Тамара Нікандраўна Кулакоўская
Тамара Нікандраўна Кулакоўская (17 лютага 1919, Полацк, Віцебская вобласць — 15 лістапада 1986) — беларускі вучоны ў галіне аграхіміі і глебазнаўства. Член-карэспандэнт АН БССР (1969), акадэмік УАСГНІЛ (1975), доктар сельскагаспадарчых навук (1965), прафесар (1974). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1974). Герой Сацыялістычнай Працы (1979). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976).
Тамара Нікандраўна Кулакоўская | |
---|---|
Дата нараджэння | 17 лютага 1919 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 15 лістапада 1986 (67 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | дацэнт |
Навуковая сфера | аграхімія, глебазнаўства |
Месца працы | Беларускі навукова-даследчы інстытут глебазнаўства |
Навуковая ступень | доктар сельскагаспадарчых навук |
Навуковае званне | акадэмік УАСГНІЛ, член-карэспандэнт АН БССР, прафесар |
Альма-матар | Маскоўская сельскагаспадарчая акадэмія імя К. А. Ціміразева |
Вядомыя вучні | Іосіф Міхайлавіч Багдзевіч |
Партыя | |
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьУ 1936 г. паступіла на факультэт глебазнаўства і аграхіміі Маскоўскай ордэна У. І. Леніна сельскагаспадарчай акадэміі імя К. А. Ціміразева, дзе вучылася ў вядомых прафесараў — І. А. Каблукова, Н. Я. Дзям’янава, П. М. Жукоўскага, Д. Я. Пранішнікава, В. Р. Вільямса. Пасля заканчэння акадэміі ў 1941—1944 гг. працавала ў аграхімічнай лабараторыі, затым у аддзеле земляробства Чалябінскай дзяржаўнай селекцыйнай станцыі. У 1945 г. паступіла ў завочную аспірантуру Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута каўчуканосаў, дзе працавала над тэмай «Роля папярэднікаў кок-сагызу ў травяных севазваротах лесастэпавай зоны». У 1950 г. прысвоена ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук.
З 1949 працавала ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце меліярацыі і воднай гаспадаркі АН БССР. У гэты перыяд ёю праведзены даследаванні па праблемах жыўлення раслін і ўжывання ўгнаенняў на тарфяна-балотных глебах.
У 1958 перайшла ў Беларускі навукова-даследчы інстытут глебазнаўства, дзе на працягу дзесяці гадоў праводзіла даследаванні па ацэнцы ўплыву аграхімічных уласцівасцяў глебаў і ўгнаенняў на прадукцыйнасць сельскагаспадарчых культур. Гэтыя даследаванні дазволілі Т. Н. Кулакоўскай зрабіць важныя тэарэтычныя высновы і ўзбагаціць аграхімічную навуку ў галіне пазнання ўзаемасувязі паміж біялагічнымі патрабаваннямі раслін і знешнімі ўмовамі іх росту і развіцця, далі магчымасць выявіць вядучыя фактары глебавага асяроддзя, якія істотна ўплываюць на жыўленне раслін, і даць іх колькасную ацэнку. Вынікі працы гэтага перыяду прадстаўлены ў доктарскай дысертацыі «Аграхімічныя ўласцівасці глеб БССР, іх значэнне ў прадукцыйнасці сельскагаспадарчых культур і рацыянальным прымяненні ўгнаенняў», якую Т. Н. Кулакоўская абараніла ў 1965 г.
У 1969 г. абрана членам-карэспандэнтам АН БССР і прызначана дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута глебазнаўства і аграхіміі. Пад кіраўніцтвам Т. Н. Кулакоўскай і пры яе непасрэдным удзеле калектывам інстытута былі праведзены працы па вывучэнні глебавага покрыва рэспублікі, распрацоўка прыёмаў рацыянальнага выкарыстання угнаенняў і абагульнены ў манаграфіі «Глебы Беларускай ССР». За цыкл работ па вывучэнні глебаў Беларускай ССР, апублікаваных ў 1968—1974 гг., калектыў супрацоўнікаў інстытута быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР.
