Уласнасць
Уласнасць — гістарычна абумоўленая форма прысваення матэрыяльных даброт, у якой выяўляюцца адносіны паміж людзьмі ў працэсе грамадскай вытворчасці. Галоўны аб’ект прысваення — сродкі вытворчасці, таму што валоданне імі вызначае становішча ў грамадстве пэўных класаў, сацыяльных груп насельніцтва.
Спрадвеку ў большасці краін свету панавала прыватная ўласнасць: прамысловыя прадпрыемствы належаць пераважна прадпрымальнікам, зямля — памешчыкам, сялянам, фермерам. Паралельна можа існаваць дзяржаўная, акцыянерная, кааператыўная і грамадская ўласнасць.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі прыватная ўласнасць была ліквідавана. У выніку нацыяналізацыі зямля, усе прадпрыемствы, банкі і іншае перайшлі ва ўласнасць дзяржавы і атрымалі назву «сацыялістычная ўласнасць», якая мела формы дзяржаўнай і калгасна-кааператыўнай.
Пасля атрымання незалежнасці і фармавання рыначнай эканомікі Беларусі заканадаўствам вызначана правамернасць існавання дзяржаўнай, калектыўнай і прыватнай уласнасці; дапускаецца існаванне ўласнасці іншых дзяржаў, іх юрыдычных асоб, уласнасці міжнародных арганізацый, сумесных прадпрыемстваў. Канстытуцыя Беларусі гарантуе абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх формаў уласнасці. Уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі. Недатыкальнасць уласнасці, права яе атрымання ў спадчыну ахоўваецца законам. Прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовай і поўнай кампенсацыяй кошту адчужанай маёмасці, а таксама паводле прыгавору суда.
Ажыццяўленне права ўласнасці не павінна наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю, гісторыка-культурным каштоўнасцям, уціскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб. Закон можа вызначыць аб’екты, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы.
Літаратура
правіць- Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7
- Бугера В. Е. Собственность и управление: философско-экономические очерки. Архівавана 4 сакавіка 2016. Москва: Наука, 2003. ISBN 5-02-032777-8.