Трэці сектар (грамадскае аб’яднанне)

грамадскае аб’яднанне Беларусі

Грамадскае аб’яднанне «Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў „Трэці сектар“» (Цэнтр «Трэці сектар») — грамадскае аб’яднанне, створанае ў Гродне ў 1997 г. групай грамадскіх актывістаў і журналістаў. Адна з найстарэйшых грамадскіх арганізацый Беларусі. Ліквідаванае паводле рашэння Гродзенскага абласнога суда ад 3 верасня 2021 г.[1]

Грамадскае аб’яднанне «Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў „Трэці сектар“»
Лагатып грамадскага аб’яднання «Цэнтр „Трэці сектар“»
ГА "Цэнтр "Трэці сектар"
Місія Развіццё грамадскай актыўнасці сярод розных колаў насельніцтва Гродзеншчыны праз інфармацыйную і адукацыйна-асветніцкую падтрымку дэмакратычных грамадскіх ініцыятыў
Дата заснавання 1997
Тып NGO, грамадскае аб’яднанне
Старшыня праўлення Вітаўт Руднік
Сайт www.3sektar.by

Асноўныя напрамкі дзейнасці правіць

Грамадзянская адукацыя ў галіне журналістыкі правіць

Адзін з галоўных накірункаў дзейнасці арганізацыі. З 1997 г. на яе базе працавала «Школа маладога журналіста», якая з 2015 года дзейнічала як «Школа сучаснай журналістыкі». За гады існавання навучанне ў ёй прайшло больш за 500 чалавек. Многія выпускнікі дагэтуль працуюць у беларускіх і замежных медыя і недзяржаўшых арганізацыях. Больш за 30 выпускнікоў станавіліся ў розныя часы лаўрэатамі прэстыжных нацыянальных і міжнародных прэмій у галіне журналістыкі[2].

У 2007, 2010, 2012, 2014 гг. на базе арганізацыі праводзіліся «Фестывалі моладзевай журналістыкі „Твой стыль“». У 2007 г. быў створаны сайт «Твой стыль»[3]. Яго мэтай было даць маладым журналістаў магчымасць практыкавацца ва ўмовах ліквідацыі мясцовай прэсы (у 2001 была закрытая газет «Пагоня», у 2004 спыніла выхад «Биржа информации»), а таксама палепшыць інфармаванасць насельніцтва пра тое, што адбываецца ў горадзе і краіне[4]. У 2016 годзе сайт трансфармаваўся ў самастойнае беларускамоўнае гарадское выданне Hrodna.life[5].

Інфармацыйная падтрымка грамадскіх ініцыятыў правіць

На сайце арганізацыі публікавалася інфармацыя пра дзейнасць грамадскіх ініцыятыў Гродзеншчыны. З красавіка 1999 г. выдавалася электронная рассылка «Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны». З 1997 да 2006 г. выдаваўся бюлетэнь (пазней часопіс) «Трэці сектар».

Культура і спадчына правіць

Праграма накіраваная на захаванне і папулярызацыю беларускай культурнай спадчыны. У межах праграмы выдаваліся кнігі «Песня пра зубра», «Традыцыйная кухня Беласточчыны і Гарадзеншчыны», «Легенды і міфы: ад Нёмана да Буга», «Гісторыя ХХ-га стагоддзя ва ўспамінах гарадзенцаў», відэапраект «Постаці»[6][7].

Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей правіць

«Універсітэт Залатога Веку»[8] для сталых людзей працуе ў Гродне з 2010 г. Яго мэтай з’яўляецца павышэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, фізічную і сацыяльную актывізацыю. Універсітэт Залатога Веку прызнаны «Найлепшай адукацыйнай падзеяй года»[9] ў Беларусі ў 2014 г.

Транспамежнае супрацоўніцтва правіць

Арганізацыя ладзіла трансгранічныя праекты ў галіне культуры, адукацыі, моладзі. Міжнародныя летнікі «ПоЛіБелКа»[10] ладзіліся ў 2003, 2006, 2010 г. для прадстаўнікоў арганізацый з Беларусі, Літвы, Польшчы і Калінінградскай вобласці Расіі. Форум грамадскіх арганізацый Еўрарэгіёна «Нёман» быў праведзены ў Гродне ў 2002 г.

Развіццё мясцовых супольнасцей правіць

«Адкрытая школа мясцовых супольнасцей» ладзілася арганізацыяй у 2003—2011 гг.

