Удзельнік:Чобат/Чарнавік

Мангольская мова
Саманазва Монгол хэл,
ᠮᠤᠨᠭᠭᠤᠯ ᠬᠡᠯᠡ
Краіны Манголія, Кітай
Рэгіёны большая частка Манголіі,
паўсюдна — Унутраная Манголія,
часткі правінцый Ляанін, Гірын, Хэйлунцзян Кітая
Афіцыйны статус  Манголія,
 Кітай (Унутраная Манголія)
Арганізацыя, якая рэгулюе Манголія: Дзяржаўны моўны савет,
Унутраная Манголія: Савет па мове і літаратурнай працы[1]
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Алтайская сям'я

Мангольскія мовы і дыялекты на карце Азіі

Манго́льская мова (саманазва: Монгол хэл[заўв 1], вымаўл. /mɔŋɢɔ̆ɮ xiɮ/) — адна з моў мангольскае сям'і моў і дзяржаўная мова Манголіі. Колькасць носьбітаў з улікам усіх дыялектаў дасягае прыкладна 5,2 млн чал., складаючы большасць сярод насельніцтва Манголіі ды этнічна мангольскай часткі насельніцтва кітайскага аўтаномнага раёна Ўнутраная Манголія[2]. У Манголіі дамінуючым з'яўляецца халхаскі дыялект і кірылічная пісьменнасць, на якіх заснаваная літаратурная мова Манголіі, у той час ва Ўнутранай Манголіі мангольская мова мае большую дыялектную разнастайнасць і запісваецца традыцыйным старамангольскім пісьмом.

Мова вылучаецца наяўнасцю гармоніі галосных і складанай структурай складоў, што дазваляе мове мець у канцы слоў сцячэнні да трох зычных гукаў. Граматычна — тыповая аглюцінатыўная мова, у словазмяненні вялікую ролю адыгрываюць паслядоўныя ланцугі суфіксаў. Парадак слоў у сказе — дзейнік-дапаўненне-выказнік, упарадкаванне іменнае групы адносна вольнае, граматычныя ролі выражаюцца шляхам каля васьмі склонаў, існуе пяць станаў. Дзеяслоў змяняецца паводле стану, віду, часу, мадальнасці ды эвідэнцыяльнасці. У сувязях унутры сказа асаблівую ролю маюць словы, значэнне якіх блізкае да прыслоўяў.

Сучасная мангольская мова з'яўляецца вынікам развіцця сярэднемангольскае мовы — мовы Мангольскай імперыі перыяду ХІІІ-XIV стст. Пры развіцці гэтае мовы адбыліся заўважныя зрухі ў парадыгме гармоніі галосных, склонавай і дзеяслоўнай сістэмах, узніклі доўгія галосныя.

Лінгвагеаграфія правіць

Мангольская мова — дзяржаўная мова Манголіі, дзе на ёй размаўляе каля прыблізна 2,7 млн чал., і адна з афіцыйных моў аўтаномнага раёна Кітая Унутраная Манголія, у якой прыкладная колькасць носьбітаў мангольскае мовы складае 2,7 або больш мільёнаў чалавек[2]. Існуюць іншыя ацэнкі, паводле якіх колькасць жыхароў Унутранае Манголіі са здольнасцямі кантактавання на мангольскай мове налічвае прыкладна 4 млн чал.[1] Нягледзячы на гэта, не існуе дакладнай колькасці носьбітаў мангольскай мовы ва Унутранай Манголіі, паколькі не існуе звестак пра моўную карціну грамадзян Кітая.

У Кітаі пражывае каля 5 млн этнічных манголаў, але выкарыстанне мангольскай мовы сярод іх (асабліва сярод гарадскіх манголаў маладога ўзросту) знаходзіцца ў заняпадзе ў сувязі з дамінаваннем кітайскае мовы[3]. Большасць кітайскіх носьбітаў мангольскае мовы пражывае ва Унутранай Манголіі, дадаткова ў сумежных з ёю рэгіёнах правінцый Ляанін, Гірын, Хэйлунцзян ёсць носьбіты харчынскага і хорчынскага дыялектаў[1].

Класіфікацыя, дыялекты правіць

 
Айрацкія дыялекты захаду Кітая і Манголіі.

Мангольская мова належыць да мангольскае сям'і моў. Тым не менш, яе дакладнае месца сярод моў гэтае сям'і з'яўляецца адносна дыскусійным пытаннем з прычыны таго, што наяўныя на цяперашні час звесткі пра дыялекты мовы не заўсёды карэлююць з агульным наборам моўных крытэрыяў. Такія звесткі, у прыватнасці, могуць растлумачыць гістарычнае развіццё мангольскага дыялектнага кантынуума ды іхнія сацыялінгвістычныя ўласцівасці. У наш час існуюць параўнальна шырока развітыя фаналагічныя і лексічныя даследаванні дыялектаў мангольскае мовы[4][5][6], але не закладзеныя асновы параўнальных марфасінтаксічных даследаванняў, асабліва такіх розных адзін ад аднаго дыялектаў як халхаскі або хорчынскі[3].

Статус некаторых мангольскіх ідыёмаў як асобных моў або дыялектаў уласна мангольскае мовы з'яўляецца дыскусійным. Існуе прынамсі тры падобныя спрэчныя ідыёмы: айрацкі (у тым ліку калмыцкая мова) ды бурацкая (абодва распаўсюджаныя ў Расіі), а таксама ардоскі (распаўсюджаны ў мескай акрузе Ардос Унутранай Манголіі, што на поўдні гэтага аўтаномнага раёна)[1][3].

Нягледзячы на спрэчны статус некаторых моў або дыялектаў мангольскае сям'і, статус халхаскага дыялекту, літаратурнай мовы Манголіі, як часткі мангольскае мовы не з'яўляецца дыскусійным. Класіфікацыя па-за халхаскім дыялектам, аднак, з'яўляецца дыскусійнай. Напрыклад, на думку Г. Санжэева, мангольская мова падзяляецца на тры дыялекты — халхаскі, чахарскі і ардоскі, тады як бурацкая ды айрацкая разглядаюцца як асобныя мовы[7]. З іншага боку, існуюць іншыя меркаванні, якія пашыраюць паняцце мангольская мова: прыкладам, паводле Луўсанвандана мангольская мова падзяляецца на цэнтральны (уключна з халхаскім, чахарскім, ардоскім), усходні (харчынскі і хорчынскі), заходні (айрацкая, калмыцкая мовы) і паўночны (дзве бурацкія гаворкі) дыялекты[1]. Некаторыя заходнія даследчыкі лічаць, што адносна добра даследаваны ардоскі ідыём з'яўляецца асобнай мовай, маючы кансерватыўную структуру складоў і набор фанем[8]. Сярод дыялектаў, чыя класіфікацыя паддаецца цяжкасцям, адзначаецца, у прыватнасці, алашаньскі дыялект, які гістарычна звязаны з заходнімі айрацкімі гаворкамі, але знаходзіўся пад культурным уплывам Унутранай Манголіі[1][заўв 2]; іншым дыскусійным пытаннем застаецца класіфікацыя чахарскага, халхаскага і хорчынскага дыялектаў у дачыненні як адзін да аднаго, так і ў адносінах да бурацкай і айрацкай[1][3]. У якасці аднаго з асноўных адрозненняў дыялектаў Манголіі ад дыялектаў Унутранай Манголіі прыводзіцца падзел афрыкаты [tʃ] на [tʃ] у пазіцыі перад *i ды на [ts] перад астатнімі рэканструяванымі галоснымі гукамі — гэтая рыса прысутнічае ў дыялектах Манголіі, але не існуе ў дыялектах Унутранай Манголіі (напр., праманг. *tʃil > халх. /tʃiɮ/, чах. /tʃil/; але праманг. *tʃøhelen > халх. /tsooɮəŋ/, чах. /tʃooləŋ/)[9][10]. З іншага боку, дыфэрэнцыяцыя цэнтральных дыялектаў з дзеяслоўным суфіксам прошлага часу -sŋ і ўсходніх дыялектаў з суфіксам такой жа функцыі -dʒɛ лічыцца стахастычным (то бок, выпадковым) проціпастаўленнем[11].

