Туркестан (рэгіён)

Туркеста́н (перс.: ترکستان - Torkestān, каз.: Түркістан, узб.: Turkiston, туркм.: Türkestan — «Краіна цюркаў»)[1] — назва гістарычна-геаграфічнага рэгіёна Цэнтральнай Азіі ў XIX стагоддзі і пачатку XX стагоддзя[2].

Карта ад Махмуда аль-Кашгары «Дывану лугат ат-цюрк», якая паказвае рассяленне цюркскіх плямёнаў у 11 стагоддзі.

Самае ранняе згадванне тапоніма «Туркестан» утрымліваецца ў дакуменце на паперы 639 г., які ўяўляе сабой ліст на сагдыйскай мове з 25 радкоў пра продаж у рабства самаркандскай дзяўчыны. Дакумент быў знойдзены ў 1969 г. разам з кітайскім дакументам 628 года каля Турфана[3]. У скандынаўскай Сазе пра Інглінгаў (XIII стагоддзе) згаданы Туркестан (ісл.: Tyrkland) на ўсход ад Асгарда (краіны асаў або ясаў)

У склад гэтага рэгіёна ўваходзілі тэрыторыі наступных сучасных дзяржаў: Узбекістана, Туркменістана, Таджыкістана, Кыргызстана і Казахстана, Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны раён Кітая, цюркамоўныя рэгіёны поўдня Сібіры, а таксама поўнач Афганістана і Ірана.

У другой палове XIX стагоддзя Туркестан умоўна падзяляўся на Заходні (Рускі), Усходні (Кітайскі), Паўднёвы (паўночная частка Афганістана і Ірана). У Заходнім і Усходнім Туркестане пражывала пераважна цюркскае насельніцтва, у Паўднёвым — іранамоўнае.

У сярэдзіне 1920-х гадоў тэрмін Туркестан паступова выйшаў з ужывання і быў заменены тэрмінам Сярэдняя Азія.

Заходні Туркестан правіць

 
Рускі Туркестан напачатку XX стагоддзя.
     Сямірэчанская вобласць      Сырдар'інская вобласць
     Самаркандская вобласць      Ферганская вобласць
     Хівінскае ханства      Бухарскі эмірат
     Закаспійская вобласць

На тэрыторыі Заходняга Туркестана, далучанага да Расійскай імперыі, у 1867 годзе было ўтворана Туркестанскае генерал-губернатарства. З 1886 года афіцыйная назва «Туркестанскі край». У красавіку 1918, на тэрыторыі Рускага Туркестана была ўтворана Туркестанская Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Пасля нацыянальна-дзяржаўнага размежавання савецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі 19241925 гадоў на тэрыторыі Туркестана былі ўтвораны Савецкія Рэспублікі. З часам слова «Туркестан» заменена тэрмінам Цэнтральная Азія, часта таксама выкарыстоўваецца тэрмін «Сярэдняя Азія», хоць у Сярэднюю Азію звычайна не ўключаюць Казахстан, які з'яўляецца ў сутнасці часткай цюркскага свету.

Пад імем «Туркестана» ў Расійскай імперыі часцей за ўсё мелі на ўвазе тры вобласці: Самаркандскую, Ферганскую і Сырдар'інскую. Але ўвесь Туркестан уключаў пяць абласцей, размешчаных адна за іншай на ўсход ад Каспійскага мора па мяжы Расійскай імперыі з Персіяй, Афганістанам і Кітаем, а менавіта: Закаспійскую, Самаркандскую, Ферганскую, Сырдар'інскую і Сямірэчанскую, а таксама Бухарскае і Хівінскае ханствы.