У 1975 г. Т. Н. Кулакоўская абрана акадэмікам Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя. У. І. Леніна. За сукупнасць работ у галіне аграхімічных даследаванняў у 1977 г. ёй прысуджана прэмія Д. Н. Пранішнікава. У 1980 Т. Н. Кулакоўская была абрана акадэмікам-сакратаром Заходняга аддзялення УАСГНІЛ і ўзначальвала яго да апошніх дзён жыцця.
Навуковы і практычны ўклад
правіцьРаспрацаваны метады прагнозу ўрадлівасці глебаў і ўраджаяў сельскагаспадарчых культур, ацэнкі эфектыўнасці мінеральных угнаенняў і комплекснай ацэнкі стану ўрадлівасці глеб. Даследавана дынаміка балансу пажыўных рэчываў у земляробстве рэспублікі; распрацаваны шэраг мадэляў — запатрабаванасці ва ўгнаеннях па палях і гаспадарках, размеркавання угнаенняў, эфектыўнасці іх дзеяння з улікам умоў надвор’я.
Аўтар больш за 340 навуковых прац, у тым ліку 67 манаграфій і зборнікаў, выдадзеных пад яе рэдакцыяй.
Стварыла вялікую навуковую школу. Пад яе кіраўніцтвам паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі 30 чалавек, у іх ліку акадэмік НАН Беларусі І. М. Багдзевіч.
Праводзіла вялікую працу па каардынацыі навуковых даследаванняў, выкананні комплексных распрацовак рознымі навуковымі ўстановамі. Пад яе кіраўнацтвам распрацоўваліся новыя напрамкі даследаванняў, праводзілася падрыхтоўка і публікацыя вынікаў комплексных распрацовак.
Развіла новы кірунак аграхімічнай навукі — аптымізацыю комплексу аграхімічных уласцівасцяў глебаў і кіраванне працэсамі фарміравання урадлівасці з мэтай стварэння глеб, здольных забяспечыць стабільна высокія ўраджаі пры добрай якасці прадукцыі. Гэты напрамак знайшоў практычнае адлюстраванне ў дзяржаўных праграмах павышэння ўрадлівасці глеб Беларусі на 1976—1980 гг. і 1981—1985 гг., падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам Т. Н. Кулакоўскай. Упершыню ў рэспубліцы глебапаляпшальным работам атрымалася надаць сістэмны, планава-кіраваны характар.
Узнагароды
правіцьУзнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966), Ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), Ордэнам Леніна (1979), медалямі.
Асноўныя працы
правіць- Агрохимические свойства почв и их значение в использовании удобрений. Мн.: Урожай, 1965.
- Применение удобрений. Мн.: Урожай, 1970.
- Почвы Белорусской ССР. Мн., 1968—1974 (рэд.).
- Почвенно-агрохимические основы получения высоких урожаев. Мн.: Урожай, 1978.
- Оптимизация агрохимической системы почвенного питания растений. М.: Агропромиздат, 1990.
Зноскі
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 571. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Круглоўская Тамара Нікандраўна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 407. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Г. Круглов, Чтобы щедрой была земля Архівавана 11 сакавіка 2016.// Труд, талант, доблесть.: В 2-х ч. Ч. 1/[Сост. Е. Э. Павлюць, Б. И. Сушкевич, В. В. Шарпи-ло].— Мн.: Беларусь, 1981.— 414 с., ил., стр. 384—391
Спасылкі
правіць- Член-карэспандэнт Кулакоўская Тамара Нікандраўна
- Тамара Никандровна Кулаковская (к 90-летию со дня рождения) // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя аграрных навук. — 2009. — № 1. — С. 114—115 Архівавана 21 кастрычніка 2013.
- Тамара Нікандраўна Кулакоўская ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)