Таро́пец — горад (з 1777 г.) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Таропецкага раёна Цвярской вобласці.

Горад
Таропец
Герб
Герб
Краіна
Каардынаты
Заснаваны
1074
Першая згадка
1074
Плошча
  • 22 км²
Вышыня цэнтра
180 м
Насельніцтва
12 659 чалавек (2012)
Часавы пояс
Тэлефонны код
48268
Паштовыя індэксы
172840
Афіцыйны сайт
Таропец на карце Расіі
Таропец (Расія)
Таропец
Таропец (Расія)
Таропец

Насельніцтва — 13 033 жыхары (2010 год; 14,6 тыс. паводле перапісу 2002 года).

Назва правіць

Назва Таропец ад назвы ракі Таропы, якая балцкага паходжання. Балцкі гідранімічны аналаг — літоўская рэка Tarpija[1][2].

Гэтыя рачныя назвы звязаныя з літоўскім tarpti «змяшчацца, уцісквацца», tarpas «прамежак, прагал; прорва (паміж адным і другім)», tarpe «паміж, пасярод». Далей да індаеўрапейскага *ter- «церці, высвідроўваць»[3].

Назва Таропы з таго ж семантычнага шэрагу, што і назвы ракі Віцьба, возера Мядзел, якія звязаныя з літоўскім viduje «пасярэдзіне», протабалцкім коранем med- са значэннем «сярэдзіна; сярэдні; пасярод».

Утварэнне такіх гідронімаў было матываванае семантыкай «працярэблівання» рэчышчам ракі сабе шляху паміж берагоў. Блізкую семантыку маюць дняпроўскія гідронімы тыпу Бася, Беседзь, Бестань (ад літоўскага besti, bastyti «утыкаць; капаць, пракопваць»).

Геаграфія правіць

Горад размешчаны на захадзе Валдайскага ўзвышша, за 263 км на захад ад горада Цвер, на рацэ Таропа, якая працякае ў межах горада праз возера Саламянае і Залікоўскае. Чыгуначная станцыя на лініі Балагое — Вялікія Лукі. На поўдзень ад горада праходзіць аўтамабільная дарога М9 (E22) «Балтыя», а таксама чыгунка Масква — Рыга.

Гісторыя правіць

У X—XI стагоддзях на шляху «з варагаў у грэкі» пры ўпадзенні ракі Таропа ў возера Залікаўскае вядомы паселішчы з курганным могільнікам. Горад Таропец упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых часоў» у 1074 годзе як месца нараджэння манаха Кіева-Пячэрскага Ісакія. З сярэдзіны XI стагоддзя ў складзе Пераяслаўскага княства, з пачатку XII стагоддзя — Смаленскага княства.

Не пазней за канец XII стагоддзя ядро Тарапца перамясцілася на ўзвышэнне ў пойме заходняга берага возера Саламянае (Малае гарадзішча) і мыс левага берага ракі Таропа ля яе вытоку (Вялікае гарадзішча). У канцы XI — пачатку XII стагоддзяў на Малым гарадзішчы будуецца магутная (пасля рэканструкцыі каля 1120 года вышыня валоў да 8-9 м) кальцавая крэпасць (адкрыта 9 ярусаў забудовы мяжы XI—XII — 1-й паловы XIV стагоддзяў). На Вялікім гарадзішчы знаходзіўся пасад (у XIII стагоддзі абнесены валам і ровам), на яго заходнім краі — грунтавы магільнік канца XI — XV стагоддзяў; уздоўж дарог на Ноўгарад і Лукі — прыгарадныя слабады XII—XIII стагоддзяў. З 1170-х гадоў цэнтр Тарапецкага княства. У 1210-я гады ў ссылцы ў Таропцы знаходзіўся наўгародскі архіепіскап Мітрафан. У 1239 годзе ў Таропцы адбылося вяселле наўгародскага князя Аляксандра Яраславіча і полацкай князёўны Аляксандры-Параскевы Брачыслаўны. У 1245 годзе горад без бою занялі літоўцы, але былі выбітыя адтуль наўгародскімі войскамі.

Пасля разгрому (1270—1280-я гады), верагодна літоўцамі, дзяцінец на Малым гарадзішчы запусцеў, тут размяшчаліся збудаванні, звязаныя з жалезаробчым і кавальскім рамёствамі. Цэнтр Таропца перамясціўся на Вялікае гарадзішча, у XIV стагоддзі ўзмоцнены яго ўмацаванні. Відаць, у 2-й чвэрці XIV стагоддзя горад аказаўся пад уладай віцебскага князя Альгерда. У 1346 годзе, падчас наўгародска-літоўскага канфлікту, абложваўся наўгародскімі войскамі. У XIV—XV стагоддзях у Вялікім Княстве Літоўскім аддаваўся ў кармленне служылым князям і віцебскім баярам.