Ва Унутранай Манголіі ў афіцыйным рэчышчы мангольская мова разглядаецца з падзелам на тры дыялекты: паўднёвамангольскі, айрацкі ды баргу-бурацкі, паўднёвамангольскі дыялект пры гэтым падзяляецца на чахарскую, ардоскую, баарынскую, хорчынскую, харчынскую і алашаньскую гаворкі. Літаратурная мангольская мова ў Кітаі засноўваецца на мясцовых дыялектах: граматыка заснавана на паўднёвамангольскім дыялекце, вымаўленне — на чахарскай гаворцы. Дыялекталагічна некаторыя паўднёвамангольскія гаворкі бліжэйшыя да халхаскага дыялекту, чым да іншых дыялектаў і гаворак Унутранай Манголіі: напрыклад, чахарская гаворка бліжэйшая да халхаскага дыялекту, чым хорчынская[3].

У пытанні знешняй класіфікацыі мангольская мова ўваходзіць у мангольскую моўную сям'ю. Мангольская сям'я, у сваю чаргу, уваходзіць у алтайскую сям'ю моў, у якую ўваходзяць таксама тунгуса-маньчжурская, цюркская, япона-рукюская сем'і ды карэйская мова, аднак існаванне алтайскае сям'і прызнаецца не ўсімі лінгвістамі[заўв 3].

Лінгвістычная характарыстыка правіць

У наступным раздзеле прыведзенае апісанне фанетыкі, фаналогіі, марфалогіі і сінтаксісу мангольскае мовы. Раздзел «фаналогія» апісвае ўлан-батарскія гаворкі халхаскага дыялекту, фаналагічныя лады іншых дыялектаў, такіх як ардоскі, хорчынскі і чахарскі, істотна адрозніваюцца ад халхаскага[1]. У адрозненне ад гэтага, большасць халхаскіх марфалагічных рыс падзяляюць чахарскі[12] і, з невялікімі нюансамі, хорчынскі[13] дыялекты.

Фаналогія правіць

У наступным раздзеле апісваюцца галосныя, зычныя мангольскае мовы на ўзоры халхаскага дыялекту, а таксама халхаскія мангольскія фанатактыка і націск.

  • Галосныя:

У дадзеным артыкуле галосныя апісваюцца паводле схемы ATR, якая апісвае пазіцыю языка пры вымаўленні таго ці іншага галоснага, у выніку чаго галосныя падзяляюцца на тры тыпы: −ATR, +ATR і нейтральныя галосныя. Тым не менш, шэраг заходніх даследчыкаў працягваюць апісваць мангольскі гукавы лад паводле проціпастаўлення галосных пярэдняга і задняга рада.

Літаратурная мангольская мова мае сем галосных гукаў-манафтонгаў. Мангольскія галосныя характарызуюцца паводле супрацьпастаўлення агубленых і неагубленых, маецца фанематычная даўжыня для кожнага з сямі галосных. Фанетычна кароткае /o/ моцна адрозніваецца ад доўгага /o/, з'яўляючыся галосным сярэдняга пад'ёму [ɵ]. У табліцах ніжэй мангольскія галосныя размеркаваныя паводле дзвюх схем: паводле рада і паводле схемы ATR.

Пярэдняга
рада
Сярэдняга
рада
Задняга
рада
Кароткія Доўгія Кароткія Доўгія Кароткія Доўгія
Верхняга
пад'ёму
i u
Ненапружаныя
верхняга
пад'ёму
ʊ ʊː
Сярэдне-верхняга
пад'ёму
e o [ɵ]
Сярэдне-ніжняга
пад'ёму
ɔ ɔː
Ніжняга
пад'ёму
a

Апроч сямі манафтонгаў, халхаскі дыялект мае чатыры дыфтонгі: /ui, ʊi, ɔi, ai/[2].

ATR: У схеме ATR мангольскія галосныя падзяляюцца на тры групы па прыкмеце гармоніі галосных, якая існуе ў мангольскай мове.

+ATR («пярэдн.») −ATR («задн.») Нейтр.
e, u, o a, ʊ, ɔ i

З гістарычных прычын мангольскія галосныя ў схеме ATR могуць удакладняцца, пазначаючыся тэрмінамі «галосны пярэдняга рада» ды «галосны задняга рада». У сістэмах раманізацыі (транскрыпцыі мовы лацінскім алфавітам) мангольскай мовы літарамі o, u пазначаюцца не гукі /o/, /u/, а /ɔ/ ды /ʊ/; гукі /o/, /u/ пазначаюцца сімваламі ö, ü. Існуе таксама галосны /i/, які не належыць ні да аднае з груп.

Як і ў іншых мовах, дзе выяўляецца правіла гармоніі галосных, у любым нескладаным слове (уключна з суфіксамі) могуць паяўляцца галосныя гукі толькі аднаго тыпу. У выпадку, калі першы галосны слова належыць да тыпу −ATR, усе іншыя галосныя ў слове могуць быць толькі тыпу −ATR або нейтральны /i/. Аналагічна з гэтым, калі першы галосны ў слове належыць да тыпу +ATR, далей у слове паўстаюць толькі галосныя гэтага тыпу або нейтральны галосны /i/. У выпадку з суфіксамі, якія змяняюць свае галосныя ў адпаведнасці з гармоніяй галосных, пераважаюць два тыпы галосных. Тым не менш, некаторыя суфіксы ўтрымліваюць архіфанему /A/, якая можа рэалізоўвацца як /a, ɔ, e, o/. Напрыклад:

orx («хатняя гаспадарка») + -Ar (Т.с.) → orxor («хатняй гаспадаркай»);
xarʊɮ («вартавы») + -Ar (Т.с.) → xarʊɮar («вартавым»).

Іншыя суфіксы ў словах з галоснымі −ATR рэалізуюцца з галосным /ʊ/, з галоснымі +ATR — з галосным /u/. Напрыклад:

aw («узяць») + -Uɮ (каўзатыў[заўв 4]) → awʊɮ

У выпадках, калі ў слове паўстае толькі галосны /i/, суфікс перабудоўваецца паводле схемы +ATR[2].

