Улуру (англ.: Uluru), таксама вядомая як Аерс-Рок — масіўная скала-астанец у цэнтральнай Аўстраліі, самы вялікі ў свеце маналіт чырвонага пясчаніку. Размешчана за 335 км на паўднёвы захад ад бліжэйшага горада Аліс-Спрынгс на поўдні Паўночнай тэрыторыі. Святая гара для тубыльцаў, юрыдычна з’яўляецца ўласнасцю мясцовага племя анангу. У скале і ў яе наваколлі багата пячор, упадзін, крыніц, а таксама малюнкаў абарыгенаў. Улуру занесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і разам з яшчэ адным знакамітым астанцам Олга (або Ката Цьюта) уваходзіць у склад нацыянальнага парка Улуру-Ката Цьюта

Улуру
англ. Uluru
Найвышэйшы пункт
Абсалютная вышыня863 м
Адносная вышыня340 м
Першае ўзыходжанне1873 
Размяшчэнне
25°20′42″ пд. ш. 131°02′10″ у. д.HGЯO
Краіна
РэгіёнПаўночная тэрыторыя
Улуру (Аўстралія)
Улуру
Улуру
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя і назва правіць

На мове абарыгенаў племені анангу Улуру азначае «месца, дзе знаходзіцца цень». Археалагічныя знаходкі сведчаць, што абарыгены насяляюць ваколіцы Улуру ўжо 10 тыс. гадоў. Племя анангу, якое пражывае ў гэтых мясцінах, з’яўляецца адной з самых старажытных этнічных суполак на планеце. Сцены пячор знутры гары ўпрыгожаны наскальнымі малюнкамі іх продкаў.

Першымі еўрапейцамі, хто нанес на карту і апісаў скалу, сталі Эрнест Джайлс і Уільям Гос, адбылося гэта ў 1873 падчас пракладкі трансаўстралійскай тэлеграфнай лініі. Гос назваў пясчанік Айерс-Рокам у гонар галоўнага сакратара Паўднёвай Аўстраліі Генры Айерса. Аднак з цягам часу звярнуліся да спрадвечнай назвы Улуру.

Геалогія і марфалогія правіць

 
Улуру з верталёта

Улуру складаецца з шэрага грубязярністага аркозавага пясчаніку, які ўтворыўся шляхам разбурэння гранітаў. Чырвоны колер скале надае аксід жалеза. Улуру з’яўляецца найбольш вядомым ў свеце інсельбергам (гарой, што стаіць асобна і рэзка ўзвышаецца над наваколлем; літаральна, востравам-гарой). Паводле паходжання гэта астанец — трывалы чырвоны пясчанік застаўся пасля таго, як навакольныя крохкія пароды былі эрадаваны. Геолагі мяркуюць, што ўзрост гэтага геалагічнага помніка складае не менш за 600 млн гадоў, а яшчэ сцвярджаюць, што Улуру не такі ўжо і маналіт. Аднак, паколькі слаістасць пясчаніка адзначаецца адсутнасцю шчылін і разрываў, то скала атрымалася вельмі трывалай, для яе не характэрны ані восыпы, ані фарміраванне глебы.

Вышыня скалы каля 350 м, яе радыус складае амаль 10 км. Асобыя ўласцівасці пясчаніка дазваляюць Улуру мяняць колер на працягу дня. На світанку чорны сілуэт святлее, набываючы цёмна-ліловае адценне. Сонца ўзыходзіць усё вышэй, і камень успыхвае пурпурова-чырвоным, затым становіцца ружовым, а да паўдня — залатым. Увесь дзень працягваецца фантасмагарычная гульня колераў. У прыцемках Улуру выглядае цёмным сілуэтам на тле пустыні.

Турызм правіць

 
На вяршыні. За тыповай прамыінай — панарама паўпустыні
 
Турысты штурмуюць Улуру, зіма 2017

Турысцкая інфраструктура вакол Улуру пачала стварацца ў 1950-х, што адразу ж вылілася ў негатыўнае ўздзеянне чалавека на прыроду. У пачатку 1970-х было прынята рашэнне вынесці ўсе турысцкія пабудовы за межы нацыянальнага парка і праз 10 гадоў за 18 км на поўнач ад Улуру быў пабудаваны спецыяльны пасёлак Юлара з гатэлямі і аэрапортам. Сёння скалу штогод наведваюць больш за паўмільёна турыстаў.

Анангу не вітаюць узыходжанне на Улуру і экскурсавод інфармуе аб гэтым турыстаў. Да таго ж сцежка, што вядзе на вяршыню, даволі стромкая, спёка большую частку дня бязлітасная, а на вяршыні вас сустрэне негасцінны вецер. Тым не менш, кожны трэці наведвальнік лічыць неабходным ускараскацца на скалу. Дарога на вяршыню зойме ўсяго гадзіну, а ўздоўж сцежкі на самых стромкіх участках яшчэ ў 1960-х для зручнасці былі ўсталаяваныя парэнчы. Непачцівых да Улуру аматараў залезці на вяршыню абарыгены пагардліва называюць мінга — «чорнымі мурашамі». А што, акрамя пагарды, застаецца, калі яшчэ ў 1985 годзе пясчанік быў аддадзены ў арэнду дзяржаве за 75 тыс.долараў у год + 20 % з кожнага квітка ў нацыянальны парк? Аднак. 1 лістапада 2017 Савет Нацыянальнага парка адзінагалосна прагаласаваў за забарону ўзыходжання на Улуру, якая ўступіць у сілу 26 кастрычніка 2019.

Літаратура правіць

  • Тысяча чудес света. — СПб: ООО «СЗКЭО», 2007. — 336 с.