Туганавіцкі парк
Туганавіцкі парк — палаца-паркавы ансамбль размяшчаўся на р. Сэрвач, за кіламетр ад вёскі Карчова Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

ГісторыяПравіць
У краязнаўчай літаратуры часта сцвярджаецца, што назва паселішча паходзіць ад татарскага імя Туган, такую этымалогію звычайна падмацоўваюць згаданымі ў дакументах 1566 і 1570 гадоў урочышчамі Ардынка (Ардынцоўшчына), Татараўшчына і «гаем альховым за татарамі» ў ваколіцах Туганавіч. Аднак пэўны Туган з крыніц бліжэй не вядомы. Першымі вядомымі ўладальнікамі Туганавіч был паны Івашка і Юшка Гойцавічы, згадкі пра дзейнасць якіх вядомы да 1450-1460-х гадоў.
Згадваецца з часоў вял.кн. Казіміра Ягелончыка, 10 чэрвеня 1471 года маршалак гаспадарскі Мікалай Няміравіч у тэстаменце запісаў сяло Туганава сваёй жонцы Альжбеце, а пасля яе смерці — касцёлу ў Ішкалдзі пад юрысдыкцыю віленскага біскупа.
Пры вял.кн. Жыгімонце Старым Туганавіцкі двор пераходзіць ва ўласнасць Масальскім, якія ўзялі сабе па маёнтку прыдомак Туганоўскія, пад ім і згадваюцца ў 1510 годзе.
У 17 ст. маёнтак Туганавічы пераходзіў да розных гаспадароў: Данэйкаў, Нарніцкіх, Касцянецкіх, Туганоўскіх, Трызнаў, Азарычаў.
Напачатку 18 ст. Адам і Юзэф Туганоўскія прадаюць маёнтак свайму сваяку Станіславу, потым сядзіба пераходзіць да яго сына Казіміра, які прадае вялікую частку Туганавіч Ігнату Вішнеўскаму. У сярэдзіне 18 ст. двор стаў уласнасцю роду Верашчакаў, якія паходзілі з Кобрынскай зямлі. Каля 1840 г. старэйшая дачка Юзафа Верашчакі Сафія (пляменніца Марылі) выйшла замуж за Канстанцыя Туганоўскага і сядзіба зноў апынулася ва ўласнасці старадаўняга роду Туганоўскіх.
З Туганавічамі звязаныя асобныя падзеі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў, на патрэбы якога М. Верашчака прадала частку маёнтка. Уладальнік маёнтку Канстанцый Туганоўскі падтрымліваў цесныя сувязі з Кастусём Каліноўскім, дапамагаў яму ў рэвалюцыйнай дзейнасці. У сядзібе працавала майстэрня па вытворчасці зброі для паўстанцаў, якая перапраўлялася ў мясцовы цэнтр паўстання вёску Мілавіды. Пасля падаўлення паўстання Канстанцый Туганаўскі быў арыштаваны і замардаваны ў Віленскай турме.
Апошняй уладальніцай Туганавіч была Юзэфа Туганоўская, якая запісала маёнтак сялянскаму Таварыству з умовай пабудовы пры двары сельскагаспадарчай школы. Пры Верашчаках Туганавіцкі парк набыў сваю планіроўку, якая амаль не змянялася.
У 1815—1820 гадах Туганавіцкімі гасцямі часта былі Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ігнат Дамейка. Лета 1818 года у Туганавічах прайшло пад знакам рамантычных і палымяных пачуццяў дачкі гаспадыні маёнтку — Марылі Верашчакі і маладога Міцкевіча. Трагічная гісторыя гэтага кахання зрабіла вялікі адбітак у творчасці славутага паэта. Пройдзе час, але Міцкевіч ніколі не забудзе гэты куточак прыроды і зямлі, а пазней напіша «…і вечна сняцца мне Наваградак і Туганавічы». З Туганавіч запазычаны шматлікія прататыпы вобразаў і сюжэты твораў А. Міцкевіча. Так, князь Туган увекавечаны ў баладзе «Свіцязь», а 80-гадовы «цівун» Андрэй, які служыў у Верашчакаў і расказаў паэту шмат прыгодніцкіх гісторый з жыцця мясцовай шляхты, услаўлены ў паэме «Пан Тадэвуш». Як сцвярджаюць даследчыкі, апісанае ў паэме «Пан Тадэвуш» Сапліцова цалкам адпавядае тапаграфіі Туганавіцкай сядзібы.
Туганавіцкі паркПравіць
Туганавіцкі парк лічыцца класічным узорам пейзажнай паркавай архітэктуры перыяду рамантызму. Ён размешчаны на ўзгорыстай мясцовасці і займае плошчу каля 8 гектараў. Асноўныя элементы кампазіцыі — паляны з курцінамі і далёкімі перспектывамі навакольнага ландшафту. Парадзелы парк і сёння захоўвае прыгажосць і велічнасць, гістарычна-патрыярхальную ауру. Паркавы масіў у асноўным складаўся з маляўніча арганізаваных пасадак ясеня, граба, клёна, каштана, вярбы, дуба, ліпы, елкі. У цэнтры парку пры асноўнай алеі знаходзілася альтанка (так званая «калыска кахання» Марылі і Адама, на жаль, не захавалася) ў выглядзе высаджаных па кругу шасці стагадовых ліп. У парку налічваецца каля 40 пародаў дрэваў, у т.л. шэраг экзатычных. У паўднёва-ўсходняй частцы знаходзяцца дзве сажалкі, а ва ўрочышчы Кут у лясным масіве ляжыць валун — «камень філарэтаў», каля якога А. Міцкевіч, яго сябры Т. Зан, Я. Чачот, І. Дамецка, Ю. Яжэўскі, Ф. Малеўскі і інш. беларускія вольнадумцы давалі клятву адданасці ідэалам свабоды, братэрства і незалежнасці.
