Уладзімір Ягоравіч Макоўскі

Уладзімір Ягоравіч Макоўскі (26 студзеня (7 лютага) 1846, Масква — 21 лютага 1920, Петраград) — рускі мастак-перасоўнік, жывапісец і графік, педагог, мастак жанравай сцэны; акадэмік (1873), правадзейны член Пецярбургскай Акадэміі Мастацтваў (1893).

Уладзімір Ягоравіч Макоўскі
руск.: Владимир Егорович Маковский
Фатаграфія
Дата нараджэння 26 студзеня (7 лютага) 1846[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 21 лютага 1920(1920-02-21)[4][5][…] (74 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Egor Makovsky[d][6]
Род дзейнасці мастак
Месца працы
Жанр бытавы жанр
Вучоба
Мастацкі кірунак сацыялістычны рэалізм
Уплыў на Міхаіл Паўлавіч Крошыцкі[d], Semen Ivkovskyi[d] і Q120966745?
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Сын дзеяча мастацтваў Ягора Макоўскага, аднаго з заснавальнікаў Маскоўскага вучылішча жывапісу, разьбярства і дойлідства, і Любові Маленгаўэр. Брат мастака Канстанціна Макоўскага.

 
Імператрыца Марыя Фёдараўна, 1912

Кватэра Макоўскіх была на набярэжнай Масква-ракі з відам на Крэмль. З дзяцінства Уладзіміра атачала атмасфера мастацтва. У доме бацькі збіраліся вядомыя людзі — Глінка, Гогаль, Шчэпкін, Брулоў, Трапінін і інш, ладзіліся літаратурныя, рысавальныя і музыкальныя вечары. У сям’і было пяцёра дзяцей — старшая дачка Аляксандра, сыны Канстанцін, Мікалай, Уладзімір і малодшая дачка Марыя. Яны сталі вядомымі мастакамі, а Марыя — спявачкай. Ад маці Уладзімір успадкаваў прыгожы голас, навучыўся граць на гітары і скрыпцы, даволі рана пачаў маляваць. Пазней успамінаў: «Я не ведаю якое мастацтва люблю больш, жывапіс ці музыку… Кожны дзень я, кідаючы пэндзаль, бяруся за смычок і іграю, адзін, для сябе…». Першыя ўрокі выяўленчага мастацтва Макоўскі браў у В. Трапініна. У 15 гадоў ён напісаў жанравую карціну «Хлопчык, які прадае квас» (1861).

У 1861—1866 гадах вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, разьбярства і дойлідства у прадаўжальніка венецыянаўскай школы Сяргея Заранка і Еўграфа Сарокіна. Вучылішча Уладзімір скончыў з сярэбраным медалём і званнем класнага мастака III ступені за твор «Літаратурнае чытанне».[7] Герояў карціны ён пісаў з бацькі і сваёй нявесты Ганны Герасімавай.

У 1869 годзе за карціну «Сялянскія хлопчыкі стерагуць коней» Макоўскі атрымаў званне класнага мастака I-й ступені і залаты медаль імя Віже-Лебрэн за экспрэсію. Званне класнага мастака I-й ступені дазваляла атрымаць асабістае дваранства і грашовую дапамогу, а таксама з’ездзіць на вучобу ў Еўропу за кошт Акадэміі мастацтваў. Палатно ён стварыў пад уражаннем ад апавядання Івана Тургенева «Бежын луг». Пасля таго як мастак прачытаў іншыя творы Тургенева, ён пачаў пісаць карціны з выявамі сялянскіх дзяцей. Пазней па матывах «Запісак паляўнічага» ён стварыў карціну «Паляўнічыя на прывале».

У 1869 году Уладзімір Макоўскі ажаніўся з Ганнай Герасімавай, у тым жа годзе ў іх нарадзіўся сын Аляксандр. У Макоўскага зноў праяўляецца цікавасць да дзіцячай тэматыкі («Сялянскія хлопчыкі», «Пастушкі», «Начлег», «Вяртанне з начлегу»). Карціна «Гульня ў бабкі» стала першай карцінай Макоўскага, набытай Паўлам Траццяковым для сваёй галерэі, што азначала прызнанне яго як мастака. У далейшым мецэнат яшчэ некалькі разоў набываў ў мастака карціны.