Мангольская мова адзначаецца супрацьпастаўленнем паводле агубленасці або неагубленасці галоснага. У выпадку, калі корань утрымлівае галосныя /o/ або /ɔ/, суфікс мусіць змяшчаць галосныя [o] або [ɔ] адпаведна. Аднак гэты працэс скасоўваецца пры наяўнасці ў слове /u/ (або /ʊ/) ды /ei/ (напр., ɔr-ɮɔ, але ɔr-ʊɮ-ɮa)[2].

Даўжыня галоснага гуку адрозніваецца паводле пазіцыі складу ў слове. Доўгі галосны, як правіла, мае каля 208 % ад даўжыні кароткага. У сярэдзіне слова даўжыня доўгага галоснага складае ўжо толькі 127 % ад даўжыні кароткага галоснага ў пачатку слова, але іх адрозненне ад кароткага галоснага ў пачатку слова дагэтуль застаецца. Кароткія галосныя ў неініцыяльным складзе[заўв 5] карацей за кароткія ініцыяльныя галосныя на 71 % і маюць крыху іншае месца артыкуляцыі. Але гэтае адрозненне не з'яўляецца фанематычным, з-за чаго іх становішча вызначаецца законамі фанатактыкі[2].

  • Зычныя:

Ніжэй прыведзены пералік зычных у мангольскай мове. Зычныя, што пазначаныя ў дужках, існуюць толькі ў запазычаннях[2].

Лабіяльныя Зубныя Палатальныя Велярныя Увулярныя
Звычайныя Палаталізаваныя Звычайныя Палаталізаваныя Палаталізаваныя Звычайныя
Насавыя m n ŋ
Выбухныя Глухія з прыдыханнем () (pʲʰ) tʲʰ (kʲʰ) ()
Глухія p t
Звонкія ɡʲ ɡ ɢ
Афрыкаты Глухія з прыдыханнем tsʰ tʃʰ
Глухія ts
Фрыкатывы Сярэднія (f) s ʃ x
Лятэральныя ɮ ɮʲ
Дрыжачыя r
Апраксіманты w̜ʲ j

У гукавым ладзе мангольскае мовы адсутнічае глухі лятэральны апраксімант [l], але маецца звонкі альвеалярны лятэральны фрыкатыў /ɮ/, які часта рэалізоўваецца як глухі — [ɬ][14]. У канцы слоў /n/ (у выпадку, калі пасля яго не ідзе галосны ў гістарычнай форме) рэалізоўваецца як [ŋ]. Палаталізаваныя зычныя ўзнікаюць, як правіла, толькі ў словах з наяўнасцю галосных тыпу −ATR[2].

  • Структура складу, фанатактыка:

Найбольш працяглыя склады маюць структуру CVVCCC, дзе C — зычны, V — галосны, апошні C — суфікс. У канцы складоў, як правіла, рэдка з'яўляецца адзін кароткі галосны. У выпадках, калі слова гістарычна мела аднаскладовую структуру, склад *CV перайшоў у CVV, таксама з гістарычных прычын абмежаванае знаходжанне ў складзе фанемы [ŋ], гукаў /p/ ды /pʲ/. У сцячэннях двух зычных існуюць наступныя абмежаванні:

  • Перад палаталізаваным зычным можа стаяць толькі іншы палаталізаваны зычны або, часам, /ɢ/ ды /ʃ/;
  • Перад /ŋ/ могуць узнікаць толькі гукі /ʃ, x, ɡ, ɡʲ, ɢ/;
  • /j/ не паўстае ў другой пазіцыі;
  • /p/ ды /pʲ/ не могуць выступаць як першы або другі зычны (апрача выпадкаў, калі перад імі стаіць /m/ або /ɮ/ ці іхнія палаталізаваныя пары);

Сцячэнні зычных, якія не адпавядаюць гэтым правілам, разбіваюцца нефанематычным галосным: напр., словы hojor, ažil, saarmag фанематычна выглядаюць як /xɔjr/, /atʃɮ/, /saːrmɡ/ адпаведна. Галосны, які разбівае падобнае сцячэнне зычных, вызначаецца правілам гармоніі галосных. Звычайна гэта варыянт гэтага гуку ў сярэднім уздыме, аднак існуюць вызначаныя выключэнні. Так, пасля /u/ ранейшага складу ў наступным складзе ідзе [e]; у выпадку, калі ў ранейшым складзе ідзе ненейтральны галосны, у наступным складзе /i/ ігнаруецца; эпэнтэтычнае[заўв 6] [i] суправаджаецца постальвеалярным або палаталізаваным зычным (гл. [atʃĭɮ])[2].

  • Націск:

Націск у мангольскай мове не з'яўляецца фанематычным і залежыць ад структуры складу. Тым не менш, меркаванні лінгвістаў наконт пазіцыі націску ў словах рэзка адрозніваюцца[2]. Большасць мангольскіх лінгвістаў мяркуе, што мангольскі націск, незалежна ад дыялектаў, з'яўляецца ініцыяльным (падае на першы склад), аднак прыкладна ў сярэдзіне ХХ ст. некаторыя заходнія лінгвісты выказвалі думку, што націск мае тэндэнцыю падаць на самы левы цяжкі склад. Іншыя меркаванні згадваліся ў працах з першай палавіны ХІХ да пачатку ХХ стст. Сярод нядаўніх меркаванняў адзначаецца гіпотэза, што мангольскі націск падае на самы правы цяжкі з неканчатковых склад[15].

Цяжкім склад вызначаецца ў выпадку, калі ён утрымлівае доўгі галосны, кароткія склады ў пачатку слоў з гэтага вызначэння выключаюцца. Слова атрымлівае націск у тым ліку і ў выпадку, калі слова з'яўляецца двускладовым і адзіны цяжкі склад знаходзіцца ў канцы слова, і нават у словах, што ў пачатку маюць кароткі склад.

Марфалогія правіць

У марфалагічным дачыненні мангольская мова адносіцца да аглюцінатыўных моў, словаўтварэнне — амаль заўсёды суфіксальнае, аднак таксама маецца рэдуплікацыя[заўв 7][2]. Большая частка суфіксаў складаецца з адной марфемы, існуе вялікая колькасць словаўтваральных марфем[16]. Вылучаецца адсутнасць рэзкага адрознення між словазмяненнем і словаўтварэннем: так, напрыклад, розныя склонавыя формы аднаго і таго ж слова часта лексічна функцыянуюць як новыя словы і дапускаюць другаснае скланенне, асновай якога з'яўляецца склонавая форма.

Досыць частымі з'яўляюцца складаныя словы, некаторыя словаўтваральныя суфіксы могуць утвараць уласныя словы (напр., jar'- — «казаць», jarilts- — «гаварыць адзін з адным»). Фармальна ўсе асобныя словы, створаныя пры дапамозе суфіксаў, можна падзяліць на тры групы: фінальныя дзеясловы (што могуць выкарыстоўваюцца толькі ў канцы сказу)[17], дзеепрыметнікі[18], а таксама асаблівыя дзеясловы, функцыянальна блізкія прыслоўям[17].

