Троіцкая царква (Слонім)
Троіцкая царква (былы касцёл) і кляштар бернардзінцаў — помнік архітэктуры барока ў г. Слонім, знаходзіцца ва ўсходняй частцы гістарычнага ядра горад на левым беразе р. Шчара, па адрасе вул. Васі Крайняга 23, 25. Мужчынскі бернардзінскі кляштар размяшчаўся на Бернардзінскай вуліцы, у паўночна-ўсходняй частцы горада. Уваходзіў у абарончую сістэму Слоніма. Будынкі — помнікі рэспубліканскага значэння.
Праваслаўны храм | |
Троіцкая царква | |
---|---|
53°05′30″ пн. ш. 25°19′14″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Слонім |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Навагрудская епархія |
Ордэнская прыналежнасць | бернардзінцы |
Архітэктурны стыль | барока, ракако |
Будаўніцтва | 1639—1645 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000496 |
Матэрыял | цэгла |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУзведзены ў XVII стагоддзі як апорны пункт сістэмы гарадскіх абарончых збудаванняў. Касцёл пабудаваны ў 1639—1645 гадах на месцы драўлянага, закладзенага ў 1630 годзе па фундацыі Андрэя і Кацярыны Радванаў. Асвячоны ў 1671 годзе. У 1749 годзе быў пабудаваны жылы корпус кляштара.
Касцёл пераабсталяваны пад Троіцкую праваслаўную царкву ў 1866 годзе гродзенскім губернскім інжынерам В. Ф. Нябольсіным, асвячоны ў 1867 годзе. Кляштар рэканструяраваны архітэктарам Ціхвінскім пад духоўнае вучылішча. Праект агароджы з брамай і план мясцовасці Троіцкай царквы ў 1874 годзе склаў Леанард Кржыжаноўскі[1].
У пачатку XX стагоддзя па праекце архітэктара В. Ханенберга кляштар быў прыстасаваны пад адміністрацыйную ўстанову. У 1920—1930-я гады выкарыстоўваўся як адміністрацыйны будынак. Цяпер у ім размешчаны інтэрнат Слонімскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа.
У 2012 годзе было прынята рашэнне замяніць шатровы купал на бляшаны купал складанай цыбулепадобнай формы, пафарбаваны ў цёмна-зялёны колер, вяртанне якога было абгрунтавана фотаздымкамі пачатку XX стагоддзя. 27 кастрычніка 2015 года новы купал быў заменены на гіганцкі залаты купал-цыбуліну, што, на думку старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, парушае гістарычнае аблічча будынка[2].
У 2019 годзе пракуратура Гродзенскай вобласці выявіла, што жылы корпус (XVII – XVIII стагоддзі) комплекса кляштара бернардзінцаў мае патрэбу ў тэрміновай рэканструкцыі і рамонце[3].
Архітэктура
правіцьКасцёл
правіцьКасцёл — помнік архітэктуры барока і ракако, уяўляе сабой аднанефны мураваны храм з выцягнутым прэсбітэрыем, сакрысціямі і паўкруглай алтарнай апсідай, трох'яруснай вежай-званіцай пры ўваходзе (першы ярус квадратны ў плане, умацаваны контрфорсамі, два верхнія — васьмігранныя, аздобленыя пілястрамі), накрытай шатровым дахам. У 1668 г. і 1750 г. да апсіды прыбудаваныя дзве бакавыя квадратныя ў плане капліцы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. Сцены храма ўмацаваны контрфорсамі, прарэзаны вялікімі вокнамі з паўцыркульнымі завяршэннямі. Уваходны партал касцёла аформлены ордарнымі элементамі: паўкалонамі, спрошчаным антаблементам, архівольтамі.
