Тры Будрысы (польск.: Trzech Budrysów) — балада Адама Міцкевіча, якая ў жартаўлівай форме тлумачыць збліжэнне Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай і паланізацыю літоўскай шляхты. Таксама балада адлюстроўвае жыццёвую пазіцыю паэта: не багацце, а толькі каханне прыносіць шчасце[1]. Напісаная ў канцы 1827 або пачатку 1828 і прысвечана філамату і філарэту Вінцэнту Будрэвічу[pl]. Упершыню пабачыла свет у другім томе зборніка паэзіі Міцкевіча (Пецярбург, 1829). Мае падзагаловак «Балада літоўская»[2].

Фадзей Булгарын назваў баладу «ўзорам прастаты апавядання і прыгажосці»[3].

Сюжэт правіць

Дзеянне балады адбываецца на Літве XIV стагоддзя, якая развівае сваю моц дзякуючы ваенным дзеянням, якія праводзяцца на некалькіх франтах адначасова. Першая страфа п’есы знаёміць чытача з домам галоўнага героя — старога Будрыса, — які адпраўляе трох сыноў на палі бітвы. Кожны з іх павінен адправіцца ў іншы бок, каб змагацца ў войсках літоўскіх князёў: першы дапаможа Альгерду у барацьбе з рускімі, другі разам са Скіргелам (братам Ягайлы) адправіцца на «ляхаў», а трэці з Кейстутам «разграміць тэўтонаў».

Яны павінны прывезці са сваіх экспедыцый пэўную здабычу: у Расіі гэта «сабаліныя апоны і залатыя заслоны», у Прусіі — «як пяску, там бурштыну, сукны дзіўнага ткання, і там рызы ў ксяндзоў у дыяментах». Самую незвычайную здабычу павінен прывезці той, хто адправіцца на «ляхаў» — гэта будзе нявеста-полька, вартасці якіх стары Будрыс смела праслаўляе перад сынамі.

Такім чынам, трое маладых літоўцаў адпраўляюцца на вайну ў пошуках славы, прыгод і абяцанай бацькам здабычы, пазней турбуючы Будрыса сваёй доўгай адсутнасцю. Урэшце, з экспедыцыі вяртаецца першы з сыноў, прывозячы замест грошай польскую нявесту; неўзабаве пасля яго ў доме бацькі з’яўляецца другі з братоў з ідэнтычнай «здабычай». У фінале балады стары Будрыс, заўважыўшы на даляглядзе трэцяга са сваіх ваяўнічых сыноў, больш не пытаецца пра прывезеныя багацці, рыхтуючы адразу трэцяе вяселле.

Пераклады правіць

На рускую мову твор пераклаў Аляксандр Пушкін (1833), на літоўскую — Людвік Адам Дзям’янавіч Юцэвіч (1837)[4] і Петрас Армінас-Трупінеліс (1892), на беларускую — Янка Купала (1913, 1940).

У культуры правіць

Станіслаў Манюшка ў 1839 годзе стварыў да балады музыку[5][6]. Польскі мастак Юліуш Косак стварыў да балады дзве карціны.[7][8]

Пазней сваю карціну да балады стварыў літоўскі мастак Джэрард Багданавічус (1901—1986)[9].

Аляксандр Ходзька напісаў на матыў «Трох Будрысаў» сваю баладу «Гербы», у якой распавёў гісторыю прымірэння «Белага Арла» і «Пагоні»[10].

Уладзіслаў Сыракомля напісаў да балады Міцкевіча паэму-працяг «Trzy córki Litwina» («Тры дачкі Літвіна»)[11].

Зноскі

  1. „Dėl Tavęs... - Lietuvos teatro, muzikos ir kino muziejus . www.facebook.com. Праверана 10 жніўня 2023.
  2. 1. А. Мицкевич. «Trzech Budrysów» / А. С. Пушкин. «Будрыс и его сыновья». Собеседники на пиру [Литературоведческие работы]. lit.wikireading.ru. Праверана 10 жніўня 2023.
  3. «Сынъ Отечества и Северный Архивъ» (1829, т. V, с. 113—115)
  4. Wyjątki z nowoczesnych poetów polskich. Wilno, 1837
  5. Trzech Budrysów : Ballada, Moniuszko, Stanisław (1819-1872) (польск.). polona.pl. Праверана 10 жніўня 2023.
  6. Moniuszko Stanisław, Trzech Budrysów Ballada Na Baryton I Orkiestrę. pwm.com.pl. Праверана 10 жніўня 2023.
  7. Aukcja dzieła BUDRYS Z LASZKą. sztuka.agraart.pl. Праверана 10 жніўня 2023.
  8. ​Budrysowie (польск.). encyklopedia.interia.pl. Праверана 10 жніўня 2023.
  9. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 лютага 2023. Праверана 7 лютага 2023.
  10. Chodzka Aleksander. Poezye. Petersburg, 1829. Пераклад Кастуся Цвіркі: Філаматы і філарэты, 1998, с. 344
  11. Кондратовичъ, Л. Избранныя стихотворенія Людвига Кондратовича (Владислава Сырокомля) — Москва: В. М. Лавровъ и В. А. Федотовъ, 1879. — Т. 1. — 462 с. — с. 333