Тураўскі слоўнік

Тураўскі слоўнік — пяцітомны рэгіянальны дыялектны слоўнік. Выдадзены ў 1982—1987 гг. пад рэдакцыяй А. А. Крывіцкага. «Тураўскі слоўнік» з’яўляецца слоўнікам адной гаворкі — у ім апісваецца лексіка, пашыраная ў маўленні жыхароў 34 населеных пунктаў Столінскага і Жыткавіцкага раёнаў[1].

Тураўскі слоўнік
Аўтар Аляксандр Антонавіч Крывіцкі
Мова арыгінала беларуская
Выдавецтва Навука і тэхніка
Выпуск 1982

Уяўляе сабой поўны слоўнік традыцыйнай лексікі, якую складальнікі разумеюць як характэрную для гаворкі спрадвечную або дастаткова старую лексіку. Сюды адносяцца перш за ўсё словы, якія складаюць дыялектную лексічную аснову тураўскай гаворкі. Разам з тым у слоўнік уключаны і розныя ўласныя лексічныя набыткі гаворкі. Складальнікі слоўніка ўлічылі і тую акалічнасць, што «гаворка Тураўшчыны, як і ўсе гаворкі ўсходняга Палесся, знаходзіцца на перыферыі сучаснай беларускай дыялектнай мовы, і любы іншы від даведніка па яго лексіцы мог бы даць не зусім правільнае ўяўленне аб асаблівасцях яго слоўнікавага складу»[2].

Уся лексіка падаецца ў алфавітным парадку, за выключэннем памяншальных назоўнікаў, якія прыводзяцца ў артыкулах на словы, ад якіх утвораны. Абагульнены ў адзін слоўнікавы артыкул розныя рэгулярныя і нерэгулярныя фанетычныя варыянты слоў і амонімы[2].

Слоўнікавы артыкул у «Тураўскім слоўніку» пабудаваны наступным чынам: загалоўнае слова, марфалагічная і стылістычная яго характарыстыка, раскрыццё семантыкі слова, ілюстрацыя кожнага значэння адным або некалькімі прыкладамі на іх ужыванне. У канцы многіх слоўнікавых артыкулаў прыводзяцца ўстойлівыя фразеалагічныя выразы, а ў асобных з іх — кароткія этнаграфічныя звесткі, звязаныя з прадметам ці з'явай. Для ілюстрацыі слоў выкарыстоўваюцца найбольш удалыя і змястоўныя сказы, у якіх адлюстравана інфармацыя пра мясцовасць, побыт, звычаі, адносіны людзей, мясцовыя з'явы жыцця, а таксама прыказкі, прымаўкі, прыкметы, загадкі, звычаі і г. д[2].

Кожны том «Тураўскага слоўніка» завяршаецца раздзелам «Тэксты», у якім змешчаны ўзоры мясцовай мовы розных жанраў: побытавыя апавяданні, легенды, звычаі, замовы і г. д. У ім выдзяляецца вялікі цыкл апавяданняў «Вяселле», у якім на мясцовай гаворцы пададзены падрабязны сцэнарый традыцыйнага тураўскага вяселля з тэкстамі абрадавых песень (звыш 100 розных вясельных песень). Запісаў іх і падрыхтаваў для слоўніка ўраджэнец вёскі Пагост, энтузіяст і збіральнік узораў духоўнай культуры Тураўшчыны, навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі АН РБ М. А. Саскевіч. Другі цыкл апавяданняў можна аб’яднаць умоўна пад назвай «Цётка Парулюшка расказвае…». Гэта апавяданні жыхаркі вёскі Старажоўцы Параскі Мікітаўны Жукоўскай[2].

У пятым томе «Тураўскага слоўніка» змешчаны раздзел «Анамастыка», у якім прыводзіцца значная частка сабранага матэрыялу па ўласных назвах Тураўшчыны (2095 словаў) — палёў, сенажацей, лесу, балот, узгоркаў, рэчак, азёраў і г. д., а таксама прозвішчы і мянушкі жыхароў па найменні мясцовых населеных пунктаў[2].

У пяці тамах «Тураўскага слоўніка» змешчана 20 004 слоўнікавыя артыкулы і вялікая колькасць разнастайных устойлівых (семантычна непадзельных) словазлучэнняў. Слоўнік шырока раскрывае лексічны склад тураўскай гаворкі[2].

Збіранне матэрыялаў для картатэкі слоўніка адбывалася ў вызначанай усходне-палескай дыялектнай зоне, цэнтрам якой з'яўляўся Тураў. Гэты этнадыялектычны мікрараён з вельмі выразнымі межамі ўключаў у сябе, акрамя горада, 33 вёскі, і быў умоўна названы Тураўшчынай[2].

Мясцовыя слоўныя багацці збіраліся многімі шляхамі і спосабамі. Перш за ўсё былі выкарыстаны навуковыя дапаможнікі для збірання лексікі — апытальнікі, праграмы і інш. У збіральніцкай справе вялікую дапамогу аказалі настаўнікі Тураўшчыны. Найбольш актыўна дапамагаў навуковец М. Е. Бруй, які даслаў у картатэку больш як 200 дыялектызмаў. Зборам лексікі таксама займаліся былы дырэктар Хільчыцкай сярэдняй школы Ф. С. Санец, настаўніца гэтай школы М. Л. Кацэвіч. Вялікая падборка экспрэсіўнай лексікі была атрымана ад М. А. Дарошкі з вёскі Верасніца[2].

Крыніцы

правіць
  1. Сучасная беларуская літаратурная мова : вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па філалагічных спецыяльнасцях / [Д. В. Дзятко і інш.] ; пад рэдакцыяй Д. В. Дзятко. — 2-е выд., папраўленае і дапоўненае. — Мінск: Вышэйшая школа, 2020. — 588 с. — ISBN 978-985-06-3185-5.
  2. а б в г д е ё ж Тураўскі слоўнік // А. А. Крывіцкі, Г. А. Цыхун, І. Я. Яшкін, П. А. Міхайлаў, Т. П. Трухан. Т. 1—5. — Мн.: «Навука і тэхніка».

Літаратура

правіць
  • Тураўскі слоўнік // А. А. Крывіцкі, Г. А. Цыхун, І. Я. Яшкін, П. А. Міхайлаў, Т. П. Трухан. Т. 1—5. — Мн.: «Навука і тэхніка».
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Жыткавіцкага раёна / Рэд.-укл. В. Р. Феранц. — Мн.: Ураджай, 1994. — 767 с., [8] л.: іл. ISBN 5-7860-0614-X.

Спасылкі

правіць