3-ці полк шэвалежэр-лансьераў Імператарскай Гвардыі

3-ці (літоўскі) шэвалежэр-лансьерскі полк Імператарскай Гвардыі (фр.: 3e régiment de chevau-légers lanciers de la Garde impériale) — полк Маладой Гвардыі Вялікай Арміі, створаны дэкрэтам Напалеона I Банапарта ад 5 ліпеня 1812 года ў асноўным з прадстаўнікоў шляхты занятых зямель Вялікага Княства Літоўскага.

Афіцэры палка ў парадным строі, 1812. Малюнак Луі Вале[fr]

Гісторыя правіць

Кампанія 1812 года правіць

З мемуараў генерала П. Датанкура:

«Па поўдні 26-га (чэрвеня — рэд.) маршал князь Істрыйскі выклікаў да сябе маёра Датанкура для размовы адносна палка (1-га палка шавалежэр-лансьераў — рэд.) і паведаміў яму пра некаторыя ўзнагароды, зробленыя тым днём па прадстаўленні генерала Красінскага таксама загадаў даць рапарт пра магчымасць стварэння палка шэвалежэраў з мясцовай шляхты, які ўвайшоў бы ў склад Імператарскай гвардыі, і падрыхтаваць прапановы ў адпаведны дэкрэт. Старшы афіцэр далажыў маршалу вынікі гэтай працы 30-га ў Вільні.»

Паводле дэкрэта ён фарміраваўся ў складзе 5 швадронаў, па дзве роты ў кожным, агульнай колькасцю ў 1280 шабель і штатным раскладам як у 1-га (польскага) палка шэвалежэр-лансьераў гвардыі[fr].

Умовы фармавання былі прыкладна такімі ж, як і ў палку Красінскага[fr]. Прымалі шляхецкую моладзь, памешчыкаў або іх сыноў, прыдатных па здароўі для службы ў кавалерыі і ростам не ніжэй за 168 см. Рэкруты павінны былі набываць абмундзіраванне, каня і рыштунак за свае грошы. Жалаванне было як у 2-м палку шэвалежэраў гвардыі.

Палкоўнікам, тым самым дэкрэтам, прызначаны ўраджэнец Слонімскага павета, 37-гадовы брыгадны генерал Ян Канопка, былы палкоўнік 7-га (віслянсдскага) палка шэвалежэр-лансьераў Вялікай Арміі, вядомы кавалерыйскі военачальнік напалеонаўскіх часоў.

У лісце ад 29 верасня Напалеон пісаў Марэту, герцагу Басана:

«Палкоўнік 3-га гвардзейскага лансьерскага палка падрыхтаваў, падаецца, 1200 коней; напішыце яму, каб ён пусціў у рух[няпэўнае слова] 500 чалавек, як толькі яны будуць у яго наяўнасці[няпэўнае слова], і неадкладна даўкамплектаваў свой полк да 1200 чалавек, коней і вупражы. Я лічу, што ён атрымаў грошы і пярэчанняў не павінна быць»

Да падзей у сярэдзіне кастрычніка пры Слоніме цалкам былі сфарміраваны толькі 1-й і 2-й швадроны, якія ўзначалілі А. Солтан (пераведзены з 17-га ўланскага палка) і А. Бярэзінскі (з 10-га польскага гусарскага). Адразу ж пасля ўступлення ў Маскву Напалеон адаслаў Я. Канопку і сваю нешматлікую Ганаровую гвардыю ВКЛ. Яшчэ раней, у ліпені, ён загадаў вылучыць з 1-га палка шэвалежэраў гвардыі некалькі дзясяткаў дасведчаных падафіцэраў і шараговых родам з зямель ВКЛ, для ўключэння ў 3-ці полк інструктарамі.

Па дарозе да Менска, праходзячы паўз Гародню, сфарміраваныя эскадроны, павярнулі да Слоніма, на радзіму камандзіра палка, каб папоўніць полка яго землякамі. Праз два тыдні там і адбыўся т.зв. «Слонімскі пагром», у якім полк, часткова сфарміраваны з непадрыхтаваных і без баявога досведу кавалерыстаў, страціў палову свайго нешматлікага складу (у асноўным палоннымі) і самога генерала. Паводле крыніц, гвардзейцы, нягледзячы на недасведчанасць, доўга супраціўляліся і нават тройчы выбівалі расійскіх гусар з горада, але не здолелі супрацьстаяць атраду генерал-маёра Чапліца, які меў колькасную перавагу. Узятых палонных расійскае камандаванне адправіла на Каўказ, дзе яны былі прымусова залічаны ў гарнізонныя палкі.