Усходні Туркестан правіць

Усходні Туркестан на гэты момант прадстаўлены цюркамоўным Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёнам Кітая. У яго складзе маюцца казахскае і кыргызскае нацыянальна-тэрытарыяльныя ўтварэнні.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Варта адзначыць, што да прыходу цюркскіх плямёнаў у Сярэднюю Азію ва ўсходніх іранцаў рэгіён, які ляжыць у двурэччы рэк Амудар'і і Сырдар'і, называўся Туран. У сасанідскіх крыніцах таксама выкарыстоўвалася назва Турэстан, г.зн. краіна тураў. Пасля з'яўлення ў гэтым рэгіёне цюркскіх народаў у гэтым рэгіёне назва «Туркестан» выцесніла назву «Туран», хоць геаграфічна паняцце «Туркестан» ахоплівае большы рэгіён, чым Туран. Туранам у авестыйскую эпоху называлі стэп і пустыні, якія атачаюць двурэчча Амудар'і і Сырдар'і, а ў Сярэднявеччы і аж да пачатку XX ст. – само аму-сырдар'інскае двурэчча, г.зн. гістарычную Сагдыяну, больш вядомую пад назвай Маверанахр. Маверанахр з'яўляецца калькай з пехл. «Farārōd» – «зарэчча», якое ўзыходзіць да стар.-перс.: «*pāra-» ‘(процілеглы) бераг’ + «rautah-» ‘рака’. Сагдыйскім эквівалентам сяр.-перс. «Farārōd» з'яўляецца «Pāryāp» ад «*pāra-» + «“p» ‘вада, рака’, г.зн. «процілеглы бераг ракі». Горад з сагдыйскай назвай Фараб існаваў на месцы гарадзішча Атрар, на правым, процілеглым, адносіна Согда, беразе Сырдар'і. «Зарэччам» правабярэжжа Амудар'і назвалі жыхары левабярэжжа, г.зн. Харасана, з прычыны таго, што суседнічалі з Согдам і мелі з сагдыйцамі вельмі цесныя роднасныя, культурныя, эканамічныя, духоўныя і іншыя сувязі. Так, напрыклад, тлумачальны слоўнік персідскай мовы «Фархангэ Анандрадж», складзены ў 1888 г. Махамедам Падшахам у Індыі, удакладняе:

    «І Туран не ідэнтычны Туркестану … Калі гэта вобласць была заваявана арабамі, стала называцца Маверанахрам... Маверанахр – гэта вобласць, усходняй мяжой якой з'яўляецца Фергана, заходняй – Харэзм, паўночнай – Ташкент, паўднёвай – Балх і Самарканд і з'яўляецца найбуйнейшым рэгіёнам Турана».

    Махамед Падшах, «Фархангэ Анандрадж», т. 1. стар. 1224

  2. Вызначэнне межаў гэтага рэгіёна, заснаванае на яго кліматычных асаблівасцях, дазваляла некаторым даследчыкам уключаць у гэты рэгіён тэрыторыі сучаснай Манголіі, Заходняга Кітая, Пенджаба, паўночнай Індыі і паўночнага Пакістана, паўночна-ўсходнія раёны Афганістан і раёны азіяцкай Расіі на поўдні, а таксама тэрыторыі цяперашніх сярэднеазіяцкіх дзяржаў і Казахстана. Пры вызначэнні межаў Туркестана, зыходзячы з прынцыпу этнічнага складу насельніцтва, калі за аснову бяруцца раёны, населеныя ўсходне-цюркскімі народамі і манголамі, дазваляла ўключаць у склад гэтага рэгіёна Сіньцзян-Уйгурская аўтаномная акруга, цюркамоўныя рэгіёны Паўднёвай Сібіры, чатыры былыя савецкія сярэднеазіяцкія рэспублікі (пры тым, што Таджыкістан населены іранамоўнымі народамі) і Казахстан, а таксама афганскі і іранскі Туркестан.
  3. Султанов Т. И. Чингиз-хан и Чингизиды. Судьба и власть /Турсун Икрамович Султанов. — М.: АСТ МОСКВА, 2007. — 446,[2]с. — (Историческая библиотека). — ISBN 5-17-035804-0 — С. 123. (Перевод согдийского документа на русский язык с лингвистическим анализом осуществлен иранистом В. А. Ливщицем // Петербургское востоковедение. — СПб., 1994. — Вып. 6, стр. 693.)

Спасылкі правіць