У спрошчаным дачыненні мангольская мова мае восем склонаў: назоўны (без канчатку), родны, давальны, вінавальны, творны склоны, аблатыў, камітатыў ды алятыў[19]. У сказах, дзе дапаўненне з'яўляецца пэўным, да яго выкарыстоўваецца вінавальны склон, да няпэўнага — назоўны[20]. Дадаткова існуюць паслялогі, якія дапасоўваюць родны, аблатыў, камітатыў і, у некаторых выпадках, назоўны склоны[12]. Назоўнікі могуць атрымоўваць зваротна-прыналежныя клітыкі, якія ўказваюць на залежнасць назоўніку ў сказе ад дзейніку. Тым не менш, існуюць назоўнікавідныя прыметнікі, да якіх падобныя суфіксы не далучаюцца непасрэдна ў выпадку наяўнасці ў сказе эліпсісу (пропуск слова або слоў у сказе, які не шкодзіць сэнсу сказу, бо словы маюцца на ўвазе).

Множны лік характарызуецца наяўнасцю канчаткаў, ужыванне якіх абмежаванае датычна людзей, таксама множны лік можа не пазначацца наогул. Назоўнік, дапасаваны лічэбнікам, звычайна не нясе афіксаў множнага ліку[12][19].

Існуюць асабістыя займеннікі першай і другой асобы, а таксама гістарычныя ўказальныя займеннікі, з якіх утварыліся займеннікі трэцяй асобы (з блізкім і далёкім значэннямі). Ролю прыналежных займеннікаў маюць асабовыя ды безасабовыя суфіксы.

Адмаўленне выражаецца канчаткам -güj пасля дзеепрыметнікаў і часціцай biš пасля назоўнікаў або прыметнікаў. Існуюць адмоўныя часціцы, што стаяць перад дзеясловамі, але яны звычайна замяняюцца аналітычнымі канструкцыямі.

Сінтаксіс правіць

  • Структура фразы:

Іменная група ў мангольскай мове будуецца паводле схемы «займеннік/лічэбнік, прыметнік, назоўнік»[20], перад іменнай групай звычайна паўстае атрыбутыўны сказ. Тытулы або заняткі людзей, колькасныя лічэбнікі і некаторыя клітыкі ставяцца перад галоўным назоўнікам[21]. Прыналежныя займеннікі, аднак, могуць стаяць як перад іменнай групай, так і пасля яе[22]. Нефінітная граматычная аснова ўмоўна падзяляецца на тры часткі: цэнтр, у якім стаіць выказнік, а таксама два бакі навокал яго — камплементы ды прыслоўі (перад выказнікам) і мадальныя часціцы (канец)[23]. Найбольш шырокая трактоўка мангольскай (халхаскі дыялект) граматычнай асновы ажыццёўлена Ш. Луўсанванданам, аднак у гэтым артыкуле прадстаўлена пазнейшае апісанне (паводле Мацуокі).

Выказнік у мангольскай мове часцей за ўсё выражаецца дзеясловам (як, напрыклад, у беларускай мове), што, аднак, не выключае існавання ў граматычнай структуры граматычнай асновы існавання некалькіх тыпаў намінальных прэдыкатыўных канструкцый з наяўнасцю звязкі або нават без яе[24].

Звычайны пардак слоў у сказе — SOV (дзейнік-дапаўненне-выказнік)[20]. У той час як прэдыкаты мусяць заставацца ў канцы граматычнай асновы, іншыя часціны могуць поўнасцю змяняць сваю пазіцыю або наогул знікаць[21]. Тэма, як правіла, мае тэндэнцыю размяшчацца ў пачатку граматычнай асновы, іншая інфармацыя часцей за ўсё знаходзіцца ў яе канцы[25]. Тэма можа дапаўняцца значэннямі факусоўкі («нават», «таксама»), ролю якіх выконваюць клітыкі č ды l адпаведна[21][26].

Набор станаў у мангольскай мове ўключае ў сябе пасіўны, прычынны, узаемны (рэцыпрок), плюратыўны ды сумесны. У пасіўным стане дзеяслоў атрымлівае суфікс -gd-, а агенс дапасуецца ў творным ці, што часцей, давальным склонах. У прычынным стане дзеяслоў атрымлівае суфікс -uul-, а агенс дапасуецца ў творным ці давальным (у выпадку пераходнага дзеяння) або вінавальным (непераходнае) склонах. Астатнія лады маркіруюцца суфіксамі -ld-, -tsgaa-, -lts- адпаведна[12].

Вялікую значнасць мае катэгорыя адушаўлёнасці — у некаторых выпадках у мангольскай мове назоўнікі могуць выкарыстоўвацца толькі ў неадушаўлёным выглядзе.

Лексіка правіць

Мангольская мова характарызуецца наяўнасцю ў лексіцы некаторых пластоў запазычанняў, якія маюць не-мангольскае паходжанне. Ужо ў Сярэдневякоўі мангольская мова пачала засвойваць запазычанні з старажытнацюркскай мовы, санскрыту (праз пасрэдніцтва уйгурскай), персідскай, арабскай, тыбецкай, тунгуса-маньчжурскіх і кітайскай моў[22][27]. Запазычанні новага часу маюць пераважна англійскае, рускае ды кітайскае паходжанне, пры гэтым апошнія ўласцівыя для маўлення Унутранай Манголіі[28].

У сучаснай мангольскай мове Манголіі існуе практыка афіцыйнага моўнага пурызму, які ў асноўным можна ўбачыць у даслоўным перакладзе некаторых міжнародных тэрмінаў у процівагу засваенню гэтых тэрмінаў, напрыклад: jerönhijlögč[заўв 8] («прэзідэнт», літаральна — чалавек, які абагульняе, загадвае), šar ajrag («піва», літаральна — «жоўты кумыс»). Сярод новай тэрміналогіі існуюць калькі іншамоўнага паходжання (прыкладам galt tereg — «цягнік», літаральна — вогненны воз; ад кітайскага 火车 з тым жа літаральным значэннем)[28]. Іншыя падобныя калькаванні з кітайскай мовы закранаюць грамадска-палітычную сферу («рэспубліка», «насельніцтва») і гаспадарчую («кукуруза»).

Асаблівым чынам вылучаецца пласт запазычанняў індаарыйскага (санскрыт) паходжання, якія выкарыстоўваюцца ў халхаскім дыялекце ў галінах, звязаных, напрыклад, з рэлігіяй і грамадствам (у прыватнасці, вернікі-манголы гістарычна належаць да будызму, у распаўсюджанні якога ўдзельнічаў санскрыт). Сярод запазычанняў з санскрыту адзначаюцца таксама назвы некаторых планет (bud — बुध, «Меркурый»; sugar — शुक्र, «Венера»; barhasvadi — वृहस्पति, «Юпітэр»; sanchir — शनि — «Сатурн»). Кітайскія запазычанні адзначаюцца сярод назваў некаторых страў, галін гандлю і грамадства, а таксама некаторых прадметаў (luuvan — 萝卜, «морква»; khuluu — 葫芦, «гарбуз»; chinjuu — 青椒, «перац»; tsai — 茶, «гарбата»; naimaa/maimaa — 买卖, «гандаль»; van — 王, «манарх»; gunj — 公主, «прынцэса»; gun — 公, «князь», shaazan — 烧瓷, «фарфор»).

У ХХ ст. мангольская мова засвоіла вызначаную колькасць слоў з рускае мовы, якія сталі пазначаць назвы страў і прадметаў штодзённага выкарыстання. Да гэтых назваў адносяцца як першапачаткова рускія словы, так і міжнародныя тэрміны, што трапілі ў мангольскую пры пасрэдніцтве рускай (doktor — «доктар», ostol — «стол», shokolad — «шакалад», kalendar — «каляндар», yavlaga — «яблык», galavsaa — «каўбаса», podvoolk — «саколка»). У апошні час мангольская мова пачала ўспрымаць англійскую лексіку, звязаную з культурнымі ды сацыяльнымі пераўтварэннямі, некаторыя з гэтых слоў патрапілі ў афіцыйны ўжытак (menejment, computer, fail, marketing, kredit, onlain, mesej). Большасць падобных слоў паявілася ў часы сучаснай Манголіі.

Пісьменнасць правіць

Пісьмовая мангольская мова гістарычна зазнала некалькі змен сістэм запісу. Так, у ХІІІ ст. узнікла т.зв. старамангольскае пісьмо, якое, у сваю чаргу, з'яўляецца адаптацыяй уйгурскага пісьма.

У ХХ ст. вызначыліся тэндэнцыі адмовы ад старамангольскага пісьма. Паміж 1930 і 1932 гадамі ўрад тагачаснай Мангольскай Народнай Рэспублікі ажыццявіў спробу ўвядзення лацінскага алфавіта, які ў 1941 годзе быў заменены кірыліцай. Мангольскі кірылічны алфавіт меў менш разыходжанняў з пісьмовай і вуснай формай, што паспрыяла росту граматнасці з 17,3 % да 73,5 % з 1941 па 1950 гады[29]. У параўнанні з гэтым, кампаніі па ліквідацыі пісьменнасці, якія праводзіліся ў 19211940 гадах з выкарыстаннем старамангольскага пісьма, дабіліся павышэння ўзроўню граматнасці з 3,0 % да 17,3 %[29]. У 19911994 годзе ставіліся спробы вяртання ва ўжытак старамангольскага пісьма, аднак, на думку некаторых даследчыкаў, яны не атрымалі падтрымкі ў насельніцтва Манголіі[2]. На цяперашні час параўнальна распаўсюджаным з'яўляецца нефармальнае выкарыстанне лацінскага алфавіта ў электронных СМІ[30].

У Кітаі мангольская мова мае афіцыйны статус побач з кітайскай у некаторых аўтаномных рэгіёнах, у прыватнасці ў аўтаномным раёне Унутраная Манголія. Манголы Кітаю дагэтуль выкарыстоўваюць старамангольскае пісьмо, у тым ліку і у афіцыйных галінах дзейнасці. Да кітайска-савецкага расколу ў другой палавіне ХХ ст. разглядаліся праекты па ўвядзенні кірылічнай пісьменнасці для патрэб мясцовых манголаў[2]. Старамангольскае пісьмо ў Кітаі падзяляецца на два тыпы: уласна старамангольскае пісьмо, якое выкарыстоўваецца як афіцыйнае для манголаў Кітая, і т.зв. тода бічыг (літаральна «чыстае пісьмо»). Апошні прымяняецца ў пісьменнасці айратаў (этнас, блізкі манголам) Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна[1].

Сучасны алфавіт правіць

Сучасны мангольскі алфавіт засноўваецца на кірылічнай пісьменнасці. Ён складаецца з 35 літар.

Ніжэй прыведзены сучасны склад літар мангольскага алфавіта. Для кожнай літары ўказаная назва, гук (што пазначаецца гэтай літарай, паводле міжнароднага фанетычнага алфавіта), а таксама некалькі варыянтаў найвядомейшых стандартаў транслітарацыі гэтых літар.

Нумар Літара Назва IPA[2] ISO 9 Стандартная THL Бібліятэка Кангрэсу ЗША
1 Аа а a a a a a
2 Бб бэ p, pʲ, b b b b b
3 Вв вэ w, wʲ v v w v
4 Гг гэ ɡ, ɡʲ, k, ɢ g g g g
5 Дд дэ t, tʲ, d d d d d
6 Ее е jɛ~jɜ, e e ye, yë ye, yö e
7 Ёё ё ë yo, yö yo ë
8 Жж жэ tʃ, dʒ ž j j zh
9 Зз зэ ts, dz z z z z
10 Ии и i i i i i
11 Йі хагас и i j ĭ i ĭ
12 Кк ка (k, ) k k k k
13 Лл эл ɮ, ɮʲ l l l l
14 Мм эм m, m m m m
15 Нн эн n, , ŋ n n n n
16 Оо о ɔ o o o o
17 Өө ө o ô ö ö ö
18 Пп пэ (, pʰʲ) p p p p
19 Рр эр r, r r r r
20 Сс эс s s s s s
21 Тт тэ , tʰʲ t t t t
22 Уу у ʊ u u u u
23 Үү ү u ù ü ü ü
24 Фф фэ, фа, эф (f) f f f f
25 Хх хэ, ха x, h x kh kh
26 Цц цэ tsʰ c c ts ts
27 Чч чэ tʃʰ č č ch ch
28 Шш ша, эш ʃ š š sh sh
29 Щщ ща, эшчэ (stʃ) ŝ šč shch shch
30 Ъъ хатуугийн тэмдэг ʺ ı ʺ ı
31 Ыы эр үгийн ы i y y î y
32 Ьь зөөлний тэмдэг ʲ ʹ ʹ ĭ i
33 Ээ э e è e e ê
34 Юю ю , ju û yu, yü yu, yü iu
35 Яя я ja, j â ya ya ia

Гісторыя правіць

Тэрмін мангольская мова можа ўжывацца шырэй, выкарыстоўваючыся не толькі для пазначэння мангольскае мовы Манголіі ды Ўнутранай Манголіі, а дадаткова датычна гістарычнага кантэксту, пазначаючы старажытныя пісьмовыя мангольскія мовы. У гэтых трактоўках разглядаюцца агульнамангольская мова, якая праіснавала прыкладна да ХІІ ст., а таксама старапісьмовая мангольская мова — агульная літаратурная мова ўсіх мангольскіх плямёнаў з ХІІІ па XVII стст. Апошняя з'яўлялася наддыялектнай формай выключна пісьмовай камунікацыі, чаму спрыяла пісьменнасць, не вельмі дакладная ў фанетычным плане, што нівэлявала дыялектныя адрозненні. Прынята лічыць, што старапісьмовая мангольская мова адлюстроўвае больш старажытны этап развіцця мангольскіх моў, чым любы з вядомых мангольскіх дыялектаў, што тлумачыць ягоную ролю ў параўнальна-гістарычных даследаваннях мангольскае мовы і мангольскіх моў увогуле.

У гісторыі пісьмовае мовы вылучаюць старажытны (XIIIXV стст.), дакласічны (XVXVII стст.) і класічны (XVII ст. — пач. XX ст.) перыяды. Часта ўжываныя тэрміны старажытнамангольская мова ды сярэднемангольская мова прымяняюцца для азначэння агульнай, аднак дыялектна раздробленай мовы мангольскіх плямёнаў да ХІІІ ст. і ў XIIIXV стст. адпаведна.

Пісьменнасць правіць

Найранейшым з захаваных мангольскіх пісьмовых помнікаў лічыцца аформленая старамангольскім пісьмом стэла Ісунгэ, якая датуецца 1224 або 1225 гадамі[31]. Прыкладна ў гэты ж перыяд, у ХІІІ ст., паяўляецца мангола-армянскі слоўнік з 55 слоў, складзены армянскім гісторыкам Кіракосам Гандзакецы. Гэты дакумент лічыцца першым пісьмовым упамінаннем мангольскай лексікі[32]. У наступным, з ХІІІ па XV ст., мангольская мова, за выключэннем заходніх дакументаў, фіксавалася прынамсі чатырма сістэмамі запісу: старамангольскім пісьмом (адаптацыя уйгурскага), квадратным пісьмом (створана тыбетцамі на аснове тыбецкага пісьма і індыйскага пісьма дэванагары), кітайскімі іерогліфамі (пісьменнасць т.зв. Тайнага падання манголаў) і арабскім пісьмом — апошняе выкарыстоўвалася галоўным чынам у слоўніках[33]. Пісьмовыя помнікі гэтых перыядаў у навуковым абарачэнні сталі ўмоўна вядомыя як сярэднемангольская мова. Дакументы тагачасным адаптаваным уйгурскім пісьмом маюць набор уласных моўных асаблівасцей, што часам дае падставу некаторым даследчыкам вылучаць мову помнікаў уйгурскім пісьмом як дакласічную мангольскую[33].

Пазнейшы перыяд развіцця мангольскае мовы вызначаецца як класічная мангольская мова, які доўжыўся XVIII-ХІХ стст. Пісьмовая мова гэтага перыяду мела высокую ступень стандартызацыі ў арфаграфіі і сінтаксісе, маючы адрозненні ад сучаснай мангольскай. У гэты перыяд былі перакладзеныя будысцкія рэлігійныя тэксты Канджур ды Данджур, а таксама напісана некалькі хронік[34][35]. Старая пісьмовая мангольская мова дагэтуль выкарыстоўваецца ва Унутранай Манголіі[36][37] (гл. вышэй).

У 1686 годзе было вынайдзена пісьмо саёмбо, якое выкарыстоўвалася ў будысцкіх тэкстах. Гэтае пісьмо дае ўяўленне пра фаналагічныя асаблівасці класічнай мангольскай мовы[38]. Узор гэтае пісьменнасці можна ўбачыць на сучасным сцягу Манголіі ў выглядзе графічнай кампазіцыі жоўтага колеру ў правай частцы сцяга.

Змены ў фаналогіі правіць

  • Зычныя:

Даследаванні пытання рэканструкцыі зычных у сярэднемангольскай мове прывялі да ўзнікнення рада спрэчак.

Сярэднемангольская мова мела два рады выбухных зычных, але невядомы крытэрый іх супрацьпастаўлення: па звонкасці/глухасці[39] ці па аспірацыі[2]. Раннія варыянты мангольскіх пісьменнасцей мелі па два сімвалы для велярных і ўвулярных выбухных зычных, але правіла гармоніі галосных дазваляе рэканструяваць толькі дзве падобныя фанемы, */k/, */kʰ/ (~ *[k], *[qʰ])[2]. Сярод іншых праблем — неадпаведнасць медыяльных[заўв 9] зычных у чатырох розных пісьменнасцях: так, напрыклад, уйгурска-мангольскае медыяльнае /k/ мае два адпаведнікі ў іншых пісьменнасцях, /k/ або нуль сімвалаў. Традыцыйныя даследаванні рэканструіруюць */k/ для абодвух выпадкаў, сцвярджаючы, што гэтая фанема магла страціцца ў некаторых выпадках[40]. У апошні час выказваліся гіпотэзы, што уйгурска-мангольскае /k/ і адсутнасць сімвалаў у гэтых пазіцыях іншых пісьменнасцей маглі ўказваць на асобную фанему, /h/, якая адпавядала ініцыяльнаму[заўв 10] /h/ іншых пісьменнасцей[2]. Часам /h/ тлумачыцца паходжаннем з */pʰ/, якое ў уйгурска-мангольскай пісьменнасці пазначалася як /p/, а ў іншых пісьменнасцях — як нуль гука (напр., debel > deel, від традыцыйнага адзення)[41]. Варта адзначыць, што ў блізкароднаснай бурацкай мове гэтае слова запісваецца з ужываннем сімвала для падобнага гука: дэгэл.

У паўночных дыялектах сучаснай мангольскай мовы (напр., халхаскім) *č, *čʰ выйшлі на ініцыяльныя пазіцыі слова. Ва ўланбатарскіх гаворках халхаскага дыялекту і гаворках на поўдзень ад яе *kʰ набыў спірантнае вымаўленне, ператварыўшыся ў /x/ (напр., дакласічнае мангольскае *kʰynty > сучасн. манг. /xunt/[2]). Пры гэтым, у наваколлях Баянхангора і Баруўн-Урту дагэтуль часта захоўваецца вымаўленне са старым зычным: [kʰunt][42]. Першапачатковае *n перайшло ў /ŋ/, аднак у пазіцыі перад галосным яно захавалася (*kʰen > /xiŋ/, але *kʰoina > /xɔin/). У некаторых пазіцыях *[ʃ] фанематычным. Зычныя прамангольскай мовы ў словах з галоснымі задняга рада палаталізаваліся ў пазіцыі перад *i ў сучаснай мангольскай. У некаторых словах склонавыя паказчыкі страцілі зычны *n, але ён захаваўся ў давальным, родным склоне і аблатыве[2].

  • Галосныя:

У сучаснай лінгвістыцы прынята, што набор галосных гукаў прамангольскай мовы складаўся з гукаў *i, *e, *y, , *u, *o, *a. Згодна з гэтым пунктам гледжання, *o ды *u ператварыліся ў фарынгальныя /ɔ/, /ʊ/, тады як *y, *ø зазналі змену ў велярныя /u/, /o/ адпаведна, што, адпаведна, стала сведчаннем зруху гармоніі галосных з велярнай у фарынгальную парадыгму.

Галосны *i ў першых складах слоў з галоснымі задняга рада зведаў асіміляцыю ў наступны галосны, у пачатку слоў ператварыўся ў /ja/. *e у пазіцыі перад *y перайшоў у агублены *ø. У спалучэннях VhV або VjV[заўв 11] манафтангізавалася *i (у выпадку, калі знаходзілася ў гэтых спалучэннях). У неініцыяльных складах кароткія галосныя зніклі, што прывяло к спрашчэнню доўгіх галосных да кароткіх[2]. Напрыклад:

*imahan > *jamaːn (ператварэнне *i, знікненне *h) > /jama(n) (знікненне n, рэдукцыя галоснага);
*emys- > *ømys- (рэгрэсіўнае асіміляцыйнае агубленне) > *omus- (велярызацыя галоснага) > /oms-/ (рэдукцыя галоснага).