За чатыры наступныя тыдні ў Гародні, часова прызначаны камандзірам палка, маёр К. Танскі, які займаўся фарміраваннем 3-га і 4-га швадронаў, аднавіў, і нават павялічыў да 500 шабель, яго колькасць. Гэта была няпростая задача, бо палкавая каса і ўся дакументацыя былі захоплены ворагам у Слоніме. З другой паловы лістапада шэвалежэры неслі гарнізонную службу ў Вільні і Новых Троках, а з набліжэннем ворага выступілі 9 снежня па загадзе маршала Бэсьера за Нёман.

Там яны далучыліся да 1-га палка і далей адыходзілі разам да Фрыдберга, прызначанага месцам іх перафарміравання.

Кампанія 1813 года правіць

14 студзеня 1813 года, калі маршал Бесьер правёў у Быдгашчы агляд палка, у страі знаходзіліся 1-3 эскадроны, агульнай колькасцю 407 чалавек і 253 коней. Пазней з Варшаўскага дэпо прыбылі яшчэ 150 чалавек.

21 студзеня 1813 года ў полк залічаны 30 ацалелых у баі за Вільню кавалерыстаў гвардзейскага швардрона літоўскіх татар, а 31 студзеня яшчэ 60 кавалерыстаў з жандармерыі ВКЛ. Імператарскім дэкрэтам ад 22 сакавіка 1813 года полк К. Танскага падлягаў расфарміраванню, а 11 красавіка таго ж года яго асабовы склад размеркаваны па эскадронах 1-га палка В. Красінскага. Аналіз паслужных спісаў палка паказвае, што ў ім, на момант аб’яднання з 1-м, акрамя літвінаў, некаторай колькасці палякаў і галічан, было таксама да паўсотні этнічных французаў і немцаў. Акрамя шляхты былі рэкруты іншых сацыяльных груп з відавочна не шляхецкімі прозвішчамі.

У складзе 1-га палка яны прымалі ўдзел у бітве пры Вайсэнфельсе 1 траўня, а на наступны дзень — пры Люцэне[fr], дзе гвардзейская кавалерыя на працягу гадзіны цярпела ад варожага артылерыйскага абстрэлу, але не мела загаду ўступаць у бой, выконваючы «псіхалагічныя» функцыі ў рэзерве.

20-21 траўня адбываецца бітва пры Баўцэне[fr], дзе 1-ы полк пасланы нанесці ўдар у фланг ворага каля вёскі Райхенбах. Гвардзейскія лансьеры адолелі расійскую кавалерыю і развілі поспех, атакуючы ар’ергард пад агнём варожай артылерыі, што нанесла вялікія страты асабоваму складу. Падтрыманыя астатняй гвардзейскай кавалерыяй, шэвалежэры прымусілі праціўніка адступаць.

Пасля нядоўгага перамір’я, гвардзейцы біліся пад Дрэзданам, дзе нанеслі паражэнне прусакам, а таксама набралі больш за 300 палонных. 17 верасня ў Петэрсвальдзе яны сутыкнуліся з прускімі гусарамі: адкінутыя гусары пакінулі лансьерам свайго палкоўніка, сына маршала Блюхера[de], і 20 аднапалчан.

Праз месяц пры Лейпцыгу[fr], разам з іншымі гвардзейскімі часцямі кавалерыі, знішчылі аўстрыйскіх кірасір, што падабраліся небяспечна блізка да Імператара. Пасля паражэння 50 чалавек з палка аб’яўлены дэзерцірамі (невядома ці былі сярод іх літвіны).

Кампанія 1813 года скончылася паражэннем Францыі ў бітве пры Ганау[fr], дзе 30 кастрычніка шэвалежэры некалькі раз атакавалі баварцаў і панеслі значныя страты.

9 снежня 1813 года штат 1-га палка быў скарочаны з 7 да 4 швадронаў. З абасобленых швадронаў быў сфармаваны 3-і полк разведчыкаў Імператарскай Гвардыі[fr], што адносіўся да Маладой Гвардыі, быў пад шэфствам 1-га палка шэвалежэраў і амаль супадаў з ім па абмундзіраванню ды ўзбраенні. Хутчэй за ўсё туды трапіла таксама і пэўная частка літвінскіх ваяроў.

