Уладар пярсцёнкаў: Вяртанне караля

«Уладар пярсцёнкаў: Вяртанне караля» (англ.: The Lord of the Rings: The Return of the King) — эпічны прыгодніцкі фэнтэзі-фільм 2003 года рэжысёра Пітэра Джэксана[20]. Фільм з’яўляецца экранізацыяй рамана Дж. Р. Р. Толкіна «Вяртанне караля» (1955) — трэцяга тома трылогіі «Валадар Пярсцёнкаў». Прадзюсарамі фільма сталі Бары Осбарн[en], Пітэр Джэксан і Фрэн Уолш[en]. Сцэнарый фільма напісалі Фрэн Уолш[en], Філіпа Боенс і Пітэр Джэксан. У акцёрскі ансамбль фільма ўвайшлі Элайджа Вуд, Іэн Мак-Келен, Ліў Тайлер, Віга Мортэнсен, Шон Эсцін, Кейт Бланшэт, Джон Рыс-Дэвіс, Бернард Хіл, Білі Бойд[en], Домінік Монаган[en], Арланда Блум, Х’юга Уівінг, Міранда Ота[en], Дэвід Уэнэм[en], Карл Урбан[en], Джон Ноўбл[en], Эндзі Сэркіс[en], Іэн Холм, Шон Бін. Фільм стаў трэцяй часткай кінатрылогіі, завяршаючы гісторыю, распачатую ў фільмах «Уладар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка» (2001) і «Уладар пярсцёнкаў: Дзве вежы» (2002).

Уладар пярсцёнкаў: Вяртанне караляM:
англ.: The Lord of the Rings: The Return of the King
Постар фільма
Жанр фэнтэзійны фільм[6][7][…], драматычны фільм[8], баявік і экранізацыя рамана[d]
Рэжысёр
Прадзюсар
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія New Line Cinema і WingNut Films[d]
Працягласць 200 хв.[15], 250 хв.[16] і 263 хв.[17]
Бюджэт 94 000 000 $
Зборы 1 138 263 151 $[18] і 381 878 219 $[19]
Краіна
Мова англійская
Год 1 снежня 2003[1], 17 снежня 2003[2], 18 снежня 2003[3], 25 снежня 2003 і 22 студзеня 2004[4][5]
IMDb ID 0167260
Афіцыйны сайт (англ.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Падзеі кінастужкі працягваюць сюжэт «Дзвюх вежаў». Фрода і Сэм[en] пад павадырствам Голума[en] дасягаюць межаў Мордара[en]. Місія хобітаў, якая заключаецца ў знішчэнні Адзінага Пярсцёнка, пераходзіць у завяршаючую фазу, як і патаемны план іх правадніка. Тым часам Гандальф і Арагорн, Легалас і Гімлі, Мэры[en] і Піпін прыкладваюць усе намаганні, каб аб’яднаць людзей Серадзем’я для апошняга супрацьстаяння з Саўранам. І не толькі, каб абараніць вольныя землі ад яго легіёнаў, але і каб адцягнуць увагу Ворага ад перамяшчэнняў на яго ўласнай зямлі.

«Вяртанне караля» фінансавалася і распаўсюджвалася амерыканскай студыяй «New Line Cinema», але цалкам здымаліся і манціраваліся на радзіме рэжысёра ў Новай Зеландыі адначасова з іншымі часткамі трылогіі. Прэм’ера фільма адбылася 1 снежня 2003 года ў Тэатры «Embassy»[en] ў Уэлінгтане, а сусветны пракат пачаўся 17 снежня 2003 года. Фільм атрымаў прызнанне як сярод крытыкаў, так і сярод гледачоў. Фільм лічыцца важнай вяхай у кінавытворчасці і значнай падзеяй у развіцці жанра фэнтэзі ў кіно. Карціна атрымала пахвалы за візуальныя эфекты, акцёрскую ігру, экшан-сцэны, рэжысуру, сцэнарый, музыку, дызайн касцюмаў і эмацыянальную глыбіню. Фільм сабраў больш за 1,1 мільярда долараў па ўсім свеце, што зрабіла яго самым касавым фільмам 2003 года і другім самым касавым фільмам усіх часоў на момант яго выхаду, а таксама самым касавым фільмам, выпушчаным «New Line Cinema».

«Вяртанне караля», як і іншыя часткі трылогіі, лічыцца адным з найвялікшых і самых уплывовых фільмаў, сярод калі-небудзь створаных. Фільм атрымаў мноства узнагарод. На 76-й цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар» ён быў вылучаны ў 11 намінацыях — і перамог у кожнай, уключаючы Найлепшы фільм. Такім чынам, фільм паўтарыў рэкорд «Бен-Гура[en]» (1959) і «Тытаніка» (1997), якія ў свой час таксама ўдастоіліся 11 статуэтак. Кінастужка стала першым фэнтэзі-фільмам і другім фільмам-сіквелам (пасля «Хроснага бацькі 2»), удастоеным узнагароды за Найлепшы фільм. Апроч таго, трылогія стала другой кінасерыяй (пасля арыгінальнай трылогіі «Зорных войнаў»), усе фільмы якой атрымалі «Оскар» за Найлепшыя візуальныя эфекты.

Хобіт Смеагол[en] і яго стрыечны брат Дэагол разам рыбачаць з лодкі. Раптам на вуду трапляецца вялікая рыбіна, і Дэагол падае за борт. На дне ракі ён знаходзіць Пярсцёнак Усеўладдзя. Ахоплены прагай завалодаць Пярсцёнкам, Смеагол забівае брата і прысвойвае «каштоўнасць» сабе. Забойцу праганяюць з яго асяроддзя, і ён хаваецца ў горных пячорах. Мінаюць стагоддзі, і паступова пад уздзеяннем Пярсцёнка Смеагол пераўтвараецца ў агідную істоту па імені Голум.

Гандальф вядзе Арагорна, Легаласа і Гімлі, а таксама караля Рохана Тэадэна і яго людзей у Ізенгард. Крэпасць апынаецца разбуранай і затопленай, на развалінах сябры знаходзяць Мэры[en] і Піпіна. Гандальф пераконваецца, што Саруман абясшкоджаны і даручае Дрэвабароду[en] і энтам сцерагчы яго. Калі атрад ужо збіраецца адправіцца ў сталіцу Рохана Эдарас, Піпін заўважае чорны шар з таямнічым агнём у сярэдзіне. Гандальф хутка забірае знаходку ў хобіта. У Эдарасе Тэадэн ладзіць пір з нагоды перамогі ў Хельмавай Падзі. Піпіну не дае спакою таямнічы шар, і ноччу пасля святкавання ён крадзе яго ў Гандальфа. Зазірнуўшы ў шар, хобіт бачыць Вока Саўрана і выпадкова выведвае яго планы па нападзе на Мінас-Цірыт, сталіцу Гондара. Гандальф забірае Піпіна і адпраўляецца з ім у Мінас-Цірыт, каб папярэдзіць Дэнетара, каралеўскага намесніка Гондара.

Арвен кіруецца ў гавані, каб адплысці за мора. Па дарозе ёй прыходзіць відзенне, у якім яна бачыць Арагорна і свайго будучага сына. Яна паспешліва вяртаецца ў Раздол і апавядае пра сваё відзенне бацьку. Яна прымае рашэнне застацца і просіць Элранда перакаваць зламаны меч Ісільдура.