Між тым, гэты варыянт рэканструкцыі аспрэчваўся некаторымі лінгвістамі, на думку якіх змены галосных у мангольскай мове ды іншых мангольскіх мовах могуць быць апісаныя карацей, прапаноўваюцца іншыя варыянты рэканструкцыі галосных: халх. *[ə] замест *[e]. Акрамя таго, падобныя гукавыя змены маглі быць выкліканы іншымі месцамі артыкуляцыі і запазычанняў перыяду сярэднемангольскай мовы[43].

Змены ў марфалогіі правіць

У наступным раздзеле тэрмін сярэднемангольская мова абазначае мову пісьмовых помнікаў уйгурска-мангольскай, кітайскай ды арабскай пісьменнасцей.

У марфалагічных адносінах з часоў сярэднемангольскай мовы ў асноўным слаба змянілася склонавая сістэма, аднак адбыліся прыкметныя змены ў давальным склоне і камітатыве, большасць іншых склонавых суфіксаў скарацілася[22][33]. Прыкладам, сярэднемангольскі суфікс -luγ-a, які на той час не меў атрыбутыўных функцый, быў заменены суфіксам -taj, які першапачаткова пазначаў уладальніка (mori-tai — «[асоба], якая мае каня» > mor'toj). Прыметнікі таксама адзначаліся наяўнасцю суфікса ügej (са значэннем «не маючы»), што дало падставу для меркаванняў пра наяўнасць у мове абэсіву (склону, які пазначае адсутнасць чаго-кольвек)[41]. Існавалі тры розныя суфіксы для выражэння давальна-лакатыўна-дырэктыўных зносін, якія размяркоўваліся паводле некалькіх тыпаў: -a (лакатыўн.), -dur, -da (давальн.) або -da, -a (давальн.) і -dur (лякатыўн.)[31][33], пры гэтым у абодвух выпадках існавала некаторае своеасаблівае перакрыжаванае ўжыванне гэтых суфіксаў. Суфікс -dur сфарміраваўся як граматыкалізаваная форма прыназоўніка dotur-a («падчас»)[44]. Пазней гэты суфікс зазнаў паслядоўную рэдукцыю ў -du і потым у -d, -a захаваўся толькі ў некаторых гаворках, тады як -da быў страчаны наогул[44][45]. Падобную суфіксу -dur граматыкалізацыю зазнала прыслоўе uruγu («уніз»), якое пераўтварылася ў суфікс -ruu[1].

Апрача змен у склонавых суфіксах, адзначаецца страта адрознення людзей паводле сацыяльнага статусу[22][33].

Сярэднемангольская мова адрознівалася ад сучаснай мангольскай некалькі большым наборам форм дэкларатыўных суфіксаў фінітных дзеясловаў і меншай колькасцю дзеепрыметнікаў, якія маглі мець функцыю канчатковых прэдыкатаў[17][22][46]. Некаторыя фінітныя дзеяслоўныя суфіксы, якія абазначалі множны лік, а таксама мужчынскі ды жаночы род дзейніка, былі страчаныя.

У сінтаксісе звычайны парадак слоў у сказе з дзейнікам, выражаным займеннікам, змяніўся з OVS (дапаўненне-выказнік-дзейнік) у SVO (дзейнік-дапаўненне-выказнік, гл. вышэй). У будове адмаўлення таксама адбыліся змены: адмоўныя часціцы перад фінальнымі дзеясловамі змяніліся на адмоўныя часціцы перад дзеепрыметнікамі — такім чынам, адмаўленне перасунулася з фінальных дзеясловаў, а яе функцыі ўспрынялі часціцы[47] (напр., дакласіч. манг. ese irebe > халх.-манг. ireegüj або irsengüj — «не прыйшоў»).

Заўвагі правіць

  1. Старамангольскім пісьмом — ᠮᠤᠨᠭᠭᠤᠯ ᠬᠡᠯᠡ
  2. Паводле Шэчэнбагатура алашаньскі дыялект класіфікуецца як частка паўднёвамангольскіх дыялектаў, але паводле Свантэсана алашаньскі дыялект належыць да айрацкіх, што абгрунтоўваецца фаналагічнымі крытэрыямі.
  3. Пра гісторыю алтайскае тэорыі гл. Georg, Stefan, Peter A. Michalove, Alexis Manaster Ramer, Paul J. Sidwell. 35 // Telling general linguists about Altaic. — Journal of Linguistics. — 1999. — С. 65-98. З тых часоў найбольш прадстаўнічай публікацыяй у падтрымку алтайскай тэорыі стала праца Starostin, Sergei A., Anna V. Dybo, Oleg A. Mudrak. 3 // Etymological Dictionary of the Altaic Languages,. — Leiden: Brill, 2003. — ISBN 90-04-13153-1. Найбольш падрабязная крытыка — у працы Vovin, Alexander. 49 // The end of the Altaic controversy (review of Starostin et al. 2003). — Central Asiatic Journal. — 2005. — Т. 1. — С. 71-132.
  4. З прычыны адсутнасці дадзенага склону ў беларускай мове дакладны пераклад немажлівы.
  5. То бок у любым непачатковым.
  6. То бок устаўное.
  7. Падваенне пачатковага складу, асновы ці слова.
  8. Тут і далей, як у папярэдніх раздзелах, словы, глосы ды марфемы пазначаюцца лацінскай транскрыпцыяй.
  9. Сярэдзіна слова.
  10. Пачатак слова.
  11. Дзе V — любы галосны гук.

