Трайдзень
Трайдзень (XIII ст. — 1282) — вялікі князь літоўскі (1270—1282).
Трайдзень | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Шварн Данілавіч | ||||||
Пераемнік | Будзікід | ||||||
Нараджэнне | XIII стагоддзе | ||||||
Смерць | 1282 | ||||||
Дзеці | Гаўдэмунда, Будзівід і Будзікід | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Таксама сустракаецца напісанне Трайдзен[1], Трайдэн.
Паходжанне
правіцьТрайдзень — двухасноўнае імя балцка-літоўскага паходжання. Першая аснова Trai- (варыянт — Trei-) ёсць у старалітоўскіх імёнах Trai-dar’as, Trei-gel’as і іншых[2]. У імі Трайдзень гэта аснова пашырана праз утваральнік -d- (Trai-d-) і пашыральнік -en- (як напрыклад і ў імёнах Гердзень *Girdenis, Віцень *Vytenis).
Паходжанне пэўна не вядома. Паводле пазнейшага Васкрасенскага летапісу, бацькам Трайдзеня быў Від, дзядзькам — Гердзень, родзічы Міндоўга і разам з ім нашчадкаў полацкіх князёў. У беларускіх-літоўскіх летапісах XVI ст., «Хроніцы Быхаўца» і іншых, паходжанне Трайдзеня яшчэ больш заблытанае, там ён малодшы брат Нарымонта[3]. Верагоднасць усіх гэтых звестак лічаць сумнеўнай.
Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, вядома толькі пра ўдзел Трайдзеня і яго братоў Борзы, Лесія, Свелкенія і Сірпуція яшчэ пры Міндоўгу ў войнах з галіцка-валынскімі князёў, калі Борза, Лесій і Свелкеній загінулі.
Частка даследчыкаў выказала думку, што Трайдзень не быў сваяком Міндоўга. Таму, калі прыйшоў ўлады, змяніў палітыку Войшалка і Шварна — разарваў адносіны з Галіцка-Валынскай дзяржавай і замест руска-праваслаўнай запанавала літоўска-паганская партыя, што суправаджалася рэпрэсіямі супраць хрысціянства[1]. Такая інтэрпрэтацыя пярэчыць Галіцка-Валынскага летапісу, які называе братоў Трайдзеня праваслаўнымі і ад пачатку ён меў добрыя адносіны з галіцкім князем Львом Данілавічам, а калі адносіны пагоршыліся князь Леў баяўся помсты Трайдзеня за забойства Войшалка. Таму іншыя даследчыкі трымаюцца думкі, што Трайдзень усё ж меў сваяцкія сувязі з родам Міндоўга і працягваў палітыку Войшалка.
Мікола Ермаловіч лічыў, што Трайдзень славянскага паходжання[4].
Біяграфія
правіцьПаводле «Хронікі Быхаўца», старэйшы брат Нарымонт паставіў Трайдзеня князем у яцвягаў, якія страцілі сваіх уладароў і лёгка паддаліся літоўскай уладзе, Трайдзень пабудаваў горад над Бабром і назваў яго Раем, а пасля смерці Нарымонта стаў вялікім князем у Новагародку[3], звесткі гэтыя не лічаць верагоднымі.
На аснове пазнейшага паведамлення ордэнскіх крыніц пра Кернаў як «горад у зямлі Традзеня», некаторыя даследчыкі выказалі думку што быў уладаннем Трайдзеня перад уладарствам ва ўсёй дзяржаве. На думку ж Вячаслава Насевіча, Трайдзень мог быць князем яцвяжскай зямлі Дайнава, што паўночней Гародні абапал Нёмана[5], а Кернаў стаў яго рэзідэнцыяй толькі ў час вялікага княжання[1]. Аднак, з Галіцка-Валынскага летапісу пэўна вядома толькі пра ўдзел Трайдзеня з братамі ў войнах Міндоўга з галіцка-валынскімі князямі і тое, што пасля гібелі Войшалка і смерці Шварна, каля 1270 года ён стаў уладаром[1], пры гэтым летапіс характарызуе Трайдзеня вельмі адмоўна, як злейшага за Ірада і Нерона.
