Тэатральны рэжысёр
Тэатральны рэжысёр — асоба ў тэатры, якая паводле сваёй творчай задумы кіруе работай усіх удзельнікаў пастаноўкі (акцёраў, сцэнографа, кампазітара і інш.), знітоўвае ўсе элементы спектакля і падпарадкоўвае іх раскрыццю ідэйна-мастацкай сутнасці драматычнага твора. Рэжысёрская задума ўключае ідэйнае вытлумачэнне (інтэрпрэтацыю) п’есы, вызначэнне яе жанру, стылю і адпаведна манеру акцёрскага выканання, характарыстыку персанажаў, вырашэнне спектакля ў часе і прасторы (тэмп, рытм, мізансцэны, арганізацыя сцэнічнай пляцоўкі), а таксама прынцыпы мастацкага афармлення спектакля (з мастаком і кампазітарам)[1].
У залежнасці ад асаблівасцей п’есы, яе тэмы, ідэі, жанру, стылю і іншыга вынікае форма спектакля. Галоўная сфера дзейнасці ў рэжысёрскім мастацтве — работа рэжысёра з акцёрам на рэпетыцыі над увасабленнем пастановачнай задумы спектакля. Адносіны паміж рэжысёрам і акцёрам у працэсе работы маюць характар творчага ўзаемадзеяння. Рэжысёрскае мастацтва прайшло шлях ад спалучэння ў адной асобе драматурга, выканаўцы і рэжысёра да трансфармацыі рэжысёра як асноўнага творчага інтэрпрэтатара і арганізатара сцэнічнага твора[1].
Гісторыя
правіцьРэжысёрскае мастацтва ў сучасным разуменні ўзнікла ў канцы XIX ст. і звязана з дзейнасцю рэжысёраў Л. Кронека, О. Брама, М. Райнгарта (Германія), А. Антуана (Францыя), Г. Крэга (Вялікабрытанія) і інш., якія імкнуліся да ўзнаўлення на сцэне «кавалка жыцця», ансамбля[1].
Дынамічнаму развіццю рэжысёрскага мастацтва садзейнічалі вялікі рускі рэжысёр К. Станіслаўскі (гл. сістэма Станіслаўскага), У. Неміровіч-Данчанка (стваральнік школы рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства), У. Меерхольд (прынцыпы ўмоўнага тэатра, біямеханіка, адкрытая палітычныя тэндэнцыёзнасць, эксперыменты ў форме спектакля і г. д), Я. Вахтангаў (сінтэз рэжысёрскіх пошукаў Станіслаўскага і Меерхольда), А. Таіраў (імкненне да арганічнага суіснавання ўсіх элементаў сцэнічнага мастацтва: слова, спеваў, пантамімы, танца і г. д.). Пад уплывам іх творчых ідэй працавалі рэжысёры Ж. Капо, Шарль Дзюлен, Л. Жувэ (Францыя), М. Валенцін (Германія), Ю. Астэрва, Л. Шылер (Польшча), Э. Бурыян (Чэхія), Е. Ле Гальен (ЗША) і інш[1].
Новы творчы імпульс рэжысёрскаму мастацтву дала творчасць Б. Брэхта, які стварыў тэорыю эпічнага тэатра. Рэжысёрскім пазіцыям Брэхта блізкія Ж. Вілар, Ж. Баро (Францыя), П. Брук (Вялікабрытанія), Дж. Стрэлер (Італія) і інш. Прынцыпы рэжысёрскага мастацтва ў расійскім тэатры другой паловы XX ст. развівалі і развіваюць М. Акімаў, М. Ахлопкаў, А. Васільеў, А. Дзікі, Л. Додзін, Ю. Завадскі, Б. Захава, М. Захараў, М. Кнебель, А. Лабанаў, Ю. Любімаў, А. Папоў, Р. Сіманаў, Г. Таўстаногаў, Л. Хейфіц, А. Эфрас, А. Яфрэмаў і інш[1].
Беларусь
правіцьНа Беларусі ў народныя тэатры (паказах скамарохаў, батлейкі, народныя драмы) своеасаблівым рэжысёрам была народныя традыцыя, якой прытрымліваліся ўсе ўдзельнікі прадстаўленняў[1].
Станаўленне рэжысёрскага звязана з тэатральнай дзейнасцю ў 1840—1850-я гады. Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (гл. тэатр Дуніна-Марцінкевіча), у першай палове XX ст. з творчасцю І. Буйніцкага, А. Бурбіса, Ф. Ждановіча, У. Фальскага. Яны апіраліся на народныя тэатральныя традьшыі: стваралі сінт. па характары паказы, у якіх шырока выкарыстоўвалі музычную і харэаграфічную народную творчасць; іх спектаклі вызначаліся моцным нацыянальным каларытам, жыццёвай верагоднасцю, дакладнасцю народных характараў і побыту. Традыцыі беларускага народнага тэатра, Першай беларускай трупы Буйніцкага прадаўжалі Ф. Ждановіч і У. Галубок. Параўнальна вялікую ўвагу яны аддавалі раскрыццю сацыяльнага зместу твора, яго ідэйна-мастацкаму гучанню, імкнуліся да больш глыбокай псіхалагічнай распрацоўкі вобразаў. Прыкметна паўплывала на развіццё беларускага рэжысёрскага мастацтва сістэма Станіслаўскага. Традыцыі рускай рэалістычнай школы з прынцыпамі беларускага народнага тэатра спалучаў у сваёй творчасці Е. Міровіч, які ўмела садзейнічаў раскрыццю творчай індывідуальнасці акцёра. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся акцёрскім ансамблем, пластычнай выразнасцю і рэжысёрскім вынаходніцтвам, стылістычнай своеасаблівасцю і адзінствам, дакладна распрацаванымі масавымі сцэнамі[1].
У канцы 1920—1930-я гадоў паявіліся рэжысёры, творчасць якіх вызначыла асаблівасці беларускага рэжысёрскага мастацтва наступных гадоў. Глыбіня думкі, вострая форма, лаканізм выразных сродкаў, лірызм уласцівы рэжысуры М. Міцкевіча. Адчуванне сучаснасці, эмацыянальнасць і рамантычная афарбоўка — адметныя рысы рэжысуры К. Саннікава. Яркая відовішчнасць, тэатральнасць, майстэрства сцэнічнай кампазіцыі характэрны рэжысуры Л. Літвінава. Уклад у развіццё рэжысёрскага мастацтва зрабілі А. Аркадзьеў, Дз. Арлоў, Ю. Арынянскі, Г. Волкаў, В. Галаўчынер, М. Зораў, М. Кавязін, С. Казіміроўскі, У. Кумельскі, Н. Лойтар, Л. Мазалеўская, У. Маланкін, A. Міронскі, І. Папоў, В. Пацехін, М. Рафальскі, Л. Рахленка, В. Рэдліх, А. Скібнеўскі, М. Співак, А. Струнін, С. Уладычанскі, В. Фёдараў, Ю. Шчарбакоў, Б. Эрын[1].
Рэжысёрскае мастацтва 1970—1990-х гадоў характарызуецца ў пэўнай ступені абнаўленнем тэатральных выразных сродкаў, імкненнем да філасофска абагульненай задумы спектакля і трактоўкі характараў, да сцэнічнай метафарычнасці, асацыятыўнасці. Пераемнасць творчых традыцый, пошукі сучаснага стылю характэрны для лепшых спектакляў Р. Баравіка (акрэсленасць грамадскай пазіцыі і глыбокая распрацоўка сцэнічных характараў), У. Караткевіча (сацыяльна-палітычная распрацоўка матэрыялу п’есы, удумлівая работа з акцёрам), Б. Луцэнкі (пошук новых выразных магчымасцей драматургічнага матэрыялу п’есы і імкненне іх спапучыць з сучаснымі эксперыментальнымі пошукамі рэжысёрскага мастацтва), В. Раеўскага (канцэптуапьныя падыходы да з’яў сучаснасці і выяўленне іх у яркай сцэнічнай форме), В. Мазынскага (імкненне ўзнавіць прынцыпы народнага тэатра з улікам сучасных тэатральных навацый), B. Баркоўскага (эксперыменты ў галіне формы і зместу спектакля), А. Андросіка (наследаванне традыцый рускага рэжысёрскага мастацтва), В. Катавіцка, Р. Таліпава (імкненне асвоіць прынцыпы сучаснага заходне-еўрапейскага рэжысёрскага мастацтва) і інш[1].
Рэжысёрскія кадры рыхтуюць Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і Беларускі ўніверсітэт культуры[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і Рэжысёрскае мастацтва // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
Літаратура
правіць- Рэжысёрскае мастацтва // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).