Крыніцы правіць

  1. а б в г д е ё ж з і Sečenbaγatur, Qasgerel, Tuyaγ-a [Туяa], Bu. Jirannige, Wu Yingzhe, Činggeltei. Mongγul kelen-ü nutuγ-un ayalγun-u sinǰilel-ün uduridqal. — Kökeqota: ÖMAKQ, 2005. — ISBN 7-204-07621-4.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у Svantesson, Jan-Olof, Anna Tsendina, Anastasia Karlsson, Vivan Franzén. The Phonology of Mongolian. — New York: Oxford University Press, 2005. — ISBN 0-19-926017-6.
  3. а б в г д Janhunen, Juha. Mongol dialects / Janhunen. — 2003. — С. 177-191.
  4. Rinčjen 1979
  5. Amaržargal, B. BNMAU dah' Mongol helnij nutgijn ajalguuny tol' bichig: halh ajalguu. — Ulaanbaatar: ŠUA, 1988.
  6. Coloo, Ž. BNMAU dah' mongol helnij nutgijn ajalguuny tol' bichig: ojrd ajalguu. — Ulaanbaatar: ŠUA, 1988.
  7. Санжеев Г. Д. Сравнительная грамматика монгольских языков. — М.: Академия Наук СССР, 1953.
  8. Гл., напрыклад, Janhunen, Juha. The Mongolic languages. — London: Routledge, 2003. — ISBN 0700711333.
  9. Svantesson et al. 2006
  10. Dobu 1983
  11. Činggeltei 1959
  12. а б в г Sechenbaatar [Sečenbaγatur], Borjigin. The Chakhar dialect of Mongol: a morphological description. — Helsinki: Finno-Ugrian society, 2003. — ISBN 952-5150-68-2.
  13. Bayančoγtu. Qorčin aman ayalγun-u sudulul. — Kökeqota: ÖMYSKQ, 2002. — ISBN 7-81074-391-0.
  14. Karlsson, Anastasia Mukhanova. 46 // Rhythm and intonation in Halh Mongolian. — Travaux de l'Institut de Linguistique de Lund. — Lund University: Thesis. Lund, 2005. — ISBN 91-974116-9-8.
  15. Walker, Rachel. Mongolian stress, licensing, and factorial typology. — Rutgers Optimality Archive, ROA-172, 1997.
  16. Sečen. Odu üy-e-yin mongγul bičig-ün kelen-ü üge bütügekü daγaburi-yin sudulul. — Kökeqota: ÖMASKKQ, 2004. — ISBN 7-5311-4963-X.
  17. а б в P. Bjambasan, C. Önörbajan, B. Pürev-Očir, Ž. Sanžaa, C. Žančivdorž. Orčin cagijn mongol helnij ügzüjn bajguulalt / Luvsanvandan, Š. — Ulaanbaatar: Ardyn bolovsrolyn jaamny surah bičig, setgüülijn negdsen rjedakcijn gazar, 1987.
  18. Hashimoto, Kunihiko. 43 // <-san> no imiron. — MKDKH. — Sapporo: Dō daigaku, 1993. — С. 49-94.
  19. а б Tsedendamba, Ts., Sürengijn Möömöö. Orčin cagijn mongol hel. — Ulaanbaatar, 1997.
  20. а б в Guntsetseg, D. 1 // Differential Object Marking in Mongolian. — Working Papers of the SFB 732 Incremental Specification in Context. — 2008. — С. 53-69.
  21. а б в Tserenpil, D.; R. Kullmann. Mongolian grammar. — Ulaanbaatar: Admon, 2005. — ISBN 99929-0-445-3.
  22. а б в г д Svantesson, Jan-Olof. Khalkha / Janhunen. — 2003. — С. 154-176.
  23. Mönh-Amgalan, J. Orčin tsagijn mongol helnij bajmžijn aj. — Ulaanbaatar: Moncame, 1998. — ISBN 99929-951-2-2.
  24. Hashimoto, Kunihiko. 54 // Mongorugo no kopyura kōbun no imi no ruikei. — Muroran kōdai kiyō, 2004. — С. 91-100.
  25. Apatóczky, Ákos Bertalan. On the problem of the subject markers of the Mongolian language / Wú Xīnyīng, Chén Gānglóng. — Miànxiàng xīn shìjìde ménggǔxué. — Пекін: Mínzú Chūbǎnshè, 2005. — С. 334-343. — ISBN 7-105-07208-3.
  26. Kang, Sin Hyen. 10 // Tay.mong.kol.e chem.sa č-uy uy.mi.wa ki.nung. — Monggolhak. — Сеул: Hanʼguk Monggol Hakhoe, 2000. — С. 1-23.
  27. Temürcereng, J̌. Mongγul kelen-ü üge-yin sang-un sudulul. — Kökeqota: ÖMASKKQ, 2004. — ISBN 7-5311-5893-0.
  28. а б Öbür mongγul-un yeke surγaγuli. Odu üy-e-yin mongγul kele. — Kökeqota: ÖMAKQ, 2005 [1964]. — ISBN 7-204-07631-1.
  29. а б Batchuluun Yembuu, Khulan Munkh-Erdene. Literacy country study: Mongolia. — All Global Monitoring Report 2006. — Literacy for Life, 2005. — С. 7-8.
  30. Б. Сүхбаатар. Монгол хэлний кирилл үсгийг латин үсгээр галиглах тухай // Бидний тухай.
  31. а б Garudi. Dumdadu üy-e-yin mongγul kelen-ü bütüče-yin kelberi-yin sudulul. — Kökeqota: ÖMAKQ, 2002.
  32. Djahukyan, Gevork. Armenian Lexicography / Franz Josef Hausmann. — International Encyclopedia of Lexicography. — Berlin: Walter de Gruyter, 1991. — С. 2367-2371.
  33. а б в г д Rybatzki, Volker. Middle Mongol / Juha Janhunen. — 2003. — С. 47-82.
  34. Janhunen, Juha. Written Mongol / Juha Janhunen. — 2003. — С. 30-56.
  35. Okada, Hidehiro. 27 // Mongol chronicles and Chinggisid genealogies. — Journal of Asian and African studies. — 1984. — С. 147-154.
  36. Г. Д. Санжеев. Монгольские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — М., 1990. — С. 306.
  37. Н. С. Яхонтова. Монгольские языки // Языки мира. Монгольские языки. Тунгусо-маньчжурские языки. Японский язык. Корейский язык. — М., 1997. — С. 10-18.
  38. Nadmid, Ž. Mongol hel, tüünij bičgijn tüühen högžlijn tovč tojm. — Ulaanbaatar: ŠUA, 1967.
  39. Tömörtogoo, D. Mongol helnij tüühen helzüj. — Ulaanbaatar, 1992.
  40. Poppe, Nicholas. Introduction to Mongolian comparative studies. — Helsinki: Finno-Ugrian Society, 1955.
  41. а б Janhunen, Juha. Proto-Mongolic / Juha Janhunen. — 2003.
  42. Rinchen, Byambyn. Mongol ard ulsyn ugsaatny sudlal helnij šinžlelijn atlas. — Ulaanbaatar: ŠUA, 1979.
  43. Ko, Seongyeon. 47 // Vowel Contrast and Vowel Harmony Shift in the Mongolic Languages. — Language Research. — 2011. — Т. 1. — С. 23-43.
  44. а б Toγtambayar, L. Mongγul kelen-ü kele ǰüiǰigsen yabuča-yin tuqai sudulul. — Liyuuning-un ündüsüten-ü keblel-ün qoriy-a, 2006. — ISBN 7-80722-206-9.
  45. Norčin. Mongγol kelen-ü toli. — Kökeqota: ÖMAKQ, 1999. — ISBN 7-204-03423-6.
  46. Weiers, Michael. 28 // Untersuchungen zu einer historischen Grammatik des präklassischen Schriftmongolisch. — Asiatische Forschungen. — Wiesbaden: Otto Harrassowitz, 1969.
  47. Yu, Wonsoo. A study of Mongolian negation. — Ph. D. Thesis. — Bloomington: Indiana University, 1991.

Спасылкі правіць

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
на мангольскай


  • Інфармацыя па вывучэнні:
  • Агульная інфармацыя:

Літаратура правіць

  • Janhunen, Juha A. Mongolian. — London Oriental and African Language Library, 19. — Amsterdam: John Benjamins Publishing Company, 2012. — ISBN 978-90-272-3820-7., ISSN 1382-3485
  • Большой академический монгольско-русский словарь, в 4 томах. Под ред.: А. Лувсандэндэв, Ц. Цэдэндамб, Г. Пюрбеев. Издательство: Academia, 2001—2004. ISBN 5-87444-047-X, 5-87444-141-7, 5-87444-143-3