Фрода і Сэм[en] пад павадырствам Голума працягваюць шлях да Арадруіна[en]. Фрода давярае прысягнуўшаму ў вернасці Голуму, але Сэму істота не падабаецца, і ён не губляе пільнасці. Аднойчы ён падслухоўвае размову Голума з самім сабой і даведваецца, што той плануе здрадзіць ім і завалодаць Пярсцёнкам. Сэм спрабуе выкрыць Голума перад Фрода, але той не прыслухоўваецца да сябра. Спадарожнікі працягваюць свой шлях, яны дабіраюцца да Мінас-Моргула і становяцца сведкамі таго, як Кароль-чарадзей, правадыр назгулаў, выступае з незлічоным войскам у бок Гондара.

Гандальф з Піпінам прыбываюць у Мінас-Цірыт і з’яўляюцца перад Дэнетарам. Некалі мудры і моцны ўладар, намеснік Гондара прадстае перад падарожнікамі гняўлівым і зламаным горам чалавекам. Апынаецца, што яму нямала вядома і пра планы Саўрана, і пра набліжэнне прэтэндэнта на прастол у асобе Арагорна і пра смерць яго старэйшага сына Бораміра. Піпін, каб неяк адплаціць Дэнетару за смерць сына, які загінуў, ратуючы яго, прысягае намесніку ў вернасці. Гандальф раіць Дэнетару паклікаць на дапамогу роханцаў, але ганарлівы правіцель адмаўляецца. Тым не менш, насуперак волі правіцеля Гандальф пасылае Піпіна, і той запальвае сігнальны агонь. У горад прыбывае Фарамір, малодшы сын Дэнетара. Ён абвяшчае, што оркі пад камандай Караля-ведзьмара захапілі Асгіліят. Ён апавядае свайму бацьку і Гандальфу пра сустрэчу з Фрода і Сэмам і іх дзіўным павадыром, а таксама пра абраны імі шлях. Тое, што Фарамір не адабраў Пярсцёнак у Фрода прыводзіць Дэнетара ў шаленства, і ён пасылае сына адбіць Асгіліят, што азначае верную смерць.

У Эдарасе заўважаюць сігнальныя агні, і кароль Тэадэн абвяшчае збор войскаў, каб выступіць на падмогу Гондару. Арагорн жа бачыць, што войска не дастаткова вялікае, каб супрацьстаяць сілам Мордара[en]. Ноччу ў стан роханцаў прыбывае Элранд, ён перадае Арагорну меч Ісільдура і заклікае яго адправіцца Шляхамі мёртвых. Паводле легенды, там прабываюць прывіды тых, хто некалі пакляўся дапамагаць каралю Гондара Ісільдуру ў бітве з Саўранам, а потым здрадзіў. Арагорн вырушвае ў дарогу, да яго далучаюцца Легалас і Гімлі. Прыбыўшы на месца, Арагорн прызывае прывідаў і абяцае вызваліць іх ад праклёну, калі яны падпарадкуюцца яму, нашчадку Ісільдура, і прыйдуць пад яго началам на дапамогу Гондару.

Фрода з Сэмам пад павадырствам Голума караскаюцца па таемнай лесвіцы ў гарах. Аднаго разу падчас прывалу Голум карыстаецца тым, што ўсе спяць, і асыпае Сэма крошкамі. Калі хобіты прачынаюцца, Голум падстаўляе Сэма, гаворачы, што той цішком з’ядае іх правізію. Раз’юшаны Сэм накідваецца на Голума, але ўмешваецца Фрода і праганяе свайго сябра. Далей Фрода працягвае шлях адзін на адзін з Голумам. Прытрымліваючыся свайго падступнага плану, Голум прыводзіць Фрода ў пячору гіганцкай павучыхі Шэлаб[en] і пакідае яго. Павучыха кусае Фрода і абвівае яго павуціннем. Раптам аб’яўляецца Сэм і ў адчайным баі адбівае цела свайго сябра ў пачвары. Разрэзаўшы кокан, Сэм выяўляе, што Фрода памёр. Не гледзячы на захлынаючае яго гора, ён забірае Пярсцёнак і вырашае працягнуць шлях. Атрад мімаходжых оркаў забірае Фрода, і Сэму ўдаецца падслухаць, што яго сябра жывы, толькі часова спаралізаваны. Сэм адпраўляецца следам за оркамі ў крэпасць Кірыт-Унгал, каб любым коштам вызваліць гаспадара. Тым часам, оркі не здолеўшы падзяліць здабычу — міфрылавую кальчугу Фрода — учыняюць бойку і большасць з іх гіне. Сэм вызваляе Фрода і вяртае яму Пярсцёнак. Хобіты апранаюць даспехі оркаў і ўступаюць на землі Мордара.

