Торф (ням.: Torf) — гаручы карысны выкапень. Утвараецца ў працэсе натуральнага адмірання і няпоўнага распаду раслін ва ўмовах недахопу кіслароду і залішняга ўвільгатнення. З'яўляецца шматкампанентнай, поліфракцыйнай паўкалоідна-высокамалекулярнай сістэмай, у складзе якой розныя класы арганічных і мінеральных злучэнняў.

Колер торфу ад жоўта-бурага да чорнага. Хімічны склад вызначаецца ўмовамі генезісу, асаблівасцямі раслін-торфаўтваральнікаў і ступенню іх распаду. Яго элементарны склад (на арганічную масу): вуглярод 50-60 %, вадарод 5-6 %, кісларод 26-45 %, азот 0,9-3,6 %, сера 0,1-5,9 %. У кампанентным складзе арганічнай масы водарастваральных рэчываў 1—5%, бітумаў 2—17%, злучэнняў, якія лёгка гідралізуюцца, 20—40%, цэлюлозы 4—10%, гумінавых кіслот 10—50%, лігніну 5—20%. Попельнасць у памеры 50% на сухое рэчыва ўмоўна лічаць мяжой паміж торфам і тарфяной глебай. Паводле ступені распаду раслінных тканак адрозніваюць торф слаба- (да 20% рэчыва страціла клетачную структуру), сярэдне- (20—35%) і моцнараскладзены (больш за 35%). Цеплата згарання торфу 19,1—27,6 МДж/кг (4500—6500 ккал/кг). Вільгацеўтрыманне ў натуральным заляганні 88—96%, порыстасць да 96—97%, высокі каэфіцыент сціскальнасці. Тэкстура аднародная, зрэдку слаістая; структура валакністая або пластычная. У сухім стане мае малую шчыльнасць (да 300 кг/м³), нізкі каэфіцыент цеплаправоднасці і высокую газапаглынальную здольнасць.

На Беларусі вядомы шматлікія паклады торфу з захаванымі геалагічнымі запасамі 4,3 млрд т. Узрост 4-12 тыс. гадоў (трапляецца і торф больш старажытных эпох). У залежнасці ад складу раслін-торфаўтваральнікаў і ўмоў торфаўтварэння вылучаюць тыпы торфу — нізінны (попельнасць 1—18%, кіслотнасць рН > 5,1, азоту 2,8%), пераходны (попельнасць 1,2—15,9%, кіслотнасць рН 2,8—5,9, азоту да 2%) і вярховы (попельнасць 0,7—15,4%, кіслотнасць рН 2,8—3,6, азоту да 1,5%; падтыпы — лясны, лесабагнавы, багнавы; групы і віды.

Торф выкарыстоўваецца як паліва, для вытворчасці арганічных і арганамінеральных угнаенняў, біястымулятараў, кармавых дражджэй, фільтраў, сарбентаў, фарбавальнікаў драўніны, тарфянога воску, лекавых сродкаў, прадуктаў бытавой хіміі і інш. Значная плошча тарфяных радовішчаў асушана і выкарыстоўваецца ў якасці меліяраваных глебаў.

Вучоныя ў вобласці торфу

правіць

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць