Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін
Уладзі́мір Уладзі́міравіч Пу́цін (руск.: Влади́мир Влади́мирович Пу́тин; нар. 7 кастрычніка 1952, Ленінград) — прэзідэнт Расійскай Федэрацыі (2000—2008 і з 2012), прэм’ер-міністр Расійскай Федэрацыі (1999—2000 і 2008—2012).
Біяграфія
Нарадзіўся ў Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург). У кнізе «От первого лица» («Ад першай асобы»), біяграфіі Пуціна паводле яго інтэрв’ю ў расійскай прэсе, распавядаецца пра бедныя гады дзяцінства будучага прэзідэнта, праведзеныя ў камунальнай кватэры.
У 1975 годзе скончыў юрыдычны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага універсітэта і паступіў на службу ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі СССР, з 1985 па 1990 год працаваў агентам савецкай разведкі ў ГДР (Усходняй Германіі). Пад прыкрыццём займання пасады кіраўніка Дома савецка-германскага сяброўства ў Дрэздэне загадваў у КДБ сачэннем за савецкімі студэнтамі ў ГДР[15].
У 1990 годзе вярнуўся ў Расію, працаваў памочнікам рэктара Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта па міжнародных пытаннях, потым — дарадцам старшыні Ленінградскага Савета (гарадскі заканадаўчы сход) вядомага расійскага дэмакрата Анатоля Сабчака.
У чэрвені 1991 года Пуцін быў прызначаны старшынёй Камітэта па Знешніх Сувязях мэрыі (бурмістарства) Санкт-Пецярбурга. На гэтай пасадзе ён займаўся прыцягненнем у горад замежных інвестыцый, адкрыцця сумесных прадпрыемстваў. Пуцін быў куратарам стварэння ў Пецярбургу валютнай біржы, пры яго судзеянні (як кажуць, з дапамогай яго кантактаў ў былым савецкім КГБ і ўсходнегерманскай Stasi) было адчынена прадстаўніцтва BNP-Dresdner Bank. Адначасова з 1994 года Пуцін быў першым намеснікам старшыні ўрада Санкт-Пецярбурга.
У жніўні 1996 года пачалася «маскоўская» кар’ера Уладзіміра Пуціна — ён быў прызначаны намеснікам упраўляючага справамі прэзідэнта Расіі. У сакавіку 1997 года Пуцін прызначаны намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, начальнікам галоўнага кантрольнага ўпраўлення прэзідэнта РФ. З мая 1998 года Пуцін — першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расіі.
Наступным моцным узлётам пецярбурскага палітыка было прызначэнне яго дырэктарам ФСБ — расійскай спецслужбы. З сакавіка 1999 года Пуцін стаў сакратаром Савета Бяспекі Расіі.
Першае прэм’ер-міністарства
У жніўні 1999 года прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын прызначыў Уладзіміра Пуціна прэм’ер-міністрам Расіі. 31 снежня 1999 года Ельцын сышоў у адстаўку і Пуцін стаў выконваючым абавязкі прэзідэнта да наступных выбараў.
Першы прэзідэнцкі тэрмін
26 сакавіка 2000 года былі праведзеныя прэзідэнцкія выбары, у якіх Пуцін перамог у першым туры.
Уладзімір Пуцін з самога пачатку дасягнуў шалёнай папулярнасці ў расійскім грамадстве дзякуючы свайму іміджу маладога, энергічнага прэзідэнта-спартсмена на фоне старога і хворага Барыса Ельцына. З пункту гледжання сваёй палітычнай платформы Пуцін здолеў аб’яднаць вакол сябе прыхільнікаў часам дыяметральна супрацьлеглых ідэй. Для дэмакратаў ён быў колішнім сябрам і паплечнікам Анатолія Сабчака і, мяркуючы па прамовах маладога прэзідэнта, прыхільнікам далейшых і больш радыкальных дэмакратычных і рынкавых рэформ. Для кансерватараў і нацыяналістаў Пуцін быў сімвалам адраджаючайся «Вялікай Расіі», новым «правадыром».