Межы дзяржавы у часы Трайдзеня практычна не змяніліся параўнальна з часамі Міндоўга — на поўначы яна межавала з Зямгаліяй, на паўночным усходзе — з Полацкім княствам, на ўсходзе — з Менскім, на поўдні — з Тураўскім, Пінскім і Берасцейскім (залежнымі ад Галіцка-Валынскай дзяржавы), на паўднёвым захадзе з Мазовіяй, на захадзе з землямі яцвягаў, на паўночным захадзе — з Жамойцю.
Трайдзень праводзіў актыўную знешнюю палітыку, нязменную з часоў Міндоўга, па ўключэнні з апорай на Новагародскае, Гарадзенскае і Полацкае княствы ў склад сваёй дзяржавы балцкіх земляў — найперш Нальшанаў і Дзяволтвы, а таксама Жамойці, зямель яцвягаў, селаў і земгалаў[6]. Пры гэтым ён бараніўся ад наступу лівонскай часткі Тэўтонскага ордэна, а таксама падтрымліваў барацьбу прусаў з агрэсіяй прускай часткі гэтага Ордэна, у 1273 годзе дапамог ятвяжскаму князю Команту ў арганізацыі пахода на Кульмскую зямлю. Шмат прусаў ад нямецкага націску ў 1276 годзе перасялілася ў дзяржаву Трайдзеня, вядома, што ён сяліў іх каля Гародні (на думку Алы Квяткоўскай у Горадні[7]) і Слоніма[1].
Іншым праціўнікам была Галіцка-Валынская дзяржава на поўдні, ад Панямоння яе аддзялялі Тураўскае і Пінскае княсты, якія залежалі ад галіцка-валынскіх князёў, але імкнуліся пазбавіцца гэтай залежнасці, чым у пэўнай ступені Трайдзень мог карыстацца. Полацкае княства было залежным з часоў прынамсі Войшалка, з дзяржавай Трайдзеня яго збліжалі інтарэсы ў Падзвінні і пагроза з боку лівонскай часткі Ордэна. На паўночных, паўночна-заходніх і заходніх рубяжах жылі зямгальскія, літоўскія і яцвяжскія плямёны, якія бараніліся ад Ордэна і галіцка-валынскіх князёў, што матывавала іх у пошукаў падтрымкі з боку Трайдзеня.
На пачатку Трайдзень меў канфлікт толькі з уладзімірскім князем Уладзімірам Васількавічам, а з галіцкім князем Львом Данілавічам захоўваў добрыя адносіны. Аднак, у 1274 годзе Трайдзень сіламі гарадзенцаў захапіў і разрабаваў Драгічын, які належаў Льву[1]. У 1275 годзе князь Леў папрасіў дапамогі ў хана Менгу-Цімура і з яго войскам на чале з Ягурчынам, а таксама з пасланымі ханам рускімі князямі — Раманам, Глебам, тураўскімі і пінскімі, пайшоў супраць Трайдзеня, але праз сваркі паміж удзельнікамі паход быў няўдалы, узяўшы вакольны горад Новагародка яны разыйшліся.
У 1277 годзе Трайдзень аблажыў Дзюнабург, у яго войску было шмат русінаў-лучнікаў, напэўна палачан, для штурму ўжываліся чатыры вялікія рухомыя абложныя вежы і балісты. Праз 4 тыдні аблога была знята, напэўна, праз напад галіцкіх і татарскіх войскаў на чале з Мамшынам, але, і гэты татарскі паход быў няўдалы праз сваркі ўдзельнікаў.
У канцы 1278 года Трайдзень пасылаў брата Сірпуція на дапамогу яцвягам, якія ваявалі Мазовію і Усходнюю Польшчу — літоўскія войскі дайшлі да Любліна. Найбольш пацярпела Мазовія, яе князі разарвалі адносіны з Тэўтонскім ордэнам і заключылі перамір’е з Трайдзенем. Адначасова, лівонскія войскі ўварваліся ў Літву, разрабавалі яе і ў студзені 1279 года аблажылі Кернаў, але ўзяць немцы не здолелі, разрабавалі ваколіцы і з вялікімі палонам у лютым вярнуліся ў Лівонію. Трайдзень нагнаў іх і 5 сакавіка 1279 года разбіў у бітве пры Ашэрадэне [1]. Поспех пры Ашэрадэне замацаваны заключэннем у 1279 годзе міру і саюзу з Мазовіяй, скіраванага супраць Тэўтонскага ордэна і Польшчы.
Пасля жорсткай барацьбы Панямонне засталося за Трайдзенам[1], але было спустошана. Таксама ў 1279 годзе праз неўраджай тэатр ваенных дзеянняў з прылеглымі раёнамі Польшчы і Русі ахапіў вялікі голад. Аднак, сілы рускіх княстваў значна павялічылі ваенны патэнцыял Літвы. Дачка Трайдзена Гаўдэмунда ўзяла шлюб з мазавецкім князем Баляславам Земавітавічам з Плоцка[1], яшчэ больш Плоцкае княства трапіла пад уплыў Трайдзена, калі ён сілай прымусіў зяця адмовіцца ад саюза з тэўтонцамі. Пад літоўскім кантролем заставаліся земгалы. У саюзе з Літвой дзейнічалі і князі яшчэ не падняволеных немцамі яцвягаў. Да 1279 года Мацей Стрыйкоўскі адносіць і шлюб, імаверна другі, Трайдзеня з мазавецкай княжной Ганнай.
У 1280 годзе Трайдзень зноў дапамагае Команту ў паходзе на Самбію. Паводле трайдзеневага загаду Найміс ваюе Памезанію. Паводле падання, у 1280 годзе заснавана Коўна. У 1281 годзе Трайдзень захапіў Герцыке, адрэзаў Дынабург ад астатняй Лівоніі, браты-рыцары былі вымушаны абмяняць Дынабург на Герцыке[1], а таксама заплацілі выкуп.
Пазнейшая «Хроніка Быхаўца» паведамляе, што Трайдзеня забілі падасланыя забойцы[8]. А паводле сучаснага падзеям Галіцка-Валынскага летапісу, ён памёр сваёй смерцю.
Падсумаванне дзейнасці
правіцьНа думку Вячаслава Насевіча, пры Трайдзені да Вялікага Княства Літоўскага былі канчаткова далучаны прылеглыя землі яцвягаў, земгалаў і селаў, узнавіліся далёкія паходы на Польшчу і эстонскія ўладанні крыжакоў (Саарэмаа і інш.)[6][1].
Паводле Аляксандра Краўцэвіча, Трайдзень вёў барацьбу з Тэўтонскім ордэнам і Галіцка-Валынскім княствам, не павялічыў дзяржаўнай тэрыторыі, але здолеў утрымаць Вялікае Княства Літоўскае ў ранейшых межах. Вывеў дзяржаву з залежнасці ад Галіцка-Валынскага княства і ўмацаваў яе міжнароднае становішча, пакінуў яе мацнейшай, чым атрымаў.[9]
Нашчадкі
правіцьПераемніка крыніцы не называюць. Братоў Трайдзень перажыў, пра сыноў няма простых звестак, але лічаць, што імі былі Будзівід і Будзікід, наступныя пэўна вядомыя вялікія літоўскі князі. Пэўна вядома дачка — Гаўдэмунда. Некаторыя навукоўцы лічаць, што пераемнікам Трайдзеня быў нейкі князь Даўмонт, якога Троіцкі летапіс называе князем літоўскім і паведамляе пра яго гібель у далёкім паходзе на вярхоўі Волгі ў 1285 годзе, але з іншых крыніцы гэтым князем хутчэй быў пскоўскі Даўмонт, які не загінуў, а трапіў у палон.
Паводле генеалагічных паданняў XVI ст., са смерцю Трайдзеня «дынастыю Кітаўруса» змяніла новая дынастыя — «род Калюмнаў», але «род Кітаўруса» працягваўся ў Літве, з яго паходзіў і Даўмонт (легендарны продак князёў Свірскіх), і Гольша (родапачынальнік князёў Гальшанскіх) і Гедрус (родапачынальнік князёў Гедройцаў).
Магчымы радавод
правіцьNN ├──>NN │ ├──>NN │ │ ├─>Трайдзень │ │ │ ├─>Будзікід │ │ │ ├─>Будзівід │ │ │ │ ├─>Віцень │ │ │ │ ├─>Гедзімін─ГЕДЗІМІНАВІЧЫ │ │ │ │ ├─>Воін │ │ │ │ └─>Фёдар │ │ │ └─>Гаўдэмунда │ │ ├─>Борза │ │ ├─>Лесій │ │ ├─>Свелкеній │ │ └─>Сірпуцій │ └─>Гердзень ∞ Еўпраксія │ ├─>Андрэй │ └─>? └──>NN ├─>Даўспрунк │ ├─>Таўцівіл ∞ ?Брачыслаўна кнж. полацкая │ │ └─>Юрый │ ├─>Едзівід │ └─>NN дачка ∞ Даніла кн. галіцкі ├─>Міндоўг │ ├─>Войшалк │ ├─>NN сын │ ├─>NN сын │ ├─>NN дачка ∞ Шварн кн. галіцкі │ ├─>Рукля │ └─>Рупек └─>NN дачка └─>Транята
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к ЭнцВКЛ 2005, с. 666.
- ↑ Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 151.
- ↑ а б Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — С. 333.
- ↑ Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 333—334.
- ↑ ПАКАЛЕННЕ ДРУГОЕ: ВОЙШАЛК І ТРАЙДЗЕН (1260-ыя - 1280-ыя гады) | Персональный сайт белорусского историка Вячеслава Носевича . vln.by. Праверана 27 жніўня 2023.
- ↑ а б Насевіч В. Трайдзен // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. С. 517—518.
- ↑ Квятковская 1997.
- ↑ ПСРЛ. Т.32. Хроника Быховца. — М., 1975. — С. 136 «A z onoie wyżpisanoie waśni kniaź weliki Dowmont naprawił szesty mużykow na brata swoieho Troydena, zabity, hde ż on szoł bezpecznie z łaźni, y tyie ieho mużyki zdradne zabili.»
- ↑ Краўцэвіч А. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага 1248—1377 г. Кніга 1: Ад пачатку гаспадарства да каралеўства Літвы і Русі (1248—1341 г.) — Гародня-Уроцлаў, 2015. — С. 62
Літаратура
правіць- Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — 366 с.
- Квятковская А. В. К вопросу о пруссах — переселенцах на территории Беларуси в средневековье // Гістарычна-археалагічны зборнік; ІГ НАН Беларусі. — Мінск, 1997. — № 11. — С. 9-14. (пераклад на беларускую зроблены для kryuja.org)
- Краўцэвіч А. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага 1248—1377 г. Кніга 1: Ад пачатку гаспадарства да каралеўства Літвы і Русі (1248—1341 г.) / Навук. рэд. В. Голубеў. — Гародня—Уроцлаў, 2015. — (Гарадзенская бібліятэка) — ISBN 978-83-7893-121-8.
- Насевіч В. Трайдзе́нь, Трайдзен // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 517—518. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Насевіч В. Л. Трайдзе́нь, Трайдзен // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 498—499. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Вячаслаў Насевіч. Трайдзень // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 666. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Dubonis A. Traidenis. Monarcho valdžios atkūrimas Lietuvoje (1268—1282) / LII, Vilnius: LII leidykla, 2009, 241, [1] p.: iliustr. ISBN 978-9955-847-12-0
- Тра́йден, Трайдянис // Т. 26. Тихоходки — Ульяново. — М. : Советская энциклопедия, 1977. — С. 136. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)