Фестываль моладзевай журналістыкі «Твой стыль» правіць

 
Фестываль журналістыкі, Гродна. Узнагароджанне пераможцаў

Фестываль заснаваны грамадскім аб’яднаннем «Цэнтр „Трэці Сектар“» у супрацоўніцтве з «Беларускай асацыяцыяй журналістаў» у 2007 годзе і быў задуманы як дадатковая пляцоўка для павышэння прафесійнага ўзроўню маладых журналістаў.

Упершыню Фестываль моладзевай журналістыкі «Твой Стыль» адбыўся 18-20 мая 2007 года.

Другі Фестываль адбыўся 21 мая 2009 г. і атрымаў званне Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці Асамблеяй дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі[11].

У трэцім фестывалі[12], які адбыўся 25-27 мая 2012 г. прынялі ўдзел больш за 150 чалавек. Чацвёрты Фестываль[13] прайшоў 16-18 мая 2014 года і сабраў больш за 100 чалавек. У межах Фестываляў праводзяцца нацыянальны конкурс для журналістаў-пачаткоўцаў, майстар-класы ад журналістаў-прафесіяналаў, а таксама Фотабатл для фатографаў-аматараў з розных гарадоў краіны.

Ліквідацыя арганізацыі правіць

У межах масавага пераследу грамадскіх арганізацый, які пачаўся ў Беларусі ў ліпені 2021 года, Упраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама распачало пазапланавую праверку арганізацыі. Ад арганізацыі запатрабавалі вялікую колькасць дакументаў за некалькі гадоў дзейнасці. У атрыманым папярэджанні былі таксама прэтэнзіі да асветніцкіх праграм, якія ўпраўленне юстыцыі палічыла нестатутнай дзейнасцю[14]. 14 ліпеня 2021 г. офіс «Трэцяг сектара» ўскрылі без прысутнасці сябраў арганізацыі. Там адбыўся вобшук[15].

У канцы жніўня 2021 г. стала вядома, што справа аб ліквідацыі арганізацыі перададзена ў Гродзенскі абласны суд[16]. Рашэнне аб ліквідацыі прынятае 3 верасня 2021 г. Арганізацыя выключаная з Адзінага дзяржаўнага рэестру індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў 28 лістапада 2022 г.

Зноскі

  1. Сведения из Единого государственного регистра юридических лиц и индивидуальных предпринимателей о юридическом лице.
  2. «Школа сучаснай журналістыкі» запрашае да ўдзелу ў конкурсе журналісцкіх матэрыялаў.
  3. Твой стыль Архівавана 10 снежня 2015.
  4. Хутка і без мовы варожасці. Школа сучаснай журналістыкі ў Гродна выпусціла паўтысячы журналістаў (руск.). j4t (14 сакавіка 2019). Праверана 26 студзеня 2024.
  5. Вітаўт Руднік: Ісці ў незалежную журналістыку не кожны захоча і не кожнага мама пусціць . Hrodna.life (26 студзеня 2024). Праверана 26 студзеня 2024.
  6. Постаці
  7. Выйшаў дыск “Постаці 2”. Прэзентацыя ў Гродне – 26 лістапада – Твой стыль  (19 лістапада 2014). Праверана 26 студзеня 2024.
  8. Універсітэт Залатога Веку Архівавана 18 снежня 2014.
  9. Найлепшая адукацыйная падзея года
  10. «ПоЛіБелКа»
  11. [1] Архівавана 2 чэрвеня 2021.
  12. Трэці фестываль моладзевай журналістыкі «Твой стыль» Архівавана 20 сакавіка 2014.
  13. Чацвёрты фестываль моладзевай журналістыкі «Твой стыль» Архівавана 26 студзеня 2016.
  14. Упраўленне юстыцыі пачало правяраць гродзенскую грамадскую арганізацыю “Цэнтр “Трэці сектар” . Hrodna.life (7 ліпеня 2021). Праверана 26 студзеня 2024.
  15. У гродзенскую грамадскую арганізацыю "Цэнтр "Трэці сектар" прыйшлі з ператрусам (абноўлена) . Hrodna.life (14 ліпеня 2021). Праверана 26 студзеня 2024.
  16. Улады ліквідуюць гродзенскі “Трэці сектар” - адну з найстарэйшых грамадскіх арганізацый Беларусі . Hrodna.life (23 жніўня 2021). Праверана 26 студзеня 2024.

Спасылкі правіць