Таксама Уладзімір Макоўскі пісаў гумарыстычныя жанравыя сцэнкі. На такіх карцінах мастак сатырычна адлюстроўваў купцоў, мяшчан і чыноўнікаў. У 1870 годзе ён напісаў сцэнку «У прыёмнай у доктара». Пра гэту працу крытык Уладзімір Стасаў пісаў: «Уладзімір Макоўскі — адзін з тых мастакоў, якія на маіх вачах у кароткі час зрабілі самыя вялікія поспехі. … Цяперашняя яго „Прыёмная ў доктара“ … адзін з характэрных … малюнкаў сучаснай рускай школы».

 
Паштовая марка СССР. Карціна «Спатканне»

У 1872 годзе ён стаў сябрам Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. З самага пачатку быў адным з найбольш актыўных сяброў Таварыства, удзельнічаў амаль ва ўсіх выстаўках, а з 1874 года яго выбралі сябрам праўлення.

Макоўскі успамінаў: «Рэпін кажа, што трэба сем разоў памерці, перш чым напісаць карціну. Гэта, вядома, так … А я сем разоў паміраю пасля таго, як напішу карціну … Бо карціна па Расіі ездзіць, што Расія скажа, вось што галоўнае: вось дзе суд!».

У тыя гады карціны Макоўскага каштавалі нядорага. У пачатку 1870-х у яго было двое дзяцей, і, каб зарабіць грошы для сям’і, мастак маляваў ілюстрацыі для часопісаў, распісваў плафоны і вазы. Па замове дваран ён ствараў іканастасы для дамашніх цэркваў.

Макоўскі амаль перастаў пісаць карціны з гумарыстычнымі сцэнкамі. У яго працах з’явілася сацыяльная тэма. Ён пісаў партрэты жабракоў і беднякоў, карціны «Наведванне бедных», «Чаканне. У астрога» і «Таўкучку». Героямі карцін Макоўскага часта былі выпадковыя мінакі. Жывапісец гуляў па вуліцах Масквы і рабіў накіды з тых людзей, якія здаваліся яму цікавымі.

У 1873 годзе за карціну «Аматары салаўёў» Макоўскі быў узведзены Акадэміяй мастацтваў у акадэмікі. Карціна была на Сусветнай выстаўцы ў Вене, дзе прыцягнула усеагульную увагу. Фёдор Дастаеўскі пісаў пра яе: «… калі нам ёсць чым-небудзь ганарыцца, што-небудзь паказаць, то вядома, з нашага жанру… у гэтых маленькіх карцінках, па-майму, ёсць нават любоў да чалавецтва не толькі да рускага ў асобнасці, але нават і наогул».

У гэты ж час ён напісаў 21 жанравую карціну для альбома «Эпізоды Севастопольскага жыцця 1854—1855 гадоў».

У канцы 1870-х у Расіі пачаліся працэсы супраць народнікаў. Макоўскі спачуваў рэвалюцыянерам і нават наведаў некалькі судоў. Па іх матывах ён стварыў серыю прац, у якую ўвайшлі карціны «Асуджаны» і «Чаканне». Іх паказвалі на выставах перасоўнікаў. У афіцыйным друку мастака назвалі «дзёрзкім і парушаючым душэўны спакой», а ў рэвалюцыйных выданнях яго палотны хвалілі. Мастак Іван Крамской пісаў: «Перад карцінай Макоўскага плачуць».

Акрамя карцін на сацыяльныя тэмы ў гэтыя гады Макоўскі ўсё яшчэ пісаў жанравыя сцэны з дзецьмі. У 1881 годзе мастак стварыў карціну «У гарачы дзень». Гэтае палатно — тыповы твор Макоўскага 1880-х гадоў у стылі рэалізму. Мастак ішоў традыцыям венецыянаўскай школы жывапісу: адлюстроўваў персанажаў за бытавымі заняткамі.

На сваіх карцінах Уладзімір Макоўскі, у адрозненне ад іншых перасоўнікаў, рабіў акцэнт не на сюжэце, а на эмоцыях герояў. Гісторык Вераніка Прыклонская пісала: «У карцінах, якія жывапісуюць драматычныя моманты, Макоўскі асноўную ўвагу засяроджвае на тыпах, якія ўдзельнічаюць у аповедзе, а не на падзеі як такой. І праз іх пачуцці і псіхалогію раскрывае ўвесь драматызм сітуацыі».

