Укрыжаванне з Поразава

НММ РБ

Укрыжаванне з Поразава — драўлянае скульптурнае ўкрыжаванне, створанае невядомым майстрам, верагодна, у 1696 годзе. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (інв. КП-1942, ДБС-53)[1]. Паходзіць з касцёла Св. Міхаіла Архангела ў мястэчку Поразава Свіслацкага раёна.

Невядомы майстар
Укрыжаванне з Поразава. 1696 (?)
Матэрыял дрэва
Тэхніка разьба па дрэве, паліхромія
Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Мінск
(інв. КП-1942 і ДБС-5)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паводле звестак каталога «Скульптура и резьба Беларуси XII—XVIII вв.», складзенага мастацтвазнаўцай Н. Ф. Высоцкай, паходзіць з Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Скульптура была выяўлена мастаком Пятром Сергіевічам у 1938 г. і перададзена ім у Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (інв. № 279)[2][1].

Фрагмент Укрыжавання

На адвароце Укрыжавання ёсць надпіс лацінкай «1696, Kazimirus Krupowicz». На падставе надпісу была зроблена выснова, што Казімір Круповіч ёсць аўтарам твора, яго імя было ўнесена ў слоўнік рэзчыкаў, скульптараў, якія працавалі ў Беларусі ў XV—XVIII стст[3][1].

Аднак, даследчык Станіслаў Чавус звярнуў увагу, што ў 1937 годзе Сергіевіч працаваў у касцёле Св. Міхаіла Архангела ў мястэчку Поразава, ствараючы для яго абраз Маці Божай, некаторыя перададзеныя ім у музей прадметы пазначаны дакладна як прадметы з Поразава, а ў алтары самога касцёла ёсць стылістычна блізкія скульптуры. На падставе гэтага Чавус робіць выснову, што Укрыжаванне разам з іншымі прадметамі было вывезена ў 1938 г. з мястэчка Поразава Ваўкавыскага павета[1].

У гістарычных дакументах, звязаных з Поразавам, захавалася таксама імя Казіміра Круповіча. Выявілася, што ён быў не рэзчыкам, а поразаўскім плябанам, які разам з ружанскім дэканам Янам Янкоўскім удзельнічаў у будаўніцтве мясцовага касцёла ў 1715 г. Гэты касцёл быў асвечаны ў 1732 г. у гонар Унебаўзяцця Панны Марыі. Такім чынам надпіс, змешчаны на адваротным баку твора, звязаны з імем фундатара, што цалкам уласціва для сакральнага мастацтва XVII—XVIII стст[1].

Крыніцы

правіць
  1. а б в г д Атрыбуцыя старажытнабеларускай скульптуры са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь: праблема паходжання музейных прадметаў / Чавус Станіслаў // Аладовские чтения — 2021 : материалы Международной научно-практической конференции (Минск, 27 мая 2021 года) / [редколлегия: С. И. Анейко, С. А. Шукан, А. В. Янковская]. — Минск, 2021. — С. 238―251
  2. Скульптура и резьба Беларуси XII-XVIII вв. : Кат. / Нац. худож. музей Респ. Беларусь. — Минск: БелЭн, 1998. — С. 109. — 223 с. — ISBN 985-11-0131-1.
  3. Скульптура и резьба Беларуси XII-XVIII вв. : Кат. / Нац. худож. музей Респ. Беларусь. — Минск: БелЭн, 1998. — С. 197. — 223 с. — ISBN 985-11-0131-1.

Спасылкі

правіць