Конь прыцягвае непрытомнага і цяжкапараненага Фараміра ў Мінас-Цірыт. Тым часам, да горада падыходзяць незлічоныя полчышчы оркаў і пачынаюць асаду. Думаючы, што надзеі на выратаванне Гондара няма, а яго род перарваны, звар’яцелы Дэнетар збіраецца спаліць сына разам з сабой на пахавальным вогнішчы, аднак Піпін і Гандальф у апошні момант умешваюцца і ратуюць Фараміра. Ахоплены полымем Дэнетар падае са сценаў цытадэлі, і Гандальф прымае на сябе камандаванне ўзброеннымі сіламі Гондара. Тым часам, мордарскім войскам удаецца захапіць вароты, оркі і тролі ўрываюцца ў горад, у небе з’яўляюцца назгулы, несучы з сабой жах і адчай. Калі горад апынаецца амаль цалкам захопленым, а абаранцы губляюць апошнюю надзею, на дапамогу прыходзіць войска Рохана. Конніца Тэадэна разганяе полчышчы оркаў, аднак да сцен Мінас-Цірыта падыходзяць войскі харадрым на велічэзных сланах — мумаках. Роханцы трымаюць пазіцыі, але нясуць вялікія страты. Кароль-чарадзей смяротна раніць Тэадэна, але на яго абарону ўстае малады ваяр. Назгул нагадвае пра прароцтва, што яго не забіць смяротнаму мужу. Тады ваяр скідае шлем, і апынаецца, што гэта Эавін, дачка караля, якая таемна адправілася з войскам. Мужная ваярка пры дапамозе хобіта Мэры адольвае назгула, тым самым спаўняючы прароцтва. Тэадэн развітваецца з Эавін і памірае. Тым часам на поле бою прыбываюць чорныя караблі з піратамі Умбара. Оркі радуюцца запозненай падмозе, аднак калі караблі прычальваюць, аказваецца, што на іх прыбылі Арагорн і войска мерцвякоў. Вялізнае войска прывідаў з лёгкасцю змятае войска Харада, знішчаючы іх мумакаў, а таксама нішчачы оркаў і троляў, і знішчаючы аблогавыя вежы ворага. Затым Армія Мёртвых заходзіць у Мінас-Цірыт і выбівае полчышчы ворагаў з горада. Да зыходу дня войскі Харада і Мордара знішчаюцца цалкам — сілы Захаду атрымліваюць перамогу ў бітве на Пеленарскіх Палях. Арагорн абвяшчае, што Кароль Мёртвых і яго войска выканалі клятву і даруе ім мір, яны знікаюць.

Пасля бітвы адбываецца Савет, на якім лідары войскаў Захаду прымаюць неверагоднае рашэнне — падысці ўсім войскам, якое засталося, да Чорнай брамы Мордора і выклікаць Саўрана на рашучую бітву. Яны ўсведамляюць, што шансаў на перамогу ў іх няма, аднак яны хочуць адцягнуць увагу Саўрана ад сваіх уласных земляў і выманіць з Мордара ўсе асноўныя сілы, каб даць Фрода шанец выканаць сваю місію. Армія Захаду на чале з Арагорнам прыходзіць пад Чорную браму і выклікае войскі Мордара на бой. Брама адчыняюцца, і незлічоныя полчышчы Чорнай краіны бяруць войскі Захаду ў кальцо. Пачынаецца апошняя бітва.