Інтэр'ер
правіцьІнтэр’ер храма, як і яго вонкавае аблічча, адзначаецца суровай прастатой. Неф пераходзіць у больш вузкі прэзбітэрый, які выдзелены алтарнай перагародкай і завершаны паўкружжам апсіды, перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і конхай у алтарнай частцы храма. Прасценкі ўмацаваны слупамі-пілястрамі, аб'яднанымі з вонкавымі контрфорсамі ў адзіны канструкцыйны элемент, які падтрымлівае распор скляпенняў. Як і сцены, скляпенні пазбаўлены дэкаратыўнай апрацоўкі. Толькі іх верхняя частка аздоблена ляпным геаметрычным дэкорам. З заходняга боку нефа на трохпралётнай аркадзе і крыжовых скляпеннях узвышаюцца барочныя хоры, якія агароджаны фігурным увагнута-выпуклым парапетам.
Дэкаратыўная кампазіцыя інтэр’ера пабудавана на паступовым маштабным і дэкаратыўным нарастанні групы бакавых алтароў, у якой дамінуе галоўны цэнтральны алтар апсіды XVIII ст. Выкананы маналітна са сцяной, ён мае сіметрычна-восевую шматкалонную і шматфігурную архітэктоніку: на цокаль у выглядзе арачных ніш з крапаваным п'едэсталам і табернакулам устаноўлена каланада цёмна-карычневага стука, яна нясе раскрапаваны антаблемент з фігурамі лунаючых анёлаў. Пасля 1864 г. у алтары ўстаноўлены іканастас. Па цэнтры першага яруса галоўнага алтара ў прамавугольнай раме размешчаны абраз Св. Тройцы (XVIII ст., палатно, алей). У прасценках апсіды ўстаноўлены бакавыя, меншыя па памеры і больш сціплыя па кампазіцыі алтары. Прэсбітэрыум аддзяляецца ад залы храма вуглавымі алтарамі, раскрапаванымі пучкамі пілястраў і завершанымі барочнымі ўвагнута-выпуклымі франтонамі. У прасценках нефа захаваліся яшчэ два накладныя алтары меншага памеру. Арнаментыка ўсіх алтароў заснавана на тэмах ракако: насычаныя крапоўкамі і арнамантальнай ляпнінай пілястры, валюты, ракайлі, ракавіны, вазы, фігуркі анёлаў.
Кляштар
правіцьЗ паўднёвага боку ад храма знаходзіцца кляштар, які ўяўляе сабой двухпавярховы П-падобны ў плане мураваны жылы корпус, які прымыкае з паўднёвага боку да апсіды храма, абмяжоўвае прамавугольны курданёр, раскрыты ў паўднёвы бок. Пабудававаны з цэглы ў сярэдзіне XVIII ст., аб чым сведчыць надпіс «1749» на вуглавым камені падмурка. Манументальны масіўны будынак накрыты вальмавым дахам з пластычным выгінам над карнізам. Плоскасныя сцены лаканічна крапаваны адзінарнымі прасценачнымі і парнымі вуглавымі пілястрамі, апяразаны карнізам нескладанага профілю і цягай.
Планіроўка галерэйная. У калідорах і памяшканнях захаваліся крыжовыя і цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. У тарцы ўсходняга крыла — шырокая зала, перакрытая цыліндрычным скляпеннем з люнетамі. Помнік архітэктуры барока.
Зноскі
- ↑ Кулагин А. Н. Архивные сведения о гродненских зодчих XIX — начала XX веков // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 23. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2017. — С. 47—48
- ↑ На праваслаўным саборы ў Слоніме купал у беларускім стылі замянілі на залатую цыбуліну
- ↑ Сохранить память для потомков: прокуратура Гродненской области потребовала устранить нарушения в сфере охраны историко-культурного наследия. 06.12.2019 Архівавана 7 снежня 2019.
Літаратура
правіць- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слонімскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2004 . — 752 с.
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4.
- Кулагін А. М., Ярашэвіч А. А. Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 18. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Троіцкая царква (Слонім)
- Троіцкая царква (Слонім) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Троіцкая царква (Слонім) на сайце Radzima.org
- Троіцкая царква (Слонім) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Троіцкая царква (Слонім) на сайце «Архіварта»