З 1882 па 1894 год Макоўскі выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, разьбярства і дойлідства. Як і іншыя перасоўнікі, у гэтыя гады ён стаў пісаць карціны на сялянскую тэму. На карціне «Спатканне» ён адлюстраваў маці і сына. Хлопчыка аддалі ў вучні да аднаго з гарадскіх рамеснікаў, а маці прыехала яго наведаць. Мастацтвазнаўца Алена Жураўлёва пісала: «Створаны Макоўскім вобраз рускай сялянкі глыбока праўдзівы і нацыянальны. … Малюючы шараговыя выпадкі … мастак прымушаў гледача задумацца над жыццём, абуджаў спагаду да долі многіх простых людзей».

У 1880-я Уладзімір Макоўскі некалькі разоў ездзіў ва Украіну, бываў у Крыме. У 1885 годзе ён прадставіў на выставе перасоўнікаў 45 карцін. Большая частка з іх — сцэнкі з жыцця мясцовых жыхароў і іх партрэты. Ва Украіну мастак ездзіў і пазней, у 1890-х і 1900-х гадах. Ён пісаў пра сваю «этнаграфічную цікавасць» да жыцця ўкраінскіх сялян.

У падарожжы Макоўскі рабіў некалькі эскізаў і накідаў за дзень. Мастак імкнуўся працаваць вельмі хутка, каб захаваць як мага больш сцэнак з жыцця. Ён пісаў: «Я зразумеў … што трэба пісаць адразу. Толькі такім парадкам і можна адлюстраваць натуру жыццёва і верна … Трэба пісаць адразу; але неабходна наперад зразумець натуру, вывучыць яе; неабходна наперад папрацаваць мазгамі, а затым ужо пісаць, не капаючыся і адшукваючы чаго-небудзь у той час, калі павінна быць усё ўжо знойдзена і ўсё вызначана».

Ва Украіне Уладзімір Макоўскі напісаў карціны «Сялянскія дзеці», «Дзяўчаты, асветленыя сонцам», «Конны кірмаш на Украіне». У гэтых працах ён выкарыстаў яркія кантрасныя колеры, герояў адлюстроўваў ў руху, часта ў народных строях. Гісторык мастацтва і драматург Пётр Гнедзіч пісаў пра яго ўкраінскія палотны: «Уладзімір Макоўскі адрозніваецца лёгкасцю пісьма пры жывой назіральнасці і прыродным гумары».

З 1880-х Макоўскі пачаў працаваць над афортамі — гравюрамі на метале. Свае першыя працы ён стварыў пад кіраўніцтвам графіка Льва Жамчужнікава. У 1887 годзе выйшаў альбом «12 афортаў У. Е. Макоўскага». Сюжэтамі яго гравюр зноў сталі сцэнкі з жыцця ўкраінскіх сялян.

У гэты час ён пісаў іконы для царквы і капліцы ў Барках. У 1892 годзе яму было нададзена званне прафесара. Да 1894 года ён жыў і працаваў у Маскве ў доме Дварцовага ведамства ля Каменнага моста каля Храма Хрыста-Збавіцеля, для роспісу якога зрабіў некалькі эскізаў.

З 1894 па 1918 год Макоўскі выкладаў у Санкт-Пецярбургу, у Імператарскай Акадэміі мастацтваў, куды быў запрошаны на пасаду кіраўніка жанравай майстэрні. Сярод вучняў Макоўскага былі Васіль Бакшэеў, Абрам Архіпаў, Сяргей Малюцін і іншыя. У 1895 годзе ён быў прызначаны рэктарам акадэміі. З 1905 года правадзейны стацкі саветнік.

У 1896 годзе Макоўскага запрасілі на каранацыю Мікалая II у Маскве. Мастак павінен быў стварыць карціну па выніках мерапрыемства. Ён стаў сведкам цісканіны на Хадынскім полі, дзе загінула больш за тысячу чалавек.

Наступныя пяць гадоў Макоўскі працаваў над карцінамі «Хадынка» і «Пасля Хадынкі. Ваганькаўскія могілкі». На палотнах жывапісец адлюстраваў ахвяр цісканіны, іх целы. У 1901 годзе «Хадынку» знялі з выставы перасоўнікаў па рашэнні цэнзуры. Ад маскоўскага генерал-губернатара Макоўскаму перадалі запіску: «Карціне яшчэ не час, яна з’яўляецца соллю, пасыпанай на свежую рану». Упершыню палатно паказалі толькі на выставе ў Лондане ў 1910 годзе.