У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1500—1503) заняты рускімі войскамі 9 жніўня 1500 года, паводле Маскоўскага перамір’я (1503) застаўся ў складзе Рускай дзяржавы. У 1508 годзе, падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1507—1508), на кароткі час без бою заняты войскам Вялікага Княства Літоўскага. З 2-й чвэрці XVI стагоддзя Таропец уваходзіў у разрад «літоўскіх гарадоў». Новыя гарадскія ўмацаванні (гарадзішча Чырвоны вал; вядома аб 9 вежах) былі ўзведзены ў 1-й палове XVI стагоддзя на востраве пры выхадзе Таропы з возера Саламянае (рэканструяваліся ў 1586 і 1650—1653 гадах, згарэлі ў 1683 годзе). Вядомы некропаль, драўляныя пабудовы XVI—XVIII стагоддзяў, у тым ліку 9 ярусаў маставой. Новы пасад (часткова ўмацаваны ў XVI стагоддзі, у сярэдзіне XVII стагоддзя — 8 вежаў) знаходзіўся на поўнач за пратокай Таропы. Буйны гандлёва-рамесніцкі цэнтр рэгіёну.

У 1580 годзе, у Лівонскай вайну, горад вытрымаў аблогу войска Стэфана Баторыя. У Смутны час у 1608 годзе жыхары прызналі Ілжэдзмітрыя II, у маі 1609 года горад заняты ўрадавымі войскамі, у 1609, 1613, 1614/15 гадах вытрымаў аблогі войск Рэчы Паспалітай. Неаднаразова пакутаваў ад пажараў (1634, 1683, 1758, 1792, 1808). У Тарапецкім павеце пачалося Стралецкае паўстанне (1698).

Павятовы горад Санкт-Пецярбургскай (да 1710 Інгерманландскай) губерні (1708—1719), Велікалуцкай правінцыі Санкт-Пецярбургскай (1719—1727), Наўгародскай (1727—1772) і Пскоўскай (1772—1927; да 1796 года Пскоўскае намесніцтва) губерняў. З пачатку XVIII стагоддзя буйны цэнтр гарбарнай вытворчасці. У 1907 годзе адкрыты рух па чыгуначнай лініі Балагое — Полацк. У Першую сусветную вайну ў Таропцы былі раскватараваны 173-й і 294-й запасныя пяхотныя палкі расійскай арміі.

Савецкая ўлада ўсталявана 31 кастрычніка (13 лістапада) 1917 года. У лютым 1918 года ў Таропцы падаўлены антысавецкі мяцеж. Раённы цэнтр Велікалуцкай акругі Ленінградскай (1927—1929) і Заходняй (1929—1930) абласцей; Заходняй вобласці (1930—1935), Калінінскай вобласці (з 1935).

У час Вялікай Айчыннай вайны акупаваны германскімі войскамі 29 жніўня 1941 года, у горадзе дзейнічаў канцлагер. Горад вызвалены ад захопнікаў 21 студзеня 1942 года ў выніку сумесных дзеянняў войск 4-й ударнай арміі Паўночна-Заходняга фронту і партызан у ходзе Таропецка-Холмскай аперацыі[4].

Быў моцна разбураны, адноўлены да 1950 года. Раённы цэнтр Велікалуцкай вобласці (1944—1957).

Эканоміка правіць

У горадзе працуюць мэблева-дрэваапрацоўчы камбінат, швейная і абутковая фабрыкі, ліцейна-механічны завод. Прадпрыемствы харчовай прамысловасці — мясакамбінат і масласыраробчы завод, станам на 2023 год не працуюць. Працуе прадпрыемства па вырабе аднаразовага посуду і тавараў з поліэтылену. Леспрамгас.

Вядомыя асобы правіць

Заўвагі правіць

  1. В. Н. Топоров. О северо-западнорусском локусе балтийской гидронимии (из цикла «По окраинам древней Балтии») // Res Balticae. 1995. С. 34.
  2. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 340.
  3. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1071—1073.
  4. Военный энциклопедический словарь / Пред. Гл. ред. комиссии Н. В. Огарков. — М. Воениздат, 1983. — С. 746. — 633 с. с ил., 30 л. ил. (руск.)
  5. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 346. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).