Тураўская царква
Тураўская царква — колішні праваслаўны храм у Тураве, помнік старажытнарускага дойлідства XII ст. Па сваёй плошчы храм не саступаў самым буйным культавым збудаванням Кіева, Суздаля і Пскова і пераўзыходзіў знакаміты Полацкі Сафійскі сабор[1].
Праваслаўны храм | |
Тураўская царква | |
---|---|
| |
52°04′24″ пн. ш. 27°43′24″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Тураў |
Канфесія | Канстанцінопальская праваслаўная царква |
Епархія | Тураўская |
Архітэктурны стыль | старажытнаруская архітэктура |
Дата пабудовы | XII стагоддзе |
Дата скасавання | 3 мая 1230 |
Матэрыял | цэгла |
Да 1000-годдзя Тураўскай епархіі і 1025-годдзя старажытнага Турава было прымеркавана поўнае адкрыццё рэштак храма са стварэннем філіяла музея. Павільён вакол раскрытых падмурках храма быў пабудаваны ў 2005 годзе[2].
Гісторыя
правіцьЦарква была пабудавана на гарадзішчы старажытнага Турава, паводле меркавання даследчыкаў, у часы Кірылы Тураўскага[3].
Храм разбурыўся (дакладная дата невядомая) у выніку моцнай дэфармацыі і значнага нахілу сцен, магчыма, у выніку землетрасення ў Карпатах, якое адбылося 3 мая 1230 года[3]. Рэшткі царквы адкрыты і абследаваны М. Каргерам у 1963 г.
Архітэктура
правіцьЦарква ўяўляла сабой чатырохслуповы трохнефавы храм з нартэксам і апсідамі памеры царквы 28,2х16,5 м. Асаблівасць разбіўкі плана ў тым, што спачатку былі распланаваны межы храма па правым боку, а потым па левым (паўночным). У выніку гэтага была зробленая памылка ў адмеры модуляў на 1 локаць (0,43 м), што адлюстравана ў перакошанасці плана.
Падмуркі складзены з валуноў насуха. Сцены ўзведзеныя ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі (захаваліся на вышыню ад 0,3—0,5 да 2 м). Падлога царквы была выкладзена паліванымі пліткамі. Слупы ў сячэнні крыжовыя. У паўднёва-заходнім вугле царквы размяшчалася вежа з вітой лесвіцай.
Лапаткі, якія адпавядаюць усходняй пары падкупальных слупоў, змешчаныя на ўсход з такім разлікам, каб павялічыць плошчу ўспрыняцця вагі ад барабана з купалам і распор скляпенняў. Аналагічны канструкцыйны прыём выкарыстоўваўся ў гродзенскім дойлідстве XVII ст., напрыклад, у Ніжняй царкве. У адрозненне ад гродзенскіх помнікаў падкупальны прамавугольнік памерам 6х5,2 м выцягнуты па падоўжнай восі. Будынак мае канструкцыі, узведзеныя пазней за асноўны аб'ём: прыбудовы да ўсходніх, якія звужаюць праход да галоўнага алтара, і заходніх слупоў, якія злучалі іх з паўднёвай і паўночнай бакавымі сценамі, у выніку чаго быў утвораны своеасаблівы нартэкс, і інш.
Беларускі археолаг Алег Трусаў лічыць, што знешні выгляд царквы, збудаванай кіеўскімі майстрамі, аналагічны архітэктуры храмаў Кіева другой паловы XII стагоддзя[1].
Саркафагі
правіцьПры раскопках у храме выяўлены тры шыферныя саркафагі. У адным з іх, даўжынёй прыкладна 1,8 м, знаходзіліся рэшткі мужчыны ва ўзросце 50-52 гадоў. Навукоўцы лічаць, што гэта было пахаванне не простага чалавека, а княжацкай або духоўнай асобы[3].
Зноскі
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Тураўская царква // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. С. 38.
Спасылкі
правіць- Тураўская царква на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Тураўская царква на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Звесткі пра храм на сайце Radzima.org