Ульрых Гозій
Ульрых Гозій, або Ульрык Гоз (ням.: Ulrich Hosius, польск.: Ulryk Hozjusz, літ.: Ulrichas Hozijus; 1455, Пфорцгайм, Карлсруэ — 1535, Вільня) — кіраўнік Віленскага манетнага двара (1508—1535), віленскі гараднічы (1524—1535). Бацька кардынала і тэолага Станіслава Гозія.
Ульрых Гозій | |
---|---|
ням.: Ulrich Hosius польск.: Ulryk Hozjusz літ.: Ulrichas Hozijus | |
Род дзейнасці | мінцмайстар |
Дата нараджэння | 1455 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1535 |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Дзеці | Станіслаў Гозій |
Біяграфія
правіцьПаходзіў з сям’і бадэнскіх мяшчан. Напэўна, у маладосці шмат падарожнічаў, наведаў некалькі хрысціянскіх і нехрысціянскіх краін. Каля 1500 года ажаніўся з ўдавой кракаўскага купца Эрхарда Слякера. У 1503 годзе прыбыў у Кракаў і стаў кракаўскім мешчанінам. У Кракаве разам з кампаньёнамі займаўся пастаўкамі срэбра на манетны двор і неўзабаве набыў два дамы.
У 1504 годзе з Кракава перасяліўся ў Вялікае княства Літоўскае[1]. Жыў у Коўна, меў урад ковенскага мытніка, затым у Вільні, дзе ўзначаліў Віленскі манетны двор і быў яго кіраўніком да смерці (у 1506—1508 і 1529—1535 гадах біццё манеты прыпынялася). Кіраваў будаўнічымі працамі караля Жыгімонта Старога — з 1513 года перабудоўваў Віленскі Ніжні замак, з 1515 года будаваў вялікія каралеўскія млыны, з іх атрымліваў траціну даходаў. Правёў у Вільні драўляныя водаправоды, якія належалі дамініканцам.
У 1521 годзе на Нямецкай вуліцы ў Вільні пабудаваў дом з рысамі готыкі і адраджэння (Vokiečių g. 24). Стаў віленскім гараднічым (1524—1535). У 1532 годзе пачаў будаваць першы мост праз Вілію на месцы цяперашняга Зялёнага моста — драўляны, крыты, з крамамі (не захаваўся). Выдаткаваў на будаўніцтва моста ўласныя сродкаў, якія мусілі вярнуцца праз атрыманне платы за пераправу па мосце. Каб грошы вярнуліся хутчэй, паміж Быстрыца і Кернавам было забаронена будаваць іншыя масты, а паміж Вяркамі і Панарамі — карыстацца плытамі.
За права збораў з моста, паводле прывілея Жыгімонта Старога Гозій павінен быў пабудаваць прытулак і плябанію пры дамініканскім кляштары, што і зрабіў. Пабудову прытулку або шпіталя на Дамініканскай вуліцы (Dominikonų g. 14) скончыў ужо сын Ян, які спадкаваў і ўрад віленскага гараднічага.
У 1516 годзе за заслугі атрымаў маёнтак Безданы, але жыў у асноўным у Маркуцці, дзе і памёр.
Сям’я
правіцьЗ першага шлюбу, адзін сын — Станіслаў Гозій стаў кардыналам і значным дзеячам каталіцкай царквы, другі — Ян быў віленскім гараднічым у сярэдзіне XVI ст., потым старостам вармійскага біскупа ў Смаляйнах, трэці — Ульрых Гозій, прыняў лютэранства, некаторыя даследчыкі атаясняюць яго з Ульрыхам Меркуцэцыям (Ulrich Mercucecius — Ульрыхам Маркуцкім, то бок з Маркуцця), супрацоўнікам Марцінаса Мажвідаса, чый літоўскі пераклад нямецкай песні змешчаны ў песенніку Мажвідаса. Ян і Ульрых Гозіі набілітаваны каралём Жыгімонтам Аўгустам у 1561 годзе.
З другога шлюбу быў яшчэ адзін сын — Ульрых Гозій, ковенскі мытнік, і дзве дачкі.
Зноскі
Літаратура
правіць- Urban, Wacław. Hozjusz Ulryk // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław — Warsazawa--Kraków: Zakład Narodowy imenia Ossolińskich, 1962. — Т. X/1. — С. 47 (польск.)
- Visuotinė lietuvių enciklopedija. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2005. — Т. VII: Gorkai—Imermanas. — С. 662. — 799 с. — ISBN 5-420-01561-7 (літ.)
- Venclova, Tomas. Vilniaus vardai. — Vilnius: R. Paknio leidykla, 2006. — С. 39. — 536 с. — ISBN 9986-830-96-6 (літ.)
- Gumowski M. Ulryk Hozjusz, ojciec kardynała, horodniczy wileński // Przegląd powszechny. — T. 171. — 1926.
Спасылкі
правіць- Jurgita Biliukevičiūtė. Ulrich Hosius (літ.). Visuotinė lietuvių enciklopedija. Mokslo ir enciklopedijų leidybos centras (6 студзеня 2005). Праверана 31 жніўня 2020.