Уладзімір Макоўскі напісаў некалькі карцін і па матывах рускай рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. Сярод іх — «Допыт рэвалюцыянеркі» і «Дзявятага студзеня 1905 года на Васільеўскім востраве». Гэтыя работы мастак захоўваў дома і паказваў толькі сваякам і сябрам. Ён баяўся, што з-за рэвалюцыйнай тэмы яго могуць звольніць з Акадэміі мастацтваў.

У гэтыя ж гады Макоўскі шмат падарожнічаў. Жывапісец зноў наведаў Украіну, Крым. Ён ездзіў і за мяжу, бываў у Францыі і Фінляндыі, дзе праходзілі яго персанальныя выставы.

Акрамя жанравых сцэн Макоўскі пісаў партрэты сваіх сваякоў, пецярбургскіх чыноўнікаў. У 1912 годзе ён стварыў партрэт ўдавы-імператрыцы Марыі Фёдараўны, маці Мікалая II. Калі мастак працаваў над карцінай, ёй ужо споўнілася 60 гадоў. Аднак члены імператарскай сям’і хацелі, каб на партрэце імператрыца была намаляваная ў маладосці. Таму Марыю Фёдараўну Макоўскі пісаў з фатаграфіі 1883 года, а не з натуры.

У 1915 годзе Уладзімір Макоўскі адзначыў 50-гадовы юбілей сваёй творчасці. У гонар гэтай даты перасоўнікі наладзілі ўрачысты вечар. Макоўскі быў адным з самых актыўных сяброў Таварыства. На кожнай выставе было 10-20 яго карцін.

У гэтыя гады заснавальнікі мастацкай суполкі «Свет мастацтва» Аляксандр Бенуа і Сяргей Дзягілеў крытыкавалі перасоўнікаў за банальныя сюжэты, залішні натуралізм, увага да дэталяў. Карціны Макоўскага Сяргей Дзягілеў назваў «тысяча першай размаляванай банальнасцю». Мастак у адказ пісаў, што сябры «Свету мастацтва» — «недарэкі і невукі».

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года Уладзіміру Макоўскаму прапанавалі ўзначаліць Акадэмію мастацтваў і правесці ў ёй рэформу. Перашкодзіла гэтаму Кастрычніцкая рэвалюцыя. Бальшавікі звольнілі жывапісца з Акадэміі мастацтваў, але прызначылі яму пенсію.

У 1918 годзе, на 46-й выставе перасоўнікаў, Макоўскі прадставіў свае карціны на рэвалюцыйныя сюжэты, у тым ліку «Бальшавікі. Вартавы пост», «Агітатарар» і «Новы час». Мастак Якаў Мінчанка успамінаў: «Разумны, практычны стары прадбачыў вяртанне да ідэйнага рэалізму ў мастацтве, да жыццёвай праўды, якую і ён шукаў сваім пранізлівым позіркам».

Уладзімір Макоўскі памёр 21 лютага 1920 года і пахаваны ў Петраградзе на Смаленскіх праваслаўных могілках.

Зноскі

  1. The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  2. а б Сомов А. И. Маковский // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1896. — Т. XVIII. — С. 428–430.
  3. а б Маковский Владимир Егорович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. Маковский Владимир Егорович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
  5. Vladimir Egorovich Makowski // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.
  6. а б в Маковский // Большая советская энциклопедия / под ред. О. Ю. Шмидт — 1 — М.: Акционерное общество «Советская энциклопедия», 1920.
  7. Сомов А. И. Маковский // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.

Літаратура правіць

  • Друженкова Г. А. Владимир Маковский / Художник-оформитель А. Ф. Серебряков. — М.: Изд-во Академии художеств СССР, 1962. — 136 с. — 42 000 экз. (обл., суперобл.)
  • Журавлёва Е. В. Владимир Маковский. — М.: Искусство, 1971. — 160 с. — 25 000 экз. (в пер., суперобл.)
  • Азаркович В., Гусарова А., Плотникова Евг. ГТГ: Рисунок. Акварель. М., 1966.
  • Кондаков С. Н. Юбилейный справочник Императорской Академии художеств. 1764—1914. — Спб.: Товарищество Р.Голике и А.Вильборг, 1915. — Т. 2. — С. 120. — 454 с.