Уладзімір Пятровіч Кульваноўскі
Уладзі́мір Пятро́віч Кульвано́ўскі (15 жніўня 1918[1], Мінск — 4 лістапада 2003, Мінск, Беларусь) — беларускі тэатральны мастак[1].
Уладзімір Пятровіч Кульваноўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 15 жніўня 1918 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 4 лістапада 2003 (85 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Жонка | Іна Мікалаеўна Боткіна[d] |
Род дзейнасці | мастак, сцэнограф |
Месца працы | |
Жанр | пейзаж |
Вучоба | Віцебскае народнае мастацкае вучылішча |
Мастацкі кірунак | рэалізм |
Вядомыя працы | «Замчышча», «Няміга», «Каля гарадской брамы», «Перад асадай» |
Уплыў | Іван Восіпавіч Ахрэмчык, Валянцін Канстанцінавіч Дзежыц і Леў Мееравіч Лейтман |
Член у | |
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьУ 1934 годзе паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, якое скончыў у 1938 годзе. Вучыўся ў І.В. Ахрэмчыка, В.К. Дзежыца, Л.М. Лейтмана. З 1938 года працаваў у Вялікім тэатры оперы і балета. Удзельнічаў у мастацкіх выставах з 1939 года.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыў у акупаваным Мінску. Пасля вызвалення Мінска, 7 ліпеня 1944 года Уладзімір Кульваноўскі быў прызваны ў Чырвоную армію, на 3-ці Беларускі фронт. 6 жніўня 1944 года ў баях у раёне горада Сувалкі быў паранены ў грудзі і ў левую руку, у выніку чаго стаў інвалідам. За праяўленую мужнасць быў узнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі[2][3].
З 1959 года член Беларускага саюза мастакоў. У 1968 годзе ў гонар 50-годдзя Уладзіміра Пятровіча была арганізавана персанальная юбілейная выстаўка[4][5], у 1983 годзе адбылася персанальная выстаўка з нагоды 65-годдзя мастака.
Асноўныя творы
правіцьПрацаваў у галіне сцэнаграфіі. Сярод тэатральных твораў эскізы дэкарацый і касцюмаў да спектакляў[1]:
- «Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага (1953)[6]
- «Трубадур» Дж. Вердзі (1955, 1964)
- «Шукальнікі жэмчугу» Ж. Бізэ (1956)
- «Манон» Ж. Маснэ (1958)
- «Падстаўная нявеста» Г. Вагнера (1958)
- «Церам-церамок» І. Польскага (1961)
- «Кето і Катэ» В. Далідзе (1962)
- «Князь Ігар» А. Барадзіна (1977)
- «Севільскі цырульнік» Дж. Расіні
Працаваў таксама ў жывапісе і графіцы. Стварыў серыю графічных лістоў, прысвечаных старажытнаму Мінску[1]. Сярод іх графічныя лісты «Замчышча», «Няміга», «Каля гарадской брамы», «Перад асадай». З’яўляецца аўтарам жывапісных лірычных пейзажаў.
28 твораў Уладзіміра Кульваноўскага захоўваецца ў фондах Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры[7]. Працы мастака таксама знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і фондах Беларускага саюза мастакоў.
Асабістае жыццё
правіцьУ лютым 1947 года ажаніўся з Інай Мікалаеўнай Боткінай (1927 — 2008), унучкай украінскага кампазітара Ф.І. Ваячака. Меў пяцёх дзяцей: Барыса (1947 — 1947), Пятра (1950 — 1953), Кацярыну (1955 — 1989), Аляксандру (нар. 1956), Вікторыю (нар. 1963)[8].
Ушанаванне памяці
правіцьУ 2023 годзе ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбылася выстава «Мастак у люстэрку сцэны», прысвечаная 105-годдзю з дня нараджэння мастака[7].
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Том 3 1986, с. 156.
- ↑ Представление к награде Владимира Кульвановского (руск.). Сайт «Память народа». Праверана 24 чэрвеня 2021.
- ↑ Кульвановский Владимир Петрович 1918г.р. (руск.). Сайт «Подвиг народа ». Праверана 24 чэрвеня 2021.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10). С. 404
- ↑ Выстаўка твораў мастака Кульваноўскага У.П., прысвечаная 50-годдзю з дня нараджэння: Каталог (руск.). Сайт «Электронный каталог Национальной библиотеки Беларуси». Праверана 20 чэрвеня 2021.
- ↑ Анатоль Валахановіч. Старадарожскі мастацкі музей . Праверана 20 чэрвеня 2021.
- ↑ а б У Мінску адкрылася выстава, прысвечаная творчасці Улазіміра Кульваноўскага . Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь (15 жніўня 2023). Праверана 6 мая 2024.
- ↑ Лысый С.И. Московские купцы Боткины: однофамильцы знаменитого рода(руск.) // Исторические Боткинские чтения: Вып. VII. — СПб: Издание СПбГМИСР, 2024. — С. 56-68. — ISBN 978-5-907734-85-2.
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3 Карчма — Найгрыш. — 751 с.
- Беларускі саюз мастакоў: Энцыкл. давед. / Аўт.-склад. Б.А. Крэпак і інш.. — Мн.: ВТАА «Кавалер Паблішэрс», 1998. — 664 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-6427-09-6.
Спасылкі
правіць- Уладзімір Кульваноўскі на сайце «Соцреализм. Киевский клуб коллекционеров»
- Уладзімір Кульваноўскі на сайце культурна-асветнiцкага клуба «Спадчына»