Працягваючы свой шлях па Чорнай краіне, Фрода і Сэм сутыкаюцца з невыканальнай задачай — ім трэба прайсці незаўважанымі да Арадруіна, але ўся раўніна запоўнена войскамі Саўрана. Калі хобіты ў разгубленасці не ведаюць, што рабіць, раптам войскі здымаюцца з месца і адпраўляюцца на бой з аб’яднанымі войскамі Захаду. Цяпер шлях вольны, і хобітам трэба толькі дайсці. Аднак іх сілы на сыходзе. Ля падножжа Арадруіна Фрода губляе апошнія сілы, тады Сэм бярэ яго сабе на плечы і нясе. Непадалёк ад уваходу ў Вогненную пячору на хобітаў нападае Голум. Пакуль Сэм аказвае яму супраціўленне, Фрода з апошніх сіл кідаецца ў пячору і выходзіць на скалу над лавай, дзе некалі Саўран стварыў Адзіны Пярсцёнак.

Стоячы на краі прорвы, Фрода не знаходзіць у сабе сілы знішчыць Пярсцёнак, які ўжо цалкам захапіў волю хобіта. На вачах у Сэма Фрода абвяшчае Пярсцёнак сваім і апранае сабе на палец. Голум зноў накідваецца на Фрода, яны б’юцца на краі прорвы — і Голум адкусвае Фрода палец з Пярсцёнкам. Цяпер ужо Фрода ў шаленстве накідваецца на Голума і пасля непрацяглай барацьбы абодва падаюць у прорву: Голум разам з Пярсцёнкам гіне ў агні вулкана, а Фрода чапляецца за выступ скалы — і Сэм выцягвае сябра. Пярсцёнак расплаўляецца ў магме. Адначасова з гэтым войскі Саўрана раптам апаноўвае страх, яны кідаюцца на ўцёкі, несучы катастрафічныя страты. Барад-Дур, вежа Саўрана, рушыцца, пачынаецца вывяржэнне вулкана. Сідзячы на астраўку скалы сярод мора лавы, Фрода і Сэм развітваюцца. Ужо страціўшых прытомнасць, іх ратуе Гандальф, якога прыносяць на сабе Вялікія арлы.

Фрода прыходзіць у сябе ў Мінас-Цірыце і сустракаецца са старымі сябрамі: тут і Гандальф, і Мэры з Піпінам, і Гімлі з Легаласам, і Арагорн, і, канешне, Сэм. Калі хобіты канчаткова ачуньваюць, адбываецца каранацыя Арагорна. На цырымонію прыбывае і Элранд з дачкой, і Арагорн бярэ Арвен за жонку. Хобіты вяртаюцца ў Шыр. Сэм жэніцца з Розі, аб чым даўно марыў. Фрода ж адольваюць прыступы хваробы, выкліканай раненнем назгульскім клінком і занадта доўгім валоданнем Пярсцёнкам. Паступова ён разумее, што не зможа вярнуцца да звычайнага жыцця, і вырашае выкарыстаць дараваную ім з Більба магчымасць — сысці разам з эльфамі за Мора, на Закрайні Захад. Мэры, Піпін і Сэм праводзяць іх у Гавань; на тым жа караблі пакідаюць Серадзем’е Гандальф, Галадрыель і Элранд. Пачынаецца эпоха валадарання Людзей.

Сэм вяртаецца ў Шыр да сваёй сям’і, каб завяршыць Пунсовую кнігу, распачатую Більба і працягнутую Фрода.

Акцёрскі склад

правіць
   Элайджа Вуд   –   Фрода Торбінс
   Іэн Мак-Келен   –   Гандальф
   Віга Мортэнсен   –   Арагорн
   Шон Эсцін   –   Сэмуайз Гэмджы[en]
   Эндзі Сэркіс[en]   –   Смеагол / Голум[en]
   Білі Бойд[en]   –   Перэгрын Тук
   Домінік Монаган[en]   –   Мэрыядок Брэндзібак[en]
   Джон Рыс-Дэвіс   –   Гімлі / голас Дрэвабарода[en]
   Арланда Блум   –   Легалас
   Бернард Хіл   –   Тэадэн
   Міранда Ота[en]   –   Эавін
   Дэвід Уэнэм[en]   –   Фарамір
   Карл Урбан[en]   –   Эамер
   Х’юга Уівінг   –   Элранд
   Ліў Тайлер   –   Арвен
   Кейт Бланшэт   –   Галадрыель
   Джон Ноўбл[en]   –   Дэнетар II
   Іэн Холм   –   Більба Торбінс
   Шон Бін   –   Борамір
   Мартан Чокаш[en]   –   Келеборн
   Лоўрэнс Макор[en]   –   Кароль-чарадзей / Гатмог
   Томас Робінс[en]   –   Дэагол

Саўндтрэк

правіць

Музычнае суправаджэнне да фільма «Уладар пярсцёнкаў: Вяртанне караля» напісаў кампазітар Говард Шор.

Узнагароды

правіць

Паводле рэсурса «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 209 кінаўзнагародамі і яшчэ 124 намінацыямі[21]. Сярод найбольш значных узнагарод:

Крыніцы

правіць
  1. Person Profile // Internet Movie Database — 1990.
  2. Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 6 лютага 2024.
  3. Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 16 красавіка 2022.
  4. http://www.imdb.com/title/tt0167260/releaseinfo Праверана 6 лютага 2024.
  5. https://www.comingsoon.it/film/il-signore-degli-anelli-il-ritorno-del-re/1032/scheda/ Праверана 6 лютага 2024.
  6. а б в http://www.metacritic.com/movie/the-lord-of-the-rings-the-return-of-the-king Праверана 6 ліпеня 2016.
  7. а б в г д е ё ж з і к л http://www.ofdb.de/film/43365,Der-Herr-der-Ringe-Die-R%C3%BCckkehr-des-K%C3%B6nigs Праверана 6 ліпеня 2016.
  8. а б http://www.imdb.com/title/tt0167260/ Праверана 6 ліпеня 2016.
  9. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф http://www.cinematografo.it/cinedatabase/film/il-signore-degli-anelli---il-ritorno-del-re/42378/ Праверана 6 ліпеня 2016.
  10. а б http://www.sinemalar.com/film/593/yuzuklerin-efendisi-3-kralin-donusu Праверана 6 ліпеня 2016.
  11. а б в г д е http://www.filmaffinity.com/es/film226427.html Праверана 6 ліпеня 2016.
  12. а б в http://www.bbfc.co.uk/releases/lord-rings-return-king-film Праверана 6 ліпеня 2016.
  13. а б в г д е ё ж з і к л http://www.imdb.com/title/tt0167260/fullcredits Праверана 6 ліпеня 2016.
  14. а б в г д е ё ж Česko-Slovenská filmová databáze — 2001.
  15. http://catalog.afi.com/Catalog/moviedetails/54279 Праверана 8 лютага 2024.
  16. https://www.blu-ray.com/dvd/The-Lord-of-the-Rings-The-Return-of-the-King-DVD/19781/ Праверана 8 лютага 2024.
  17. https://www.blu-ray.com/movies/The-Lord-of-the-Rings-The-Return-of-the-King-Blu-ray/19931/ Праверана 8 лютага 2024.
  18. https://www.boxofficemojo.com/title/tt0167260/ Праверана 28 лістапада 2024.
  19. https://www.boxofficemojo.com/title/tt0167260/ Праверана 26 чэрвеня 2024.
  20. The Lord of the Rings: The Return of the King (2003) — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 10 мая 2022.
  21. The Lord of the Rings: The Return of the King — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 10 мая 2022.

Спасылкі

правіць