Кампанія 1814 года правіць

Падчас т.зв. «Французскай кампаніі» гвардыя амаль узяла ў палон прускага маршала Блюхера пры Брыене[fr] 29 студзеня. 10 лютага разам з коннымі шасерамі гвардыі яны адбілі напад прускай пяхоты каля Манміраля, змусілі яе адступіць. 14 лютага лансьеры пры Вашане[fr] кідаюцца на прусакаў, нанеслі ім значныя страты. 18 лютага пры Мантэро[fr] праследуюць прускія войскі, якія спрабавалі заняць пераправу праз Сену.

5 сакавіка адкідваюць і рассейваюць казакоў Вінцэнгеродэ ў баі пры Беры-о-Бак[fr], захоплены абоз і 200 казакоў, а таксама 2 гарматы. 6-7 красавіка каля Краона[fr] шэвалежэры звярнулі рускую ар’ергардную кавалерыю ва ўцёкі, а пасля кінуліся на прускую калону ў адступленні, узяўлі 1600 палонных, тры гарматы і абоз.

Пры Арсы-сюр-Об[fr] абаранялі Напалеона і адбілі спробу нападу праціўніка на Банапарта. У бітве за Парыж[fr] большая частка палка ўжо не ў страі, што не перашкодзіла ім у складзе невялікай кавалерыйскай брыгады абараняць Монмартр, але ўрэшце дарма. Пад інтэнсіўным агнём яны адступілі да вінаграднікаў Клішы, дзе даведаліся пра капітуляцыю Парыжа. У атмасферы паражэння, генерал Красінскі павеў сваіх жаўнераў у Фантэнбло да Напалеона.

Падчас першага адрачэння частка палка адправілася за сваім Імператарам у выгнанне. Пэўна невядома ці былі сярод іх былыя літоўскія гвардзейцы. Калі так, то падчас 100 дзён яны бралі ўдзел у знакамітай бітве пры Ватэрлоа.

1-ы полк выключаны са складу французскай арміі падчас першай рэстаўрацыі Бурбонаў і мусіў быць расфарміраваны. У Парыжы яны былі прадстаўлены вялікаму князю Канстанціну (малодшаму брату імператара Аляксандра І), пасля чаго адпраўлены ў Польшчу. Зваротны шлях не быў прыемным, асабліва яго пруская частка, але ў Польшчы іх сустракалі горача і з павагай. Пасля расфарміравання асабовы склад уваходзіць у армію Каралеўства Польскага.

Абмундзіраванне правіць

Паводле загаду пра фарміраванне, 3-ці літоўскі меў мундзір як у 1-га палка, а прыборны метал — як у 2-га. Астатні рыштунак і ўзбраенне таксама адпавядалі палку Красінскага. Уніформа палка выраблена пад адказнасцю лейтэнанта Чыхоцкага.

Літаратура правіць

  • Andrzej Tomaszewicz. Wojsko Wielkiego Ksiestwa Litewskiego w roku 1812 // Nasz Czas. — 2006.-№ 18.
  • Bronislaw Gembarzewski. Wojsko Polskie, Ksiestwo Warszawskie 1807—1814. Warszawa, 1905, reprint wyd. Kurpisz, Poznan, 2003.
  • Gaidis H.L. Napoleon’s Lithuanian Forces // LITUANUS. — 1984. — Volume 30., № 1.
  • Historia 17 pulku ulanow na tle wojsk litewskich 1812—1814 / Jozef Tyszkiewicz w opracowaniu Dariusza Nawrota i Andrzeja Nieuwaznego. — Gdynia: Wydawnictwo «Armagedon Books», 2004.
  • John R. Elting. Napoleonic uniforms vol. I—IV, 1993.
  • Les uniformes de l`Armee Francaise. / Lienhart, Humbert. — Leipzig, 1908.
  • Nawrot D. Litwa I Napoleon w 1812 roku. Katowice, 2008.
  • Акты Виленской археографической комиссии. Т. XXXVII. Вильна, 1912.
  • Вильна в 1812 году. В память столетней годовщины Отечественной войны. Составил Ф. А. Кудринский. С факсимиле Императора Александра I, Наполеона и некоторых русских генералов. Вильна: Издание Управления Виленскаго Учебнаго Округа Типография А. Г. Сыркина, 1912.
  • Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805—1815 гады. / В. Швед, С. Данскіх. — Гр.: ГрДУ імя Янкі Купалы, 2006.
  • Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. Петербург, 1909.
  • Часовая мінская газета. 1812 год. — Мн.: Выд. В.Хурсік, 2008.