была і актыўным прапагандыстам музыкі беларускіх кампазітараў, часта з’яўлялася першым выканаўцам іх твораў.
Зноскі
- ↑ Беларусь 1995.
- ↑ а б в г Міянсарава Тамара Вартанаўна на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- ↑ а б Тамара Вартановна Миансарова Архівавана 21 сакавіка 2023. (руск.) // Інтэрнэт-газета армян Беларусі «Миасин»
Літаратура
правіць- Міянса́рава Тамара Вартанаўна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 499. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 494. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
Спасылкі
правіць- Тамара Вартановна Миансарова Архівавана 21 сакавіка 2023. (руск.) // Інтэрнэт-газета армян Беларусі «Миасин»