Тураўскія крыжы — каменныя крыжы XII ст. ў горадзе Тураве і яго наваколлях. Вядома больш за 10 каменных крыжоў у Тураве, Пагосце, Хлупіне, Перарове, Верасніцы, Аздамічах і інш. З'яўляюцца сімвалам веры і прадметам пакланення для хрысціян[1].

Найбольш вядомым з крыжоў з'яўляецца Святы (Тураўскі) крыж (вышынёй 2 м, шырынёй 0,7 м). Да 1979 г. ён стаяў на могілках вёскі Пагост на беразе Прыпяці, пасля быў перавезены ў Гомельскі абласны краязнаўчы музей, але па просьбе жыхароў быў вернуты назад і цяпер захоўваецца ў царкве вёскі Пагост. У Гомельскім абласным краязнаўчым музеі можна пабачыць 2 іншыя крыжы (вышынёй 1 м, шырынёй 0,6 м), якія стаялі на тураўскіх Барысаглебскіх могілках.

У вёсках Пагост і Верасніца над крыжамі былі пабудаваны капліцы.

Вышыня тураўскіх крыжоў складае ад 1 да 2 м, шырыня ад 0,6 да 1 м. Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя на крыжы вешалі стужкі, лампадкі, пакрывалі іх хусткамі, прыносілі ахвяры — манета, палатно, мяса, рыбу. Да крыжоў накіроўваліся хрэсныя ходы. Асабліва шмат людзей збіралася на Узвіжанне[2][3][4][5].

Паводле паданняў, тураўскія крыжы прыплылі з Кіева уверх па Дняпры і Прыпяці і затым апынуліся сярод палёў; яны нібыта ахоўваюць ад розных хваробаў. Пра адзін з тураўскіх крыжоў расказваюць, што калі бацькі прасілі паслаць выздараўленне іх сыну, то ў небе з'явілася велічная агністая постаць жанчыны, якая сказала, што дапаможа. Хлопчык выздаравеў, і на наступны дзень у Прыпяці знайшлі каменны крыж. Яго выцягнулі на бераг і ўстанавілі на высокім месцы[6].

Зноскі

  1. * Завальнюк У.М. Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы / У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч. — Мінск, Изд-во Гревцова, 2013. — 808 с. ISBN 978-985-6954-73-6. С. 700
  2. Киркор А. Поселения в Белорусском Полесье // Живописная Россия. СПб., М., 1882. Т. III. с. 379.
  3. Завитневич В. Археологическая экскурсия в Полесье // Чтения в историческом обществе Нестора Летописца. Кн. 4. Киев, 1890. с. 21.
  4. Крукоўскі А. Старадаўні Тураў і яго наваколіцы // Наш край. 1928. № 8-9 (11-12). С. 51-55.
  5. Лабынцев Ю. А. В глубинном Полесье. М., 1989.
  6. Ненадавец А. Каменныя крыжы // Голас Радзімы. 1989. 13 ліп.

Спасылкі правіць