Аб’яднанне расійскіх эліт вакол кандыдатуры У. Пуціна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў беларускі публіцыст Аляксандр Лукашук ацаніў як пачатак «кансалідацыі дзяржаўнасьці Расеі паводле аўтарытарнага ўзору, якая будзе суправаджацца ўсталяваньнем больш шчыльнага і бязьлітаснага кантролю над зонай расейскіх інтарэсаў — былымі савецкімі рэспублікамі»[16].
Адным з першых рашэнняў Пуціна было прыняцце новага гімна на музыку гімна СССР і зацверджанне чырвонай савецкай харугвы для расійскага войска. У 2004 годзе Пуцін назваў распад Савецкага Саюза «найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай стагоддзя».
Прадстаўнікі палітычнай эліты ельцынскай эпохі паступова выціскаліся з улады. За махінацыі пачалося пераследаванне буйных бізнесменаў-алігархаў Барыса Беразоўскага і Уладзіміра Гусінскага. 24 лютага 2004 года, менш чым за месяц да парламенцкіх выбараў, Пуцін звольніў з пасады прэм’ер-міністра Міхаіла Касьянава, прадстаўніка эліты ельцынскага часу, і прызначыў на яго пазіцыю дыпламата Міхаіла Фрадкова.
У 2003 годзе быў сарваны гешэфт па зліцці нафтавых кампаній «ЮКОС» і «Сибнефть», у выніку якога меў бы з’явіцца найбуйнейшы ў свеце нафтавы канцэрн. Быў арыштаваны кіраўнік «ЮКОС» Міхаіл Хадаркоўскі, пачаўся працэс знішчэння гэтай некалі найбуйнейшай і найбольш паспяховай расійскай карпарацыі.
У сферы знешняй палітыкі Пуцін узяў курс на ўзмацненне адносін з краінамі СНД з мэтай стварэння процівагі пашыраючымся NATO і ЕС, да якіх далучыліся многія краіны цэнтральнай і ўсходняй Еўропы і пачалі далучацца краіны былога СССР. Разам з лідарамі Еўрапейскага Саюза Пуцін асудзіў амерыканскую кампанію ў Іраку. Увогуле, прэзідэнт падтрымлівае добрыя, «сяброўскія» адносіны з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам, нямецкім канцлерам Герхардам Шродэрам, італьянскім прэм’ерам Сільвіа Берлусконі.
На парламенцкіх выбарах у 2003 годзе створаная ўладай партыя «Адзіная Расія» атрымала больш за палову месцаў у Дзяржаўнай Думе Расіі. Адначасова ў парламент упершыню за гісторыю новай Расіі не прайшлі дэмакратычныя партыі «СПС» і «Яблака».
За Пуцінам працягнулася і ўзмацнілася расійская актыўнасць у Чачні.
Другі прэзідэнцкі тэрмін
14 сакавіка 2004 года Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін 71% выбаршчыкаў быў у першым туры абраны на другі тэрмін прэзідэнцтва. Як і на парламенцкіх выбарах некалькі месяцаў да гэтага, зноў па Расіі ішла актыўная кампанія на карысць Пуціна. Расійская канстытуцыя не дазваляе адной асобе займаць пасаду прэзідэнта больш, чым два тэрміны запар, таму Пуцін не мае права балатавацца на выбарах у 2008 годзе.
13 верасня 2004 года, з нагоды крызы з закладнікамі ў Беслане і тэрарыстычных актаў у Маскве, Пуцін пачаў рэформу дзяржаўнага кіравання, у ходзе якой былі адмененыя выбары губернатараў расійскіх рэгіёнаў. Гэты крок быў многімі раскрытыкаваны, у тым ліку Міхаілам Гарбачовым як адступ ад прынцыпаў дэмакратыі і вяртанне да цэнтралізацыі ўлады, як за савецкім часам. Разам з гэтым былі ўскладненыя ўмовы праходу незалежных дэпутатаў у Дзяржаўную Думу.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне ў канцы 2004 года Пуцін двойчы наведваў Украіну з мэтай падтрымаць кандыдата ад улады Віктара Януковіча і адзіны разам з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам павіншаваў Януковіча з перамогай у выбарах.
