Тахаа (фр.: Tahaa) — востраў у групе астравоў Таварыства (Французская Палінезія). Плошча — 90,2 км². Насельніцтва — 5 234 чалавекі (2017 г.).

Тахаа
фр. Tahaa
Выгляд з паветра
Выгляд з паветра
Характарыстыкі
Плошча90,2 км²
Насельніцтва5 234 чал.
Шчыльнасць насельніцтва58,03 чал./км²
Размяшчэнне
16°36′54,50″ пд. ш. 151°29′51,60″ з. д.HGЯO
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Тахаа (Французская Палінезія)
Тахаа
Тахаа
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія правіць

Тахаа месціцца за 224 км на паўночны захад ад Папеэтэ, сталіцы Французскай Палінезіі, і за 4,57 км ад суседняга большага па памерах вострава Раіятэа. З'яўляецца вяршыняй падводнага вулкана, які ўзнік 3,4 млн гадоў таму і да нашага часу зведаў значныя разбурэнні, што паўплывала на абрысы вострава, парэзанага глыбокімі залівамі. Паверхня скалістая. Паўночны масіў узвышаецца да 590 м. Падчас геалагічных даследаванняў на Тахаа былі выяўлены рэдказямельныя элементы.

Ужо ў глыбокай старажытнасці вакол Тахаа і Раіятэа пачаў расці каралавы рыф. У нашы дні на ім сфарміравалася некалькі дробных каралавых астраўкоў моту. На паўднёвым усходзе і паўднёвым захадзе ў рыфе маюцца дастаткова значныя праходы з унутранай лагуны ў акіян.

Клімат трапічны вільготны. На працягу года сярэднядзённая тэмпература вагаецца ад +23 °C да +30 °C. Найбольш даджлівыя месяцы — снежань і студзень.

Прырода правіць

На Тахаа сустракаецца каля 4000 відаў раслін, аднак толькі 950 відаў маюць мясцовае паходжанне. Наземная фаўна бедная, прадстаўлена птушкамі, пацукамі, крабамі і бруханогімі. Аднак жывёльны свет навакольных вод адрозніваецца значнай разнастайнасцю, адметны рэдкімі і каштоўнымі відамі рыб і каралаў.

Гісторыя правіць

Тахаа быў населены палінезійцамі ў другой палове 1 тысячагоддзя. Згодна міфалогіі, ён першапачаткова складаў адзінае цэлае з Раіятэа, але перамычка паміж астравамі была разбурана свяшчэнным вугром. Першая назва вострава была Упору, так што ён мог мець сувязь с самаанскім Уполу.

Традыцыйна мясцовае насельніцтва залежала ад правадыроў Раіятэа, аднак у 1769 г., калі Тахаа быў адкрыты Джэймсам Кукам, яго займалі воіны з Бора-Бора. У 1888 г. Тахаа быў далучаны да каланіяльных валоданняў Францыі ў Ціхім акіяне.

Інфраструктура правіць

Тахаа складае асобны муніцыпалітэт з адміністрацыйным цэнтрам у вёсцы Патыа (1242 чалавекі ў 2017 г.) на поўначы вострава. Асновай мясцовай эканомікі з'яўляецца сельская гаспадарка. Мясцовыя жыхары трымаюць кароў, вырошчваюць какосы, тамарынд, кавуны, але найбольшую камерцыйную важнасць мае вырошчванне ванілі. Ванільныя плантацыі займаюць усяго некалькі гектараў, аднак мясцовы ўраджай складае каля 80% ванілі, якую збіраюць у Французскай Палінезіі. Астравіцяне вырошчваюць чорны жэмчуг, абслугоўваюць турыстаў. Развіццё турызму запаволена з-за адсутнасці аэрапорта.

Спасылкі правіць