Парк моцна пашкоджаны ў перыяд 1-й сусветнай вайны (у гэтым раёне праходзіла лінія фронту). У 1931 г. Туганавіцкі парк як гісторыка-культурны помнік па прапанове Міцкевічаўскага камітэту быў узяты пад дзяржаўную ахову. Былі праведзены работы па яго добраўпарадкаванню: высаджаны елкі, адрамантаваны фундамент дома, зроблена агароджа і брама, устаноўлены ўказальнікі і пастаўлена памятная калона ля «альтанкі Міцкевіча».
Вікенцій Дмахоўскі. Капліца. XIX ст.
Туганавічы на малюнку Н. Орды. XIX ст.
Туганавічы на малюнку Н. Орды. XIX ст.
Туганавічы на малюнку Н. Орды. XIX ст.
СядзібаПравіць
Паводле малюнкаў В. Дмахоўскага (1861), Н. Орды (1876), а таксама па фотаздымках Я. Булгака, Т. Барэцці і К. Карповіча (пачатак ХХ ст.) вядома, што ў параднай частцы парку быў размешчаны невялікі палац з рысамі позняга класіцызму. З боку вёскі Карчова шырокая ўязная тапалёвая алеявялада сядзібных пабудоў: жылога дома, аранжарэі, млына і ветрака, карчмы, фамільнай капліцы-пахавальні, флігеля-«мураванкі» (не зберагліся). Жылы дом, ад якога ацалеў падмурак, быў кампактнай, прамавугольнай ў плане, драўлянай пабудовай у адзін паверх, падведзенай пад высокі паўвальмавы дах. Цэнтр атынкаванага франтальнага фасада ў чатыры апраўленыя ў прамавугольныя панелі акны вылучаўся мансардай, перад якой выступала чатырохслуповая тэраса з балюстраднай агароджай. Ва ўзнятым ганку з бакавымі прыступкамі знаходзіўся нізкі ўваход у падвальны склеп. У канцы ХІХ стагоддзя да тарца дома далучылася бесстылёвая зрубная прыбудова. Размешчаны непадалёку флігель, таксама кампактны прамавугольны ў плане аднапавярховы будынак, меў на галоўным фасадзе працяглую веранду з трохвугольным франтонам і паўкруглай люкарнай на ім. На зялёным партэры перад домам і флігелем імкнуліся ўвышыню пірамідальныя таполі.
На адным з узгоркаў узвышалася капліца з фамільнымі пахаваннямі ўладальнікаў маёнтка (разбураная ў 1914 г.), абсаджаная па перыметры дубамі. Гэты кампактны прамавугольны ў плане драўляны будынак пад двухсхільным дахам меў гранёную апсіду, а на галоўным фасадзе — чатырохкалонныя «падчэні» і, як усе будынкі сядзібы, адносіўся да познекласіцыстычнага стылю. Культавую прыналежнасць пабудовы вызначаў толькі каталіцкі крыж на вільчыку даха. У 1860-ых гадах капліца была пераасвячона на Крыжаўзвіжанскую царкву.
На другім пагорку стаяла мураваная альтанка ў выглядзе шасціграннай шатровай вежы. У парку размяшчалася выдатная аранжарэя. Прамавугольны ў плане аднапавярховы будынак з дахам схаваным за парапетам, вылучаўся рэпрэзентацыйным характарам архітэктуры: фасады рытмічна чляніліся высокімі арачнымі вокнамі, а цэнтр франтальнага фасада вылучаў чатырохвосевы рызаліт з поясам ляпных гірлянд і атыкам у завершы. Гаспадарчы двор змяшчаўся з заходняга боку сядзібы.
Палац быў знішчаны ў першую сусветную вайну.
ЛітаратураПравіць
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 469. — ISBN 5-85700-078-5.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна // Г. К. Кісялёў (галоўны рэдактар), Р. Б. Венцэль, М. К. Дзёмін і інш. (рэдкал.), М. І. Бернат (укладальнік). — Мн., БЕЛТА, 2000. — 736 с.: іл. ISBN 985-6302-28-5. — С. 637, 658—659.
- Несцярчук Л. М. Палацы, паркі, замкі Баранавіцкага раёна. Гісторыя, стан, перспектывы. — Брэст, 1999. — С. 62-66.
- Габрусь Т., Кулагін А., і інш. Страчаная спадчына. — Мн., 1998. — С. 223—224.
СпасылкіПравіць
Малюнак Напалеона Орды "Dworek zw. Murowanka i inne zabudowania majątku Wereszczaków w Tuhanowiczach". 1876 года з калекцыі Нацыянальага музея ў Варшаве. MNW Cyfrowe [1]
- Туганавіцкі парк на сайце «Архіварта»