29 лістапада 2006 года падтрымаў дактрыну «рускага свету» .
Другое прэм’ер-міністарства
8 мая 2008 года пасля заканчэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў зноў стаў прэм’ер-міністрам Расіі[17].
Трэці прэзідэнцкі тэрмін
Атрымаў перамогу на прэзідэнцкіх выбарах 2012 года і ў трэці раз заступіў на пасаду Прэзідэнта Расіі[18].
Чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін
Перамог на прэзідэнцкіх выбарах 18 сакавіка 2018 года, атрымаўшы 76,69% галасоў выбаршчыкаў[19].
21 лютага 2022 года ўхваліў законапраект аб афіцыйным прызнанні самаабвешчаных Данецкай Народнай Рэспублікі і Луганскай Народнай Рэспублікі на ўсходзе Украіны незалежнымі дзяржавамі[20] і падпісаў указы аб прызнанні ДНР і ЛНР, а таксама падпісаў дагаворы аб дружбе, супрацоўніцтве і дапамозе з рэспублікамі[21].
24 лютага 2022 года абвясціў пра пачатак уварвання ва Украіну.
Рознае
З маладосці прэзідэнт займаўся дзюдо. Пуцін з’яўляецца кандыдатам эканамічных навук, свабодна валодае нямецкай і англійскай мовамі. Да 2013 году быў жанаты з Людмілай Пуцінай, у мінулым настаўніцай нямецкай мовы. Мае дзвюх дачок — Кацярыну (нар. 1985) і Марыю (нар. у 1986).
Зноскі
- ↑ Уладзімір і Людміла Пуціны афіцыйна паведамілі пра развод
- ↑ Досье: Путин Владимир Владимирович - Общество - Аргументы и Факты(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 снежня 2013. Праверана 6 студзеня 2013.
- ↑ Созвездие стрельцов. Что в личном оружейном арсенале российских политиков // Урад Расійскай Федэрацыі Российская газета : Официальное издание. — М.: 25 кастрычніка 2001. — № 208 (2820). — С. 1. Тираж — 1 млн. 810 тыс. 468 экз..
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #122188926 // Vladimir Putin — 2012—2016. Праверана 9 красавіка 2014.
- ↑ Vladimir Putin // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Wladimir Putin // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ https://www.thoughtco.com/when-was-st-petersburg-known-as-petrograd-and-leningrad-4072464
- ↑ https://web.archive.org/web/20100514164020/http://premier.gov.ru/eng/premier/biography.html
- ↑ http://www.rosbalt.ru/piter/2014/08/22/1306942.html
- ↑ http://www.rah.ru/the_academy_today/the_members_of_the_academie/member.php?ID=21978
- ↑ а б Лентапедия — 2007.
- ↑ http://kremlin.ru/structure/president/presidents
- ↑ http://www.rbc.ru/society/08/05/2017/590fffe39a7947866e52b760
- ↑ Путин В. В. Обращение Президента Российской Федерации, 24 февраля 2022 — М.: 2022.
- ↑ Глеб Лабадзенка. 150 тысяч людзей на вуліцах — і ніводнай пабітай вітрыны // Звязда : Газета. — 4 снежня 2009. — № 230 (6588). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ↑ svaboda.org
- ↑ Пуцін стаў прэм’ер-міністрам Расіі , Хартыя’97 (8 мая 2008). Праверана 8 мая 2008.
- ↑ Новы стары прэзідэнт Расіі: крамольнае відэа пра Пуціна , Весткі.info (4 сакавіка 2012). Праверана 4 сакавіка 2012.
- ↑ Уладзімір Пуцін абраны прэзідэнтам Расіі , Звязда (19 сакавіка 2018). Праверана 19 сакавіка 2018.
- ↑ Russian parliament passes bill on recognition of self-proclaimed Donbass "republics"-Xinhua . www.xinhuanet.com.
- ↑ Путин подписал указы о признании ЛНР и ДНР. . TASS.
Спасылкі
Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін у Вікіцытатніку | |
Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін у Вікікрыніцах | |
